Выбрать главу
І засыпае ранак снежным хлудам марозная бясконцая зіма. А снег скрыпіць бязлітасным прысудам пра тое, што ў мяне цябе няма…
НЕ СТОЙ ПАД МАІМІ ВОКНАМІ
Дробны дождж сцякае валокнамі – і ў мяне на душы шэры дождж. Ты не стой пад маімі вокнамі і дарэмна мяне не трывож!
Я сказаў жа табе, што збудзецца. Толькі што з маёй шчырасці той! Ды не стой ты на мокрай вуліцы: згубіш розум – не толькі спакой!
Ліхтароў святло ззяе іскрамі – рассякае дажджу палатно. Адыдзі, бо машына апырскае! На дарогу глядзі – не ў вакно!
Я схаваўся за шыбамі мокрымі… І сягоння мяне не чакай! І не стой пад маімі вокнамі: ты прамерзнеш, – прашу, уцякай…
ГАЛАЛЁД
Жыццё – як у полі барозны: то лёс, то абставін збег. …Уночы было марозна, а зранку цярушыць снег.
За думкаю думка імчыцца, узворвае памяць пласты… Злачынцай на месца злачынства прытэпаў я ў скверык пусты.
Ды хто ўжо цяпер разбярэцца, хто скажа, чые там грахі! Хто вогнішчу даў разгарэцца: запалка ці порах сухі?
Мужчынскае сэрца слабое: цягнуўся да ласкі цялём. І блытаў другіх з табою, як блытаюць вецце з галлём.
А ты ўсё шукала свой бераг, як, лёд узарваўшы, рака. …Змяняла стос вершаў-паперак на палатно мастака.
Пара ўжо закончыцца трызне і зноўку мне стаць на крыло. Ды так час ад часу зацісне: здаецца, што ўчора было!
Паплакаўся трохі – і годзе. Хай ліха цябе абміне! …Буксуюць па галалёдзе стаптаныя боты мае…
ТЫ ТАКАЯ Ж
То бязвольнаю трэскай плывеш, то свабоднаю птушкай лятаеш, то здаволішся тым, як жывеш, то чагосьці чакаеш.
То заныеш бяссільна ў рукаў і бязглузда на лёс наракаеш. …Я нядаўна цябе напаткаў. Ну, а ты ўсё такая ж.
Падзяліўся, бы ў некага скраў, кампліментам тужліва-нахабным: ты такая ж, якой цябе знаў, нават стала прывабней.
Дзе і як, хто куды і адкуль – ну нашто нам пра тое размова? Я табе спавядаўся, пакуль не запнуўся аб слова.
А як толькі мой голас заціх, знесла гонар мой думкай цвярозай: пасмяялася з вершаў маіх і пакпіла над прозай.
А як толькі ліхтар заблішчэў, “Час ісці па дамах”, – намякаеш. Я, здаецца, кахаю яшчэ – ну, а ты ўсё такая ж…
НЕКАХАНАЙ
Я з сябе не выходжу, сам сабе не ўздыхаю і пагляд не адводжу, бо цябе не кахаю.
Я не добры, не злосны, не бяздарны, не ўмелы. І таму верш мой просты, што сюжэт зразумелы.
І бывае – смяюся, а часцей – пазяхаю… Я цябе не баюся, бо цябе не кахаю.
ВЕЦЕР
Не з дуброў, не з палёў ветру дзёрзкі напеў. Нехта смецце падмёў ды прыбраць не паспеў.