Выбрать главу

Кляўс служыў у СА (не штурмавыя батальёны, а Савецкая Армія — так скарачалася на пагонах). І вось Кляўс толькі трапіў у тое войска, ідзе такі сабе навабранец: нягеглы, форма старая, памер завялікі, усё боўтаецца, выпраўкі аніякае… І раптам бачыць двух дзядоў. Чуе — а яны па-латыску гавораць! Пра што — не разабраць, але чуваць, што землякі. Дзяды ўсе ладныя: форма, выпраўка — салідныя ідуць. Кляўс набліжаецца і думае прыблізна наступнае: “А ўсёткі якія мы — латышы — клясныя, ня тое што іншыя. Так, мы крутыя, выглядаем лепш за ўсіх, і ўсё ў нас лепш за рускіх ды ўсялякіх іншых. Таак, мы — латышы!”

Ажно дзяды побач. Яны мяркуюць, што наўкола ніхто па-латыску не разумее, і голасна выказваюцца на адрас Кляўса: “Глядзі, глядзі, фу, чмо якое шкандыбае…”

Беларускiя журналiсты і маскалі ў Вiльнi

Хрэстаматыйная ўжо рэч: калi доўгi час не вылазiш з РБ, а пасьля вырываесься адразу ў Вiльню — “адпачываеш” напоўнiцу. Прынамсi, гэта датычыць нячэсных беларусаў. Гэтак сталася з удзельнiкамi журналісцкай паездкі, якiя ўвечары пайшлi на лiтоўскае пiва са сьвiнымi нагамi, а пасьля вырашылi ехаць за горад купацца. Выклiкалi таксоўку-мiкрааўтобус. Адзiн з журналюгаў пачаў адкрываць дзьверцы, якiя заела. Кiроўца выйшаў дапамагчы, а журналiстка Алена Лукашэвіч сказала: “Вы ж ня думайце, мы ж не маскалi якiя-небудзь”. І ўсе разам наваліліся на дзьверы. У гэты момант дзьверы ня проста адкрылiся, а зьляцелi з шарнiраў — зламалiся. Кiроўца прамовiў чистым русским языком: “Даа… Вижу, что не москали”.

Віленскія сустрэчы Івонкі Сурвілы

Старшыня Рады БНР упершыню ў дарослым узросьце трапіла ў Крывіцкую Мэку. Яна мела адно дзіцячыя ўспаміны пра Паўночны Ерусалім. І вось у 2001 годзе ступіла на сьвятую для кожнага сьвядомага беларуса зямлю.

Вядома, шмат што зьмянілася ў нашым Вечным Горадзе. Паменела габрэяў, паболела літоўцаў, палякі пачалі ўжываць усё болей расейскіх словаў… Вядома ж, зьмянілася і музыка, што неслася з FM-прымачоў у кавярнях, таксі ды з магнітафонаў звычайных віленскіх падлеткаў, што цёплымі дзянькамі бавілі час на лавах у цэнтры Вільні.

У Вільню прыехала ня толькі выбітная асоба беларускага руху на эміграцыі, але й паўночная амэрыканка. Гэта важна падкрэсьліць. Важна нагадаць пра паўночна-амэрыканскую паліткарэктнасьць, дзе няма даўгіх і малых людзей (пагатоў цыбатых і курдупеляў), а ёсьць “людзі зь нестандартным ростам” ці штосьці да таго падобнае. Дзе для азначэньня розных расаў папрыдумалі ўсялякія складаныя эпітэты і г. д. Але ў Вільні найперш была, вядома ж, беларуска.

Сяргей Харэўскі апісаў абаяльную разумную і прыветлівую сталую жанчыну, зь якой яны абышлі віленскія беларускія мясьціны, ізноў убачыць якія так доўга марыла спадарыня Сурвіла! Вянцом паходу быў візыт да галоўнай беларускай сьвятыні — Вострай брамы. Сяргей Харэўскі распавёў, як яны ўкленчылі перад абразам Маці Боскай Вастрабрамскай, які прасьветлены твар быў у ягонай шаноўнай спадарожніцы, якая элегія і цішыня была наўкола тым ясным днём…

Тым часам з боку чыгуначнага вакзалу да Вострай брамы набліжалася група падлеткаў, якія мелі пры сабе магнітафон і настроеныя былі відавочна на піва.

Расказваючы, Сярога махаў рукамі: “Ты б бачыў вочы Івонкі Сурвілы, калі яна пачула, як з аркі Вострай брамы зароў хор, самозабвенно, з асалодаю, міма нот і нястройна: “Аяяяяяй, убили негра, убили негра, убили!..”

Свадзьбы ў Менску

2006ты. Палю побач з уваходам у мэтро “Пляц Перамогі”, назіраю, як каля вечнага агню тусуюцца салдаты. З усяго было бачна, што трэніруецца рота ганаровай варты. А тут раптам свадзьба. Фоткацца ідуць. Нявеста ўся ў белым, нават паліто не накінула на марозе. Зусім нечакана для мяне ўрачыстую кумпанію павярнулі, нават хвілінкі не далі на адну фотку. Я задумаўся, што ж гэта за трэніроўка такая, што свадзьбу пакрыўдзілі? Бо ж зіма, да 9 траўня яшчэ далёка… Значыць, будуць якога туза брацкага прымаць. А якога? Ня знаю. “Людзей, якія не чытаюць газэтаў, трэба забіваць. Маральна”.

Такая ж фраза згадалася мне ўвосень 1997 году, калі ладзіўся Першы Хурал (нацыянальны сход). Падыходы да Палацу спорту былі перакрытыя ўжо на Нямізе. Людзей, што прыйшлі пратэставаць супраць Хуралу, часткова “лякалізавалі” ў Траецкім. Спачатку ўсіх пускалі, пасьля не ўпускалі, але выпускалі. Пасьля і ня тое, і не другое. Карціна атрымалася выдатная: дворыкі Траецкага запоўненыя мянтамі ў шлемах і з адгазьнікамі на рамянях. У кутах складаваныя шчыты. А кавярні запоўненыя публікай, якая сьпявае “нацыяналістычныя” песьні. Пасярод усёй гэтай красаты з ЗАГСу, які там жа ў Траецкім, выходзіць свадзьба. На тварах — поўная разгубленасьць, і нават страх. Знаеце, прымхі ўсялякія, кшталту, як пажэнісься, так і далей… і ўсё такое.