Выбрать главу
Распрастаў, бы коўдру, неба месяца ражок. А што ўсё не так, як трэба, – я прывык ужо. Вось і выбраўся з балота, у якое ўлез! Спляжыў прыкрасць і маркоту раўнадушша прэс.
ВОЗ
Хлапчынкай шпарка па сцяжынцы крочыў. А з боку – лес, з другога – рэчкі плынь. Свяцілі дні, страшылі цемрай ночы. То цень дажджу, то небакраю сінь…
Ды раптам стала сцежачка дарогай – прасторы многа, свету і цяпла! …Я не пачуў перасцярогі строгай – прагледзеў, што ўгару яна пайшла.
…Караскаўся, збіваючы калені, гульню жыцця ўспрымаючы ўсур’ёз! І па дарозе назбіраў камення – імкненняў, клопатаў і звычак – воз.
Калі ж з гары прыспеў мой час спускацца, лягчэй не стала – цісне ззаду ён! Не адпусціць яго, не адарвацца – раздавіць, імкнучыся пад адхон!
…Ды прыйдзе час мне развітацца з возам. Пад перапевы памяці званоў знямоглым целам прасвятлелы розум па зімняй сцежцы панясу я зноў…
ПАЭТ І СНЯЖЫНКА
Паміж зямлёй і небам снег кружыўся, і вечнай каляінай час ішоў… Ляцела ўніз пушыстая сняжынка з мільёнамі сябровак і сяброў.
Збіралася ў хлюпоце на газоне ў траве між недакуркаў паміраць. Ды заляцела ў цёплыя далонi – і ў іх не захацела раставаць.
Паэт, захоплены красой і чысцінёю, Сняжынцы шчыра промні цалаваў, і зоркай называў яе сваёю, і разгарацца ёй дапамагаў.
Калі ж імпэт яго пачаў драбніцца – спякотна стала з Зоркаю зусiм. Ён упрыгожыў Зоркаю званіцу, каб шчасце і надзею слала ўсім.
…І з ночы ў ноч, і з году ў год, Паэту мільгаючы з нябёснай прасціны, халоднай зоркаю зімой і летам плыве яго Сняжынка ў вышыні…
ПЕСНЯ АНЁЛА
Ліха сатырам з кустоў забляяла. Выгук савы раскалоў цішыню. Змрок абступіў. Неяк холадна стала. І цыгарэта мігнула агню.
Ды ненадоўга святла іх хапіла! Свечкай, як німбам, свой твар асвячу, і развяду свае белыя крылы, і за аблокі ад вас палячу!
…Гне гарызонт залатою дугою сонечны дыск, што ўсміхнуўся мне зноў. Мяккім цяплом мае крылы лагодзіць шчасце без межаў, любоў без краёў… Я ажыву і душой уваскрэсну.
І без тугі, і без жалю аб Ёй буду спяваць сваю светлую песню з чыстых нябёсаў над грэшнай Зямлёй! Лёсам нязвыклым сябе супакою.
Не завіруюся ў марнай журбе… Ты не мая – і не будзеш маёю! …Толькi вось як мне пражыць без цябе?…
ТОЙ ГОД
Гадзіны пад няўмольным метраномам знікалі, як зярняты ў баразне… А я з табой спаткаўся днём вясновым, калі наўзрыд ад сонца плакаў снег.
Ляцелі дні ў надзеі непрыкметна і абляталі, быццам квецень з лоз… А я з табой кахаўся ноччу летняй, калі зляцела зорачка з нябёс.
Затым былі спатканні і сустрэчы, і хвосткі дождж цвярэзіў галаву… А я згубіў цябе ў асенні вечар, калі каштаны падалі ў траву.