Выбрать главу

— Скажіце, і как Цімоша?

Кася ў чарговы раз распавядае, які файны Цімоша, як яму добра жывецца, як яго ўсе любяць і якімі выкшталцонымі рысамі вызначаецца ягоны характар. Са слухаўкі чуваць голас:

— Да, да, да, замечяцельный кот. І главное — кгупный такой!

Мацізямлянка

Гісторыя зь Litara.net, напісаная юзэрам ODA:

“Цёплым ліпеньскім днём іду на працу з канцавога прыпынку дваццатага аўтобуса міма Акадэміі навук. Маладая кабета інтэлігентнага выгляду з малым дзіцём шпацыруе да ўваходу ў Акадэмію навук.

— Ты хочешь пИсать? — раптам пытаецца маці ў дзіця. Тое матляе галавой у адказ.

— Жаль… — з уздыхам прамаўляе кабета. — Посмотри, какой газон шикарный!..”

Зямлянка-патрыётка

Тэлефаную ў ЖЭС:

— Дзісьпетчарская. Слушаю.

— Я б хацеў заказаць майстра на ўсталяваньне ўнітаза.

— Які ў вас?

— А якая розьніца?

— Мы ставім толькі керамінаўскія, — (“Керамін” — менскі завод.)

— У мяне польскі…

— Не паставім.

— Але што за бязглузьдзіцу вы гаворыце! Ці ж вы кіруецеся якімі інструкцыямі ці законамі?

— Не мішайце работаць.

Зямлянка-тружаніца

Ясна, дзісьпечарская цёця была пастаўленая на вочную стаўку з кіраўніцтвам ЖЭС. Невядома, ці яна выконвала “інструкцыі” таго самага начальства, ці кіравалася ўласным патрыятызмам альбо нянавісьцю да панскай Польшчы, але канфлікт быў зьліквідаваны за 28 сэкундаў перабываньня ў кабінэце галоўнай інжынэршы.

Наступны крок — набыць шлянг да ўнітаза. Кіруюся ў краму “Сантэхніка” на вуліцы Кашавога. Стаў чацьвертым у чаргу. Адна, дзьве, пяць, сем хвілінаў… Прадавачкі няма. Нарэшце касірка, што назірала за ростам чаргі, узьнялася са свайго трона і зьнікла за кулісамі. Праз паўхвіліны адтуль зьявілася ЯНА. Невялікага росту, хада — перавалачка, круглая, невызначальнага ўзросту, у пярсьнях і цэпачках, з благадушнай усьмешкай на твары, ЯНА закацілася за прылавак са словамі:

— Ох, ужо і памерці спакойна не дадуць! Прыхварэла трохі… Толькі прылегла, а тут ізноў…

Зямлянка-чысьцюля

Унітаз-такі паставілі. І рамонт у пакоях зрабілі. І паклікалі сяброў, каб адзначыць пераезд. І захацеў я купіць да стала салёных гуркоў. У нас побач магазын, завецца “Особый”. Яшчэ нядаўна быў і беларускамоўны варыянт назвы — “Асобы”. Задной з асоб, якія працуюць у магазыне, я пазнаёміўся за купляй гуркоў. Пытаю:

— Ці смачныя гуркі?

— Я іх не каштавала. Дык вунь жа ў суседнім аддзеле нашыя прадаюцца ў бочках.

— Нейкія яны вялікія…

— Дык парэжце, будуць маленькія.

“Дзіўнавата рэклямуе свой тавар цётка”, — падумаў я. А цётка працягнула:

— А гэтыя польскія. Не разумею, недазрэлыя саліць…

Я папрасіў:

— Узважце мне адзін самы маленькі, я пакаштую і вырашу, ці купляць.

Цётка залезла голай рукой, і выцягнула пальцамі гурок. Побач ляжалі спэцыяльныя шчыпцы. Абураюся:

— А што ж вы рукой цягаеце?!!

—Ой, ды я за дзень па тысячы разоў рукі мыю!

Дык не эстэтычна ж…

—Дык такі гурок маленькі, што са шчыпчыкаў выпадае.

—А на базары апранаюць на руку пакет і так цягаюць.

— Ну, дык то ж на базары…

— Тым больш у магазыне… Цёця з пафасам:

—Ну, вось яшчэ! Буду я дзеля аднаго гурка пакет мачыць!

Зямлянка-поўны-ўпярод

У той жа краме, толькі ў вінна-гарэлачным аддзеле. Трэба набыць гарэлкі. На прылаўку альбо дэнатуратныя, альбо менскія і берасьцейскія, але ў даражэйшых, “падарачных” бутэльках.

— А ў звычайных няма?

—Не. Менскі на рамонце, а берасьцейскі не пастаўляе.

— Чаго?

— Сваю вобласьць забясьпечвае.

—А як жа сталіца? Нам і даражэй можна купляць?

—А сталіца хай едзе на вёску грошы зарабляць!

— На вёсцы грошы?!

—Яшчэ якія! — з абсалютнай верай у свае словы выгукнула прадавачка.

Дзень нашага жыцьця за пятнаццаць сэкундаў

Гісторыя дзяржрадыё. Куды цяперашнім камэрцыйным ці незалежным журналюгам да тых яшчэ рамантыкаў пяра і мікрафона?! Хто зь цяперашніх можа выпіць столькі гарэлкі? Адзінкі. Многа-многа старэйшыя таварышы памятаюць гісторыяў. Напрыклад, пра Ўладзімера Б. А распавядаюць так.

Уладзімер Б. закрываў і адкрываў этэры Дзяржрадыё. У 00.00 ён казаў: “На Беларусі нуль гадзін. На гэтым Беларускае радыё завяршая сваё вяшчаньне”. І граў гімн БССР. Адпаведная фраза зранку а шостай — пасьля гімну.

Кажуць, аднойчы У. Б. і адзін гукаапэратар вырашылі не ісьці па хатах, а застацца на радыё (шэсьць гадзінаў паўза, пакуль даедзеш, пакуль вернесься, колькі там пасьпіш?!). Мужыкі ўзялі N літраў гарэлкі і пачалі бяседу.