Аднойчы ў 1998 годзе Кася Камоцкая прыйшла з прыватнымі справамі на БТ, што на вулiцы Макаёнка. Пачала тлумачыць дзяжурнаму мiлiцыянту, што яе чакаюць, але той спытаўся толькi: “Кася, вы вернецеся да 23й?” “Канечне”, — упэўнена адказала Кася, зьбянтэжаная тым, што незнаёмец, да таго ж мент, называе яе імя.
Ясна, Кася пратэрмінавала дазволены час, але мiлiцыянт не абурыўся, а толькі працягнуў паперчыну: “Я напiсаў для вас тэкст, паглядзiце, калi ласка…” Праз паўгадзiны каля начной крамы “Дваццатка” Кася распавядала знаёмцам-тэлевiзiйшчыкам: “…Уяўляеце — мент!!! Мент верш падарыў!” Раптам пачуўся знаёмы голас: “Кася, я ж не заўжды мянтом быў…”
На пачатку зiмы 1999 году Кася Камоцкая i Ангус, салiст гурту “Тornado”, стаялi ў чарзе па пiва ў начной краме “Дваццатка”. Быў позьнi вечар, таму народу ў краме было шмат. Касiна беларуская гаворка ўзрушыла аднаго з наведнiкаў: што гэта тут за нацыяналiсты беларускамоўныя ў чарзе стаяць! За сьпiнамi ў Касi i Ангуса былi тры маладзёны гадоў па дваццаць, “з мордамi, як у бэпээсэмаўцаў”. Кася гучна выказала здагадку, што хамаватыя тыпкi належаць менавiта да БПСМу. Чарга падтрымала Касiн сарказм. Пакрыўджаны, самы задзiрысты дастаў з кiшэнi корку. Крутыя пацаны сапраўды былi з вышэйпамянёнай арганiзацыi. Ангус паведамiў, што зьбiраецца iх зьбiць, а таму запрасiў выйсьцi адзiн на адзiн у арку, што побач з крамай. Мiлiцыянты, якiя ахоўвалi “Дваццатку”, дэманстратыўна адвярнуліся, паглыбiлiся ў нейкую звышважную размову. У арцы Ангус выбiў бэпээсэмаўцу два пярэднія зубы. Тады астатнiя кiнулiся па мiлiцыю. Кася i Ангус засталiся “на месцы злачынства”. Досыць хутка пад’ехаў “казёл” з амонаўцамi. “Ахвяры нацыяналiстаў” кiнулiся да мiлiцыянтаў тыцкаць коркi ў твар… Амонаўцы моўчкi, не выходзячы з машыны, выслухалi зьбiўны i жарсны расповед маладых патрыётаў, паглядзелi на Касю з Ангусам, угледзеліся ў коркi, бяз словаў ляснулi дзьвярыма i зьехалi. Больш у той вечар каля “Дваццаткi” бэпээсэмаўцаў ня бачылi.
“Ты туды піва хадзіў піць, а я ўкалывала днямі!” — паўжартам прыгадала адна калега, калі загаварылі пра “Radio 101,2”. Можна казаць пра выключную ролю радыё для інфармацыйнай прасторы Беларусі ў 1995–1996 гадах. А таксама пра ўдалы камэрцыйны праект, які рабіўся на беларускай мове. Пра гвалтоўнае закрыцьцё радыё і пікеты ды пэрформансы супрацоўнікаў, якія як маглі баранілі сябе ды свой дом. Бо “Стоадзінка” для большасьці была і домам і alma mater, і працай і месцам адпачынку. Была нават ідэя стварыць у дворыку на Рэвалюцыйнай, 8А кавярню, дзе б падаваўся адмысловы кактэйль “101,2”: сто адзін грам чагосьці аднаго і два грамы іншага — на густ. Я нават прапаноўваў сталым працаўнікам падвесіць у дворыку імянныя гамакі. “Ну, што вы носіцеся са сваім радыё? Столькі ўжо гадоў мінула, як закрылі!” — можна пачуць ад некаторых. Справа ў тым, што “Стоадзінка” сталася ўнікальным творчым асяродкам, празь які прайшлі дзясяткі вядомых дзеячаў культуры і палітыкі. Там нарадзілася процьма творчых ідэяў, якія рэалізаваліся пасьля ў мностве іншых праектаў…
Але зьбіраючыся на чарговую гадавіну адкрыцьця “Стоадзінкі”, мы звычайна прыгадваем сьмешныя гісторыі.
Радыё сьпярша працавала адно дзьве гадзіны, пасьля болей і болей — аж да 20й. Закрылі станцыю акурат перад тым, як мусіў пачацца начны этэр. У радыё быў самы лепшы сыгнал, які ішоў з цэнтру Менску — з вуліцы Камуністычнай. Фармальнай прычынай закрыцьця ад 1 верасьня 1996 году была менавіта гэтая акалічнасьць: сыгнал у цэнтры, нібыта, замінае ўрадавай сувязі. Затое ўвесь год зь лішкам існаваньня “101,2” было чуваць лепш за астатнія станцыі. А тыя, хто меў сучасныя прымачы з аўтаматычнай наладкай на лепшы сыгнал, заўжды траплялі на хвалю “101,2”.
Менавіта такія аматары FM-хваляў аднойчы ўначы пачулі голас Гены Кесьнера. Рэдкі выпадак, але факт: тэхнікі перадатчыка на Камуністычнай забыліся адключыць этэр. А Генусь быў у расстроеных чуйствах, урубіў заглушкі ў студыі і выйшаў у свабодны палёт. “Пра што ты распавядаў, Генусь?” — любім запытацца мы, калі пачынаем травіць радыйныя байкі. “А я памятаю?” — усьміхаецца Гена, усьцешаны ўвагай публікі.
Тады мы пераходзім да іншай гісторыі з заглушкамі, якія забыліся адключыць у студыі “101,2”, і якую памятаюць мнооогія людзі, бо гісторыя адбылася не глыбокай ноччу, а раньнім вечарам — адразу пасьля этэру.
“101,2” мусіла падпісаць вельмі выгодны рэклямны кантракт з францускай карпарацыяй “Іў Рашэ”, якая толькі пачынала засвойваць постсавецкі рынак. Тым вечарам гукарэжысэр Валодзя Сакульскі і журналістка, дыджэй, рэклямістка і проста зорка Вольга Бабак заселі пасьля этэру, каб запісаць рэклямны ролік, які наступнага дня мусіў быць паказаны дырэктару “Іў Рашэ” па Ўсходняй Эўропе. Калі спадар Сакульскі са словамі “ідзіце ў жопу — не замінайце працаваць” зачыняў дзьверы студыі, у аэрапорце “Менск-2” сядаў самалёт з прадстаўніком “Іў Рашэ”.