Творцы і прадстаўнікі ўлады. Калі раптам на даляглядзе зьяўляліся людзі ў міліцэйскай форме зь відавочным намерам затрымаць-праверыць, Кася Камоцкая заўжды ўпэўнівала: “Не хвалюйцеся — вы са мною… ”
Гэтая гісторыя робіць на многіх замежнікаў большае ўражаньне, чым расповеды пра разгоны дэманстрацыяў: “Як?! Затрымалі за чытаньне газэты?”
Ліпень 1998 году. Росквіт тусоўкі на століках перад “Цэнтральным”. АБСАЛЮТНА выпадкова сустрэліся журналюгаў дзесяць-дванаццаць. І зусім незалежныя, і з БТ, і паўзалежныя, карацей — тусьня. Міма ідзе хлопец Міколка. Сам ростам невялікі, а пляцак за плячыма аграмадны. Ідзе, песеньку сьвістае, усунуў кожнаму ў рукі па газэтцы і далей пашкандабарыў. Журналюгі чытаюць сьвежы (адзін зь першых) нумар “Навінак”, рагочуць… Хто памятае, “Навінкі” давалі ў косьці і апазыцыі, і ўладам: нонканфармісцка-сатырычнае выданьне, якое нават былі зарэгістравалі і прадавалі ў дзяржшапіках, а пасьля-ткі вымусілі закрыцца.
Дык вось, чытаем “Навінкі”, раптам вусатая пыса чырвонага колеру з лычкамі на пагонах зазiрнула праз плячо аднаго з журналiстаў i вырашыла, што ў таго ў руках запрашчонная лiтаратура. У чалавекаў сямi-васьмi забралi дакумэнты. Убачыўшы спэктар чэсных і нячэсных прэскартаў, сяржант разгубiўся толькi на iмгненьне i прапанаваў прайсьцiся ў апарняк на Iнтэрнацыянальнай. Кася заявіла, што ня пойдзе, і патрульныя выклікалі “казла”.
Увесь час “высьвятленьня сытуацыі” Кася Камоцкая выходзiла папалiць. Чакаць давялося больш за гадзiну: то байструк-бэпээсэмавец (азначэньне міліцыянта), якi на добровольных началах дзяжурыць у “Цэнтральным”, прыцягне малога злодзея, то яшчэ якая трасца здарыцца… Калi Кася пайшла палiць сёмы раз, аслупянелы міліцыянт, якi стаяў на выхадзе з пакою для затрыманых, схапiў Касю рукою (бо ж нельга затрыманым хадзіць туды-сюды!). Гэта была ягоная памылка. Кася пачала гнеўны сьпіч.
Ужо празь пятнаццаць хвілінаў дзяжурны пастарунку, старшы лейтэнант, лямантаваў: “У мяне тэмпэратура трыццаць дзевяць, у мяне малы заробак, у мяне цэлая купа справаў малалетнiх злачынцаў, у мяне не бывае адпачынку, а вы прывязалiся са сваiмi глупствамi!” “МЫ прывязалiся?..” Лейтэнант папрасiў прабачэньня. Але ад яго “адвязаліся” толькi пасьля таго, як ён у роспачы ледзь не пракрычаў: “Ну, харашо, харашо — у мяне працуюць бязмозглыя сяржанты!”
P. S. А “бязмозглыя сяржанты” тым часам пакралi ў затрыманых асобнiкi “Навiнак” і радасна цытавалі адзін аднаму газэту.
Кася заўжды падкрэсьлiвае, што ня любiць выконваць песьню “Прэзыдэнт, iдзi дамоў!”, бо “колькi ж можна”… У 1999 годзе напярэдаднi 25 сакавiка Касю Камоцкую запрасiлi ў Наваградак пасьпяваць у вузкiм коле мясцовых “нацыяналiстаў”. Гэта была прыватная вечарына, замаскаваная пад сьвяткаваньне Дня народзінаў наваградзкай грамадзкай актывісткі Тацяны Царук.
Два дзясяткi чалавек зь дзецьмi ўсiх узростаў сабралiся ў невялiкай зальцы кавярнi, што ў гатэлi “Наваградак”. Глыбей залi месьцiлася стойка бару, перад якой прытулiліся пару столiкаў, занятых выпадковымi наведнiкамi. Два зь iх, апранутыя ў камуфляж, шчыравалi па беленькай, тры — пацiху выпiвалi i ўважлiва слухалi Касю. Удзельнiкi вечарыны далiкатна плёскалi ў далонi пасьля кожнай песьнi, але ў атмасфэры адчувалася напруга. Тады Кася перапынiла адну зь лiрычных песьняў i грымнула “Прэзыдэнт, iдзi дамоў!”. Па заканчэньнi ў залi завiсла татальная цiшыня. Тады я дэманстратыўна запляскаў у далоні. Сьледам пачуліся адзінокія аплядысмэнты, якiя толькi па досыць доўгай паўзе былi падхопленыя цi ня ўсёй заляй. Яшчэ праз колькi часу тройка маўклiвых спадароў, якiя сядзелi за Касiнай сьпiнай ля стойкi бару, пакiнула кавярню. Прычым усе ўтрох падзякавалi за выступ, а адзiн пацалаваў Касi руку. “Гэта былi кiраўнiкi наваградзкага крымiнальнага вышуку!” — прашаптала мне суседка.
Атмасфэра сталася вольнай і непрымусовай :-).
Тым часам камуфляжнiкi, як высьветлілася, расейскiя дальнабойшчыкi, дапiлi чарговую пляшку. І наехалі на бармэна, маўляў, што гэта ён дазваляе ў сваёй установе: “Ладна, дарослых, але ж дзяцей невiнаватых навошта растляць махровым нацыяналiзмам?!”
Бармэн на сэкунду зірнуў на адвязных візытэраў. І, не спыняючы выцiраць келіхі, прамовiў: “У нас у горадзе ёсьць яшчэ пяць точак — валiце, шукайце любую зь iх”.
P. S. Гадзінай пазьней адзін з расейцаў, на той момант п’яны ўшчэнт, знайшоўшы ў сабе ўкраінскія карані, стаў перад Касяй на калені і папрасіў прабачэньня.