Душой яна даўно была з намі :-)”.
P. S. Варта адзначыць, што, у адрозьненьне ад некаторых, Вольга Бабак да сьпірытусовых напояў ставілася на “вы”. Бо адказныя людзі, на якіх шмат адказных справаў, інакш ня ўмеюць. Але была аднойчы даведзеная да таго, што ў краме недалёк ад “Стоадзінкі” папрасіла паўлітра хлеба.
Вольга Гардзейчык:
“Пасьля сьвяткаваньня калектывам “101,2” альтэрнатыўнага Новага году ў вядомага гукача і дзеяча радыё Толіка Додзя (альтэрнатыўны Новы год сустракаўся 5 сьнежня. Чаму ў гэты дзень? А проста так — бяз дай прычыны. — С. К.), вяртаюся ад Толіка Додзя з Калодзішчаў у горад, каб весьці этэр — сваю праграму. Бліжэй да 14й гадзіны сядаю ў студыю са сьпісаным аркушыкам праграмы “Mіensk, mon ami”, каб распавесьці менчукам гэтым разам пра паўстаньне беларускага тэатру. Гаворачы пра Францішка Аляхновіча, слова “антрэпрэнэр” вымаўляю (о жах!!!) з трэцяй спробы. Гукач хіхікае, а я хутка зазіраю ў аркушык і, пабачыўшы гэтае слова далей у тэксьце яшчэ два (!!!) разы, вырашаю, што буду яго проста абмінаць. У выніку напрыканцы праграмы гучыць мядовым голасам прамоўленае: “Зтае пары яшчэ доўгі час трупы Аляхновіча і Ждановіча гастралявалі па Беларусі…”
Можаш сьцьвярджаць, што ня маеш аўтарытэтаў, што ты самадастатковы круты чэл і г. д. Але пры сутыкненьні зь Вялікімі (для кожнага яны свае), ты атрымліваеш ШТОСЬЦІ.
Эмоцыі, энэргетыку, флюід… Можаш убачыць Вялікага зблізу, можаш пачуць яго праз слухаўку ці нават пагаварыць зь ім на роўных. А яшчэ можаш упусьціць сваю, напрыклад, журналісцкую ўдачу. На ўзор як адбылося ў студыі на Рэвалюцыйнай, 8А.
Я сядзеў за кампутарам бліжэй за ўсіх да студыі. Праца была скончаная. Хтосьці блукаў у сеціве, хтосьці ганяў монстраў у кампутары, хтосьці варыў сабе каву… Званок тэлефона са студыі быў навязьлівы. Мне было ляніва. Я чакаў, калі перазвоняць на іншы нумар, і ўсе чакалі. Але Іначка Студзінская ня вытрымала ды гнеўна падбегла да апарата: “Алё?!” Праз сэкунду Іначка зьмяніла інтанацыю на прыцішаную, замітусілася, закрыла дзьверы ў студыю. А праз дваццаць хвілінаў выйшла з пытаньнем: “Народ, а хто такі Мілаш?”
“Па-мойму, чэх нейкі”, — мэлянхалічна адгукнуўся гукарэжысэр Валодзя Сакульскі. “А не паляк?” — “Неа…” — “А так добра па-польску гаворыць”.
Яны яшчэ доўга спрачаліся, чэх ці паляк “нейкі Чэслаў Мілаш”, а я сядзеў, абхапіўшы галаву рукамі. “Я ледзь выкруцілася, — стракатала Іначка, — ну, распытвала, ці ведае ён Беларусь і што пра яе думае… А хто ён такі? Палітык?..”
Іншы журналіст — Юрась Карманаў — на наступны дзень ня меў зьбянтэжанага выгляду, калі між іншым патлумачыў: “Я напісаў Мілашу на эмэйл, дамовіўся, што а 19.00 па нашым часе затэлефаную, ды ў мяне з галавы вылецела. Дык гэта ён сам ператэлефанаваў з Каліфорніі”. Сказаў ды забыўся, заклапочаны будзённымі журналісцкімі справамі…
Дзейныя асобы
Генусь Кесьнер — журналюга, імяніньнік.
Паша Курза — кампутаршчык.
Віця Корзун — госьцік дарагі.
Толік Додзь — гукарэжысэр.
Месца дзеяньня — адна сабе рэдакцыя.
Пры стале Генусь, Паша і Віця. У абодвух апошніх мабільнікі, па якіх яны ўвесь час размаўляюць. Генусь выпіўшы: лірычна-сумны, ківаецца і ўздыхае. Прысутныя патроху выпіваюць. Усе перакананыя, што Толік цяпер за мяжой. Гэтая акалічнасьць абыходзіць, хіба, Генуся. Зрэшты, ён думае пра сваё.
Паша дастае мабільнік, набірае нумар Віці, адварочваецца ад стала і кліча.
Паша. Алё, алё! Віця? Гэта Я, Толік! Дай слухаўку Генусю!
Віця перадае слухаўку.
Паша (седзячы сьпінай да Генуся). Алё, Генусь? Гэта нехта Толік. Здароў, віншую з народзінамі, шчасьця, посьпехаў і г. д.
Генусь (гледзячы на Пашу, млее ў слухаўку). Т… Толічак!.. Дзякуй! Ты ўжо вярнуўся? Прыыяжджай да мяне. Што? Нічога ня трэба, усё ёсьць, ты толькі сам прыяжджай! Алё!.. Цьфу, бляць, штосьці абарвалося.
Віця з дакорам глядзіць на Пашу . Маўляў, ці не перабралі з жартам? Генусь шчасьліва ківаецца, адначасова налівае ў чацьверты кілішак. Раптам званок у дзьверы. Генусь бяжыць адчыняць.
На парозе стаіць той самы Толік , які толькі ў той дзень прыехаў з-за мяжы і падлучыўся да мабільнага апэратара, ягонага нумару яшчэ ніхто ня ведае. У Пашы вочы на ілбе, а В і ц я ашалела пытаецца поглядам: “Ты з каго, Паша, зьдзекуесься?”