Лішне казаць, наступнай раніцы ён быў на месцы крыху спазьніўшыся і з пустой торбай…”
Зямляк-кіроўца і пасажыры
“Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца, наступны прыпынак канцавы — “Вакзал”, — паведаміў суворы голас кіроўцы аўтобуса “тройкі”. Я ведаю, што на канцавым прыпынку — “Вакзале” — часьцяком нясуць варту здаравячкі-кантралёры. Пад’яжджаем. Зусім замагільным голасам кіроўца кажа: “Паважаныя пасажыры, мы набліжаемся да канцавога пункту маршруту. Пры выхадзе кожны абавязаны мець у руках праязны дакумэнт”. Ніхто ня кінуўся да кампостэраў, але маўчаньне зрабілася татальным. Спыніліся. Паўза. Дзьверы нарэшце адчыняюцца, кіроўца: “Всем спасибо, все свободны”. Пасажыры выбухаюць рогатам. “Ізноў вясёлыя трапіліся — гэта нэрвы. Заплаці за праезд і едзь спакойна”.
Зямляк-пастух. Нармальнае пытаньне
Знаёмцы паехалі на Бярэзіну. Выпілі нармальна. Тут адзін — Вася — кажа, маўляў, спрачаемся, што пераплыву рэчку? Колькі мэтраў, ня памятаю, але нармальна, плюс плыня рэальная. Як бы там ні было, паплыў Вася, ледзь жывы выпаўз на супрацьлеглы бераг. Сядзіць, громка дыхае, пакуль зь цела і плавак сьцякае вада. Ажно раптам чуе ззаду: “Слыш, сьпічкі не найдзёцца?” Паўза. Незнаёмец акуратна штурхае Васю носам кірзача ў плячо: “Гавару, аганька не найдзёцца?”
Вася падрываецца, з развароту б’е ў пысу незнаёмцу. Той падае. Зь зямлі на Васю лупае вачыма вясковы пастушок: “Чыво б’есься? Так бы і сказаў, што нету”.
Мабільныя землякі
Гісторыя ад наведніка сайту Litara. net, які падпісаўся Малпа:
“Майму прыяцелю патэлефанаваў на мабільнік адзін ягоны знаёмец. Пагутарылі. Праз хвілінаў дзесяць зноў званок. Той самы нумар высьвеціўся.
— Алё, алё…
У трубцы нічога не чуваць, только падазроны шоргат. Прыяцель мой нічога не зразумеў. Націснуў кнопку й вырашыў, што чалавек яму зноў перазвоніць, калі трэба будзе. Так і здарылася. Але зноў нічога не чуваць, апроч дзіўнага шоргату й рыпеньня. Тады мой прыяцель сам перазвоньвае.
—Ты мне тэлефанаваў? Што ў цябе з сувязьзю? Нічога не чуваць было, адзін шоргат.
— Праўда? — зьдзівіўся той хлопец. — Ааа! Дык гэта ж я на свой тэлефон сеў…
—А я, атрымліваецца, з дупай тваёй размаўляў?!”
Землякі-міліцыянты-1
Неяк пасьля аднаго канцэрту ў ДК Трактарнага заводу мы з кумпаніяй апынуліся ў прыяцелькі, што жыла побач з Домам культуры. Завісалі дні тры. А паколькі я быў самы малодшы, то ўвечары за дабаўкай паслалі мяне.
А дзе там тая крама? Зьлёгку хістаючыся, я пайшоў шукаць. І вось спыняюся ля нейкага будынку, а цёмна ўжо — зіма, і зь нейкай машыны выходзіць дзядзька. Я да яго: “Ппрабачце, калі ласка, а дддзе тут бліжэйшы вінна-гарэлачны аддзел?” Дзядзька колькі сэкундаў узіраўся ў мяне пранізьлівым позіркам, а пасьля моўчкі рушыў у дзьверы. Шыльда побач паведамляла, што тут аддзел міліцыі. “Гэта ж быў намесьнік начальніка!” — радасна паведаміў мне іншы дзядзька ў пагонах, які паліў на ганку…
Землякі-міліцыянты-2
У 1999-м па канцэрце “Новага Неба” мы паехалі да Касі дадому. А знайшоў я сябе ў чыёйсьці іншай кватэры. Спрабаваў здагадацца, які мікрараён мне нагадвае краявід за акном: Курасоўшчыну ці Паўднёвы захад? “Вунь у тым доме, у тым пад’езьдзе забілі Мікалуцкага”, — паказаў рукой гаспадар. Мікалуцкага?!. МАГІЛЁЎСКАГА прадпрымальніка?..
У Магілёве я быў упершыню ў жыцьці, але ўжо раніцай знайшоў даўняга знаёмца…
?%;N”@!!!+)((*&^%$$$@@@!!!***…
…А трэцяй ночы я сядзеў на чыгуначным вакзале гораду Магілёва і вельмі голасна разважаў пра беларускія рэаліі. Я паведамляў нешматлікім сонным прысутным, якія чакалі хто свайго транзытнага цягніка, хто ранішняга дызэля на Асіповічы, усё, што я думаю пра электарат і пра ягоныя грамадзка-палітычныя прэфэрэнцыі, не абмінаючы пэрсаналіі сымпатычных яму — электарату — палітыкаў.