Важны начальнік сеў у машыну, а кіроўца ўключыў FM-прымач. Калі машына ўехала ў Менск і наблізілася да цэнтру, прымач аўтаматычна пераключыўся на “101,2”. Па ідэі, прымач ня мусіў быў пераключыцца, бо ня мусіла быць этэру. Але этэр быў. Усе пятнаццаць-дваццаць хвілінаў дарогі да гатэлю прадстаўнік “Іў Рашэ” слухаў: “Олечка, сэксуальнее — Ів Роошэээ…” “Ох! Ів Рашээээээ…” — “З прыдыхам, сэксуальнее — Іів Рааашэээ…” — “Ха-ха!..” — “Ну, так стагнаць зусім ня трэба! Крыху эратызму — Ів Рашэээ…”
P. S. Дагэтуль для многіх застаецца загадкай, чаму “Іў Рашэ” адмовіліся ад кантракту на рэкляму — такі піяр, і зусім бясплатна! :-)
Кася Камоцкая рабiла ў простым этэры праграму “ПраРок”. Запрашала ў студыю ня толькi музыкаў зь сяброў-дыназаўраў, але й рокераўпачаткоўцаў. Напрыклад, рокабiльшчыкi з “Мэтэора” сталi вядомымi ў Менску дзякуючы Касi. Прычым iхныя расейскамоўныя песьнi Кася ня ставiла ў этэр, адно ангельскамоўныя…
Што да агульнай моўнай палiтыкi, расейскiя песьнi радыё не круцiла прынцыпова. Але ў нетрах калектыву iшлi на гэты конт дыскусii, маўляў, трэба ахоплiваць больш аўдыторыi. Прапаноўвалi зрабiць “расейскую гадзiну”. (Кшталту “Russian Page” у колiшняй газэце “Свабода”.) Урэшце дыскусii скончылiся як пачалiся — захаваўся status quo. Радыё і без расейскай мовы за паўгоду сталася лідэрам у інфармацыйным полі. А значыць набірала абароты ў рэкляме і трывала стаяла на нагах у акіяне бізнэсу.
Кропку ў “расейскiм пытаньнi” паставiла праграма “ПраРок”. Кася дэкляравала, што паколькi беларускага року мала ў прынцыпе, то для выбiтных выканаўцаў трэба рабiць выключэньнi, i запрасiла ў студыю лiдэра гурту “NeuroDubel” Аляксандра Кульлiнковiча. Гэта было ў 1996 годзе, калi дзюбялі яшчэ ня мелі ў сваiм рэпэртуары беларускіх песень, затое выконвалі багата зь ненармаванай лексыкай. Таму Кася папрасiла Кульлiнковiча падабраць для этэру “нармаваныя” песьнi.
Размова з госьцем “ПраРоку” прайшла пасьпяхова, запусьцiлi разьвiтальную песеньку… Аж раптам Кульлiнковiч спахапiўся: “Там жа ж у адным куплеце паўтараецца мацернае слова!” I кiнуўся да гукарэжысэраў: “Хлопцы, сачыце за маёй рукою, калi махну, рабiце “пiiп”.
Тое, што паляцела ў этэр на хвалi 101,2 FM на паперы можна перадаць прыблiзна так: “Я уёб@щем — пiiiп, я уёб@ще — пiiiiiп…”
P. S. Празь пяць хвілінаў Аляксей Маўзон — тагачаны адміністратар дзюбялёў — прыехаў на таксоўцы з кветкамі й шампанскім — ТАКОЙ дармавой піяракцыі ён не чакаў. У Кульлінковіча дагэтуль часам пытаюць: “Саша, дык што ж ты сьпяваў замест “піп”?”
У гісторыі з Кульлінковічам ёсьць яшчэ два героі — гукарэжысэры Анатоль Додзь і Шлёма (Сяргей Лабандзіеўскі). Кожны раз, калі мы яе згадваем, падкрэсьліваем, што фішкі на пульце круцілі ажно ДВА гукачы. А Толік са Шлёмам кожны раз тлумачаць, што акурат напярэдадні прывезьлі новы пульт, і яны не пасьпелі разабрацца ва ўсіх функцыях.
Калі Толік ужо на той момант быў профі, дык Шлёма толкі пачынаў узыход сваёй гукарэжысэрскай зоркі. І, як водзіцца, аднойчы пераацаніў свае сілы. Мы з Вольгай Бабак рыхтавалі сьвяточную віншавальную праграму да першых народзінаў газэты “Имя”. Гэта было “партыйнае спэцзаданьне” нашага бігбоса Жанны Мікалаеўны Літвіной.
Мая задача была ня толькі ў тым, каб весьці гадзінную праграму разам з Вольгай, але і падрыхтаваць стужкі з галасамі ИМЯніньнікаў. Кацярына Высоцкая, Мікалай Халезін, Марына Загорская, Алег Бебенін, Алена Лукашэвіч… Усеусе журналісты газэты выказалі мне на дыктафон свае пажаданьні — якую песьню хацелі пачуць у этэры. Стужкі невялікія, але шматлікія. У той час гукі пускаліся не з кампутара, а ручкамі. Заўдыёкасэты — голас. PAUSE. ЗСD песьня — зноў стужка PLAY, пакуль ідзе голас, падводка-адводка вядоўцаў, трэба пасьпець замяніць дыск. Стопка дыскаў была вышынёй зь сярэдніх памераў тэлевізар. Карацей, ювэлірная работа, якая патрабавала ад гукарэжысэра спрыту і пільнай увагі.
“Шлёма, — кажу, — у мяне да вас справа”. — “Ай, не замінайце, я заняты”. — “Шлёма, важная партыйнае даручэньне, давайце пакажу, што дзе ляжыць”. — “Заўтра перад этэрам пакажаце”. — “Шлёма, вось дыскі і сцэнар, паглядзіце, а перад этэрам за паўгадзіны давайце яшчэ раз нагадаю, што дзе ў сцэнары”. — “Угу…”