— Яны там усе п’яныя, — сказаў Х. і кульнуў. — Званю М. — п’яны, званю А. — заплятык…
Камэнтар — кілішак — тэлефон — кухня… Урэшце, ледзь трымаючыся на нагах, Х. чарговы раз вярнуўся на кухню і выдаў:
— Менскія ўжо і слухаўкі не бяруць. Кульнуў і заснуў.
Землякі-4. Сіль беларускай зямлі
А яшчэ “інтэлігентныя” і “простыя” землякі глядзяць тэлевізар. Карэспандэнтка ОНТ распавядае пра тое, як цяжка беларускім дальнабойшчыкам езьдзіць маразамі па польскіх дарогах. Завяршае рэпартаж словамі пра тое, што “справиться с проблемами на польских дорогах помогает наша славянская смекалка”. Ясна, на польскі бок карэспандэнтка ня езьдзіла, а рабіла інтэрвію з кіроўцамі на беларускім баку мяжы.
Карэспандэнтка:
— Скажите, а как вы справляетесь, если нужно заехать на обледенелую горку?
Дальнабойшчык:
— Очань проста. Мы возім з сабой нашу беларускую “сіль”… Илі как там её.
Землякі-5. Нашы грошы
Сюжэт на ОНТ — пра фірму, якая нелегальна вазіла гомельскіх рабочых у Маскву на заробкі. Герой сюжэту распавядае, маўляў, нават некваліфікаваны рабочы атрымлівае ў Маскве шэсьцьдзевяць тысячаў расейскіх рублёў.
Карэспандэнтка:
— Колькі гэта на нашыя?
Рабочы:
— 280–300 даляраў.
Землякі-6. Сапраўдныя грошы
Гісторыю напісала наведніца сайту Litara.net ODA:
“У фірму, дзе працуе адзін мой знаёмец, тэлефануе патэнцыйны кліент. Пытаецца пра кошт тавару, які яго цікавіць.
— Пяцьсот эўра.
— Малады чалавек! — абурана выгуквае кліент. — Я пакуль што жыву ў Беларусі! Назавіце мне кошт тавару ў амэрыканскіх далярах”.
Землякі-7. Беларускія грошы
Гісторыі зь беларускімі грашыма пачаліся адразу пасьля адмены савецкіх рублёў з фэйсам Леніна і ўводу “вавёрак”, “зайчыкаў”, “баброў”, “ваўкоў” ды іншых медзьвядзёў з ласямі — у 1992 годзе.
Студэнткі філфаку БДУ Воля Г. і Таня Ц. наведалі летам 1992 году Смаленск. Аднойчы палілі на лаве ў сквэрыку. Да іх падсеў дзядзька-смаленец, які, як высьветлілася пасьля, хацеў стрэльнуць у іх цыгарэтку. Дзядзька быў на добрым падпітку. Пачаў ён здалёк, маўляў, адкуль, дзяўчаты, прыехалі? Паненкі вырашылі пажартаваць трохі, і сказалі, што зь Літвы. Спрабуючы весьці сьвецкую размову, дзядзька запытаўся, якія з выгляду літоўскія літы, ажно раптам увесь загарэўся: “А ці бачылі вы беларускія грошы?!” “Не!” — “Дык яны гэта… Яны як нашыя… Толькі замест Леніна на іх — тыгр!!!”
Землякі-8. Герой
Гісторыя ад Зьмітра Вайцюшкевіча, якая адбылася ў абласным шпіталі са старэнькім дзядком-вэтэранам.
Сталася так, што дзядок зьнік. Няма дваццаць хвілінаў, трыццаць, сорак… А дзядок зусім нягеглы, ледзь перасоўваўся. Таму мэдсёстры захваляваліся, пачалі бегаць ды шукаць пацыента. Ажно адна скеміла зазірнуць у прыбіральню. А варта заўважыць, што ад савецкага часу дзе-нідзе засталіся дзіўныя канструкцыі ўнітазаў. У іх бачок не на гары, і ня ў нізе, а пасярод. Сядзіць сабе дзядок дупай у бачку і паварушыцца ня можа.
—Божа, дзедушка, як вы сюды ўмудрылісь улезьці?!
—Здымі мяне, сука! Я за цібя кроў праліваў!
Землякі-9. Пра немцаў
Кінасцэнарыст і аўтар-выканаўца Лёша Чэканас любіць распавядаць пра сваю бабулю. Дакладней, пра ейную адну фразу. Бабуля ў дзяцінстве была пад акупацыяй. Яна распавядае пра цяжкі час, калі ўсе, хто мог, забіраў у сялянаў каровы ды іншую жыўнасьць, пра тое, як яны — дзеці — хадзілі да нямецкіх салдатаў прасіць ежу і часам атрымлівалі цэлы бохан белага хлеба. Звычайна гісторыя заканчваецца фразай-падсумаваньнем:
— Гэээх… Калі б ня немцы, мы ў вайну ня выжылі б.
Землякі-10. Бэтэшнікі й элітарнае месца
Музычны аглядальнік Зьміцер Падбярэскі распавёў гісторыю пра ўладальніка буціка “Hugo B.” Алеся С.:
“Сядзіць сабе Алесь С. у куце, піша штосьці ў паперах. Раптам заходзяць людзі. Падыходзяць да прадавачкі і штосьці кажуць. Тая выслухвае і праз усю залю:
— Алесь, прыйшлі людзі з БТ. Прапануюць па бартэры ўзяць вопратку для вядоўцаў на васемсот баксаў, а наўзамен рэкляму. Што сказаць?
Алесь, не адрываючы галавы ад папераў:
— Няхай ідуць на х@й”.
Зямляк-купалавец
Пра тое, як умелі адпачываць і весяліцца работнікі Купалаўскага тэатру, прыгадвае Вольга Гардзейчык:
“Вядомы музыка з Купалаўскага тэатру зьбіраецца на гастролі разам з трупай. Гастролі мусяць трываць месяц, прычым той самы месяц, на які прыпадаюць Дзень тэатру і Дзень нараджэньня самога музыкі. Таму дасьведчаны падарожнік кідае ў торбу дзьве сьвежыя кашулі, а рэшту вольнага месца закладае паўлітроўкамі і а 8й гадзіне акуратна зьяўляецца ля задняга ўваходу ў тэатар, адкуль мае ад’ехаць аўтобус. На дзіва, музыка прыходзіць першым. Мінае яшчэ колькі часу, і сытуацыя пачынае выглядаць падазрона: вакол тэатру па-ранейшаму пуста. Падышоўшы да вартаўніка, ён даведваецца, што ад’езд трупы насамрэч а 8й — толькі раніцай наступнага дня. Фразу, якую прамовіў музыка, адзін вядомы рэжысэр пазьней прапануе залатымі літарамі выбіць на будынку Купалаўскага… Музыка сказаў: “НУ НЕ ВЯРТАЦЦА Ж ДАМОЎ”.