Выбрать главу

Аднойчы ў 1992 годзе я не пайшоў на апошнюю пару. Зайшоў у буфэт і ўзяў пляшку піва. У той час у буфэтах некаторых ВНУ прадавалі піва. А ў колішняй партшколе, цяпер філфаку, што месьціцца за дзесяць хвілінаў хады ад гістфаку, па камуністах засталіся таксама: каньняк, шампанскае, сухачы розныя, мадэра, херэс… Вось туды, на філфак, пасьля майго візыту ў факультэцкі буфэт нам і давялося хадзіць.

А рэч у тым, што я ўзяў яшчэ пляшку піва. Зайшоў аднакурсьнік, далучыўся зь півам. Праз паўгадзіны нас было пяцёра… Калі зайшоў тагачасны намесьнік дэкана Яноўскі, усе пяць круглых сталоў былі ссунутыя разам, і чалавек зь пятнаццаць-дваццаць у абдымку гайдаліся й сьпявалі: “Дробна драбніца, дробна драбніца…” Ад наступнага дня піва на гістфаку БДУ не прадавалі.

Яноўскі прымаў іспыт на трэцім курсе — па старажытнай расейскай гісторыі. Перад іспытам я адзеўся наступным чынам: сьветлы пінжак, сьветлая кашуля, гальштук-селядзец каапэратыўнае вытворчасьці 1987 году, начышчаныя пантофлі і драныя-перадраныя джынсы 1985 году выпуску. 38 латак, 157 дзірак — проста шык! Маці — прасунуты чалавек і ўспрымала мой панк спакойна. Толькі ня ў дзень іспыту! Маці стала перад дзьвярыма й сказала штосьці накшталт “толькі праз мой труп”. Давялося пераадзявацца на лесьвічнай пляцоўцы…

І вось, у драных джынсах я здаю іспыт па расейскай гісторыі. Пытаньне трапілася сумнае, пра 1634 год, пра канчатковы захоп Смаленску маскалямі. Я распавёў. А Яноўскі пытаецца: “Назавіце імя расейскага афіцэра, які найбольш вызначыўся ў бітве”. Я, блін, буду яшчэ іхных матросавых вучыць!

А цяпер, уласна, — дзеля чаго гэта ўсё распавядаю. Яноўскі ўзяў залікоўку і сказаў: “Квяткоўскі, ты ж разумны хлопец! Навошта я буду цягнуць цябе на чацьверку?” І паставіў трайбан.

Піва, Бандэра і прынцыповасьць

Першы курс. Іду праспэктам ля Кастрычніцкай. Іду й ведаю, што зусім побач на маім факультэце адзначаюць Дзень гісторыка. Там весела (і піва яшчэ прадавалася). А ў кішэні ані “вавёркі” (купюры ў 50 капеек). А што за студэнкае сьвята бязь піва? Розум гаворыць: “Ідзі як ідзеш, дыхай сьвежым паветрам”. А ўнутраны голас кажа: “Ну, ясна! Давай, рулі на гістфак”. Я й паруліў.

Хаджу-тусуюся, яшчэ мала каго ведаю — нават капейчыну на піва няма ў каго стрэльнуць. Ажно бачу выкладчыка, у якога на пінжаку жовто-блакытны і бел-чырвона-белы значак — два ў адным. Выкладчык на падпітку, з чарговай пляшкай піва ў руках. Я падыходжу і наўмысна кідаю фразу, у якой прысутнічае слова “Бандэра”. “Нука, нука, малады чалавек, што вы там сказалі пра Бандэру?” Ну, кажу, што файны вобраз — Бандэра, грунтоўны, ёмісты…

…Калі выкладчык прастаўляў мне восьмую пляшку піва, я ўжо мала разумеў. Заставалася толькі адчуваньне захапляльнае дыскусіі. Студэнты з зайздрасьцю назіралі за нашымі дэбатамі. Я на тыдзень стаўся зоркай факультэту — сам Еўтухоў праставіўся першакурсьніку! Па адзінаццатай пляшцы на разьвітаньне выкладчык мне сказаў: “Як вашае прозьвішча?.. Квяткоўскі? Ну, Квяткоўскі, вы мне будзеце здаваць і здаваць!”

І праз год я пачаў здаваць і здаваць: з тройкі на чацьверку. Таму што Ігар Арэставіч Еўтухоў — прынцыповы чалавек. А гісторыю сярэднявечча я так і ня вывучыў. Затое піва цяпер магу выпіць сапраўды шмат.

Вяроўкін, маскаль і палец

Ростам пад мэтар дзевяноста, Уладыслаў Вяроўкін (цяпер вядомы як Вяроўкін-Шалюта) быў “юнашам бледным са ўзглядам гарашчым”. Нас уражвала: як чалавек з такім экзатычным прозьвішчам можа быць беларускім шляхціцам?! Маскалёў і камуністаў на нюх не трываў. Вылазячы аднойчы з каламесы ля плошчы Леніна Вяроўкін выставіў на агульны агляд руку: “Во! Мяне маскаль за палец укусіў!” Такі вобраз мусіў быць увасоблены ў мастацтве! Ну, я і ўвасобіў. У мяне дагэтуль у архіве ляжыць рукапіс міні-п’есы, напісанай аля Хармс, пад назвай “Паэма Вя”: галоўныя падзеі адбываюцца ў вар’ятні, у адной краіне на зьмене эпох, а Вяроўкін робіцца прэзыдэнтам.

Зновага корпусу гістфаку зьнялі шыльду з бээсэсэраўскай “капустай”, а з “Пагоняй” не павесілі. Засталася пустая драўляная шыльда. Я намаляваў крэйдай на дошцы: “У гэтым будынку ад 1990 году вучыцца Ўладзіслаў Вяроўкін”. Два месяцы літары сустракалі студэнтаў і выкладчыкаў, ажно пакуль дэкан заўважыў…

Альбо, памятаю, усю ноч маляваў на ватмане плякат, дзе абвяшчалася, што 7 лістапада ў актавай залі адбудзецца факультэцкая ўрачыстасьць з нагоды юбілею Вялікага… Не, не Кастрычніка — Вялікага і Ўжаснага Вяроўкіна.