Пра папулярнасьць асобы Вяроўкіна сьведчыць, нарэшце, той факт, што ў адным са студэнцкіх спэктакляў мае аднакурсьнікі выкарысталі імя Вяроўкіна як пэрсанажа. Пэрсанажа абсурднага. Клясыка жанру, калі раз-пораз на заднім пляне зьяўляецца дзіўнаваты герой і робіць штосьці недарэчнае. Уся роля заключалася ў тым, каб у самы нязручны момант голас за кулісамі абвяшчаў: “І тут зьявіўся Вяроўкін”. Пэрсанаж выходзіў з адных кулісаў, казаў кшталту: “А што вы тут робіце?”— і сыходзіў у супрацьлеглы бок.
Цяпер, ведаючы пра Вяроўкіна, вы зразумееце, чаму ягонае імя стаіць побач зь імем аднаго з трох “разбуральнікаў СССР”.
Карыстаючыся магчымасьцю, хачу папрасіць прабачэньня ў першага кіраўніка незалежнай Рэспублікі Беларусь. Не без майго ўдзелу аднойчы Станіслаў Шушкевіч на хвіліну трапіў у няёмкае становішча, якое магло перарасьці ў фарсфэерыю.
Чаму дзяржаўная ўлада з рук Станіслава Шушкевіча выпала і трапіла да хамаў? Мне падаецца, таму што ён сапраўдны клясычны інтэлігентны чалавек. Прынамсі, такога меркаваньня трымаюцца многія. За тое, што “інцелягент найшоўся”, яго ня любяць пралетары. За тое, што “інтэлігент мяккацелы”, ня любяць тыя, хто ня любіць пралетараў. Усё правільна, але ж у жыцьці Шушкевіча было месца подзьвігу. Адзін зь іх здарыўся ў часе сустрэчы кіраўніка дзяржавы Шушкевіча са студэнтамі й выкладчыкамі БДУ на пачатку 1990-х. Сустрэча ладзілася ў актавай залі галоўнага корпусу, дзе й яблыку ўпасьці не было як.
У залі былі і дэкан Пётра Шупляк, і студэнт Уладыслаў Вяроўкін. Што да Андруся Андрыеўскага, сярод іншага, ён быў цэнны калярытным выглядам. Вялікі правільнай формы лысы чэрап з даўгой касічкай, бледны твар, чорныя вочы, і густыя чорныя бровы, якія сыходзяцца на пераносьсі. Калі Андрыеўскі прасіў на вуліцы цыгарэту, давалі дзьве, а то й тры.
Сустрэча з Шушкевічам трансьлявалася ў простым этэры 1-га каналу радыё. Цыдулкі з пытаньнямі прымаў асабіста рэктар Капуцкі. Пытаньні былі ў асноўным пра заробкі настаўнікам, пра закупку казахстанскага збожжа, пра пастаўкі нафты і т. п. І вось, адзін мой прыяцель паслаў сваю цыдулку: “Станіслаў Станіслававіч, гавораць, што вы паляк, ці праўда гэта?” Шушкевіч пачаў адказваць і расьперажываўся. Казаў пра мацікаталічку, пра адну шаснаццатую польскай крыві, урэшце, раззлаваўся на аўтара пытаньня і на сябе — за тое, што пачаў так доўга і сур’ёзна тлумачыць. Ледзь скончыў адказ.
Шушкевіч адказваў на мове пытаньня, то бок працэнтаў на восемдзесят па-расейску. Наступная цыдулка была такая, маўляў, тут ёсьць замежныя студэнты з этнічных белземляў, дык адказвайце на зразумелай усім прысутным мове — беларускай. Але Капуцкі пачаў цэнзураваць цыдулкі і нашую паперку не прапусьціў.
Зь цягам часу пытаньні й адказы пра заробкі, збожжа й нафту рабіліся ўсё больш зануднымі. І вось мы напісалі наступную — трэцюю — цыдулку. Цяпер прызнаюся, што зьмест цыдулкі цалкам належыць мне. А каб паперчына напэўна трапіла да выступоўца, мы адправілі ў экспэдыцыю Андрыеўскага. Андрусь узьняўся з прыступак, дзе сядзелі тыя, каму не хапіла крэслаў, і годна і ўпэўнена накіраваўся праз усю актавую залю. Лёгка ўскочыў на сцэну, перавальваючыся, падышоў да гербавай катэдры, ляснуў цыдулку перад носам Шушкевіча і спакойна вярнуўся на месца. Заля аслупянела. “У яго былі квадратныя вочы”, — распавядаў пасьля Андрусь.
Неўзабаве інцыдэнт забыўся — настолькі захапляльныя для прысутных рэчы абмяркоўваліся: заробкі, збожжа, нафта…
І раптам у цішы залі і ў этэры Беларусі з вуснаў Шушкевіча прагучалі словы: “Станіслаў Станіслававіч, а вось Вяроўкін кажа, што ўсё гэта лухта й няпраўда. А вы як лічыце?”
Паўза.
Гістэрычныя сьмяшкі з розных месцаў залі.
Паўза зацягнулася.
Шушкевіч зморшчыўся, раскрыў рот для адказу і…
Адклаў цыдулку!
Пераадолеў сваё інтэлігенцтва, зрабіў няветлівы ўчынак — не адказаў на пытаньне.
P. S. Дэкан Шупляк сьвідраваў вачыма аслупянелага Вяроўкіна. А бацька майго аднакурсьніка сказаў увечары на кухні: “Слухаў сустрэчу майго сябра Шушкевіча з калектывам БДУ. Добрая была сустрэча, праўда, нейкія ідыёты сапсавалі ўражаньне сваімі пытаньнямі”.
Падобная ж гісторыя адбылася з маім прыяцелем Дзімам. Мы зь сябрамі вельмі хацелі сьвята. А Дзіма меў ненатольную прагу не да сьвята, а да цуду.
Зіма, калядны час, студэнты, грошай няма, а так хочацца сьвята! Я, Віталік і Дзіма бадзяемся праспэктам. Што рабіць? Гэх, сустрэць бы каго з капейчынай, пазабаўляцца б…
“Хлопцы, хадзем да “Цэнтральнага”, — кажа Дзіма. — Мне ўнутраны голас падказвае”. Тусаваліся мы ў кафэтэрыі гастраному, тусаваліся, і пачалі пераконвацца, што ўнутраны голас, як заўжды, падмануў. Але не! Заходзіць прыяцель Жэня і заяўляе замест вітаньня: “Пацаны, у мяне ёсьць бабкі, давайце гудзець!” “Давайце, давайце!” — радасна падтрымалі мы зь Віталікам. А Дзіма ўпадае ў задуменьне. “Ведаеце што, — сур’ёзна кажа ён, — вы гудзіце, а я пайшоў, мне ТЭРМІНОВА трэба ісьці”. “Што такое?!” “У мяне трэцяе вока адкрылася, трэба тэрмінова ісьці ў той бок”, — Дзіма махнуў рукой у бок стадыёну “Дынама”, хуценька разьвітаўся і ледзь не пабег.
Павесяліліся мы тады на славу, не падвёў унутраны голас. Жэня празь міліцыю дадому трапіў, мы зь Віталікам таксама мала што памятаем. А вось Дзіма…
Дзіма прыбегам рушыў празь Менск. Хутчэй, хутчэй, туды… там… яго, штосьці там… чакае. Хутчэй, хутчэй…
Дзіма ледзь стрымаўся, калі на скрыжаваньні трамвайных рэек і вуліцы Сьвярдлова яго спыніў сьвятлафор. Давай, давай! Хутчэй запальвай зялёнае. Трэцяе вока глядзела шырока-шырока — наперад.
Запалілася зялёнае. Дзіма імгненна рушыў. З супрацьлеглага боку рушылі два бамбізы. Адзін зь іх бяз словаў, не спыняючы хады, кароткім моцным ударам даў Дзіму ў лоб і моўчкі рушыў далей. Дзіма ў пырсках іскар з вачэй ляснуўся галавой на заледзянелы асфальт і на імгненьне зьнепрытомеў.
А калі праз пару сэкундаў апрытомеў, трэцяе вока закрылася.