Свадзьбу выпусьцілі, а астатніх не хацелі. Першы раз бачыў, як старшы лейтэнант пасылаў падпалкоўніка. Падпалкоўнік: “Якога х@я ты не выпускаеш людзей?!” “Дык, бляць, палкоўнік загадаў!” — “Які на… палкоўнік загадаў? Здымай ачапленьне!” “Ды ідзіце вы на…!” — “Я на… ідзі на…?!” Карацей, ня ведаю як свадзьбе, а нам весела было.
У тым жа 1997м, толькі на Дзень Волі, іншая свадзьба ўзлагала цьвяты на пляцы Перамогі. Мы рагаталі. Ну, мяркуйце. Выходзіце вы з машынаў, ідзеце да вечнага агню, тока цьвяты палажыць, а вакол тысячы людзей рушаць, скандуюць “Жыве Беларусь!”, “Луку на муку!” і т. п. Вось тая свадзьба зрэагавала адэкватна. Проста ля вечнага агню яны пачалі падскокваць, радасна махаць рукамі і крычаць “Жыве Беларусь!”.
Калі вы разьняволеныя і нават па-свойму прасунутыя людзі, навошта ў дзень вашага вясельля перціся да помнікаў? Цікава было б паслухаць меркаваньні спэцыялістаў. Можа, гэта перажытак (вяртаньне) паганства? Можа, такая сабе замена забароненага храму Божага? Ведаю “нацыянальнасьвядомую” пару, якая ўскладала кветкі. Толькі не на Востраве сьлёз (у гэтым сумным месцы, па БТ ігрыва казалі, ёсьць такі выступ, за які маладыя мусяць патрымацца, каб прыплод быў), не да абэліска на Машэрава і не на пляцы Перамогі, а да помнікаў Купалу і Багдановічу. Бедныя геніі…
P. S. У дзень атрыманьня пасьведчаньня пра шлюб мы з жонкай Вольгай вырашылі ня грэбаваць народнымі традыцыямі: усклалі букет пятрушкі да помніка бабе зь семкамі ля ўваходу ў Камароўку. Наша з Вольгай гісторыя пачалася на канцэрце “Я нарадзіўся тут” у 2003-м.
“А які ў БНР быў гімн?” — запытаўся калега. А хто ведае? А не было, бо не пасьпелі прыняць-прыдумаць. А які гімн будзе ў адроджанай-дэмакратычнай-эўрапейскай Рэспубліцы Беларусь? Я б ухваліў “Маю краіну” “Новага Неба”. Але ж, пэўна, рытміка не гімновая.
У дыскусіі фігуравалі чатыры варыянты: “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Пагоня”, “Разьвітаньне з Радзімай” і “Магутны Божа”. Пэрсанальна мне больш дарэчнай падаецца “Пагоня” — баявітая й выкшталцоная адначасова. “Разьвітаньне…” файнае, але ж разьвітаньне ёсьць разьвітаньнем. “Магутны Божа” — малітва альбо рэлігійны гімн. А “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”…
На тым канцэрце “Я нарадзіўся тут” “Мы выйдзем…” шла перад іншымі гімнамі. Ад пачатку канцэрту панавала ўрачыстая, але опэрная атмасфэра. Публіка, што цалкам забіла КЗ “Менск”, сядзела. Плёскала, але сядзела на месцах. Амонаўцаў было ня шмат (у “КаЗе” прынята пэрыядычна асаджваць публіку, якая ўскоквае зь месцаў).
Ня ведаю як каго, а мяне перасмыкнула, калі я ўпершыню пачуў вэрсію “Мы выйдзем…” у выкананьні Веранікі Кругловай. “Бедныя змагары-эмігранты”, — падумаў я. Гэта ж так пазьдзекавацца з ідэалу! Прасьпяваць гімн па джаз-блюзу. Але на дзіва, на канцэрце зайшло нармальна нават бязь піва.
Я, дарэчы, маю правіла: нават па адной пляшцы піва не пайду ў касьцёл слухаць арган, і наадварот — хаця б без адной пляшкі піва не пайду на рок-канцэрт. А ў той вечар пайшоў бязь піва ў арганізьме, бо так трэба было. І вось сяджу, слухаю, нуджуся з публікі трохі. Ну, сапраўды, тут такі драйв, а яны сядзяць, як на пленуме палітбюро ЦК! Думаю, можа, бязь піва ня коціць папросту? Ну, дзясятак амонаўцаў у залі, дык іх жа зьнесьці зь дзьвярыма разам можна пры жаданьні.
Адсьпявалі “Мы выйдзем…”, адсьпявалі яшчэ штосьці, аж заля пачала ўздымацца. Што? Чаго? Абвесьцілі “Пагоню”. Ня ўсе адразу, але ўзьняліся, азіраючыся адзін на аднаго. Толькі прыселі — “Разьвітаньне з Радзімай”. Тут узьняліся хутчэй. Хтосьці хістаўся ў такт музыцы, прыскокваў, хтосьці стаяў, склаўшы рукі, з сур’ёзным тварам. Ну, а на “Магутным Божы” ўзьняліся ўмомант. І не сядалі да канца выступу. Адчуваньне, нібыта ў бажніцы й на стадыёне адначасова. Вось і рэйтынгавая табліца гімнаў у адной асобна ўзятай канцэртовай залі.
Ад часу ўтварэньня БНР мала зьмянілася што да агульнай для беларусаў песьні, якую б маглі сьпяваць усе разам. Прынамсі, вулічныя дэманстранты як ня мелі яе агульнай, гэтак і ня маюць. А ёсьць яшчэ беларусы — ня вулічныя дэманстранты, мільёнаў гэтак дзевяць з гакам. Калега паслухаў мае разважаньні ды кажа: “Я б “Бедну басоту” ў выкананьні сымфанічнага аркестру зрабіў бы гімнам — ведаюць усе”.