Ранкам пасьля гімну ўся БССР пачула ўрачыстае:
— На Беларусі шэсьць гадзін раніцы. На гэтым Беларускае радыё завяршае сваё вяшчаньне!
Славутыя землякі1. “Ліцьвіны” і шансон
Litara.net, напiсаў pan:
“Выступаў аднойчы вядомы гурт “Ліцьвіны” з канцэртамі ў Польшчы. Пасьля выступу вырашылі сабе на ахвоту, а людзям на забаву тое-сёе агучыць проста на вулцы старога гораду. Сталі ў пекных народных строях пад мурам камяніцы дый зайгралі нешта жаласьліва-сьлёзнае, паводле характэрнага рэпэртуару (які, дарэчы, называўся праз тое “гаўно доля”). Адна песенька, другая… Хтосьці падыходзіў, іншыя ішлі сабе далей. Але адзін слухач, які стаяў насупраць ля сьцяны, уражваў сваёй пільнай увагай. І вось раптам гэты п’янаваты дзядзька падышоў і, пераўзмагаючы някволы хмель, папрасіў: “Паньство, проша зайграч “Мурку”!..”
Славутыя землякі-2. Разанаў і фрызура
Litara.net, напiсаў не скажу:
“Показка, пачутая ад Анатоля Сідарэвіча.
Алесь Разанаў неўзабаве пасьля зьяўленьня ў сьвет сваіх квантэмаў пастрыгся, прыбраў з галавы апошнія рэшткі кудзераў. У такім новым іміджы жывы клясык зайшоў у рэдакцыю часопісу “Крыніца”. Убачыўшы лысы чэрап Разанава-квантэмшчыка, адзін з супрацоўнікаў адразу прамовіў: “Квантамас”.
Славутыя землякі3. Філарэт і простасьць
Litara.net, напiсала дзеўка Дрыпа:
“Распавядаюць, што незадоўга перад сьмерцю Стэфанія Станюта была запрошаная на банкет да мітрапаліта Менскага й Слуцкага Філарэта. Узяла з сабою пітушчага барда, каб падкарміць і папаіць на халяву. Зайшлі ў залю — аж засьляпіла ад залатых рызаў. Селі яны каля самога Філарэта. Падпіты бард захацеў паабшчацца са сьвяцейшаствам дый пытаецца: “А як жа мне вас называць?” Філарэт кульнуў, закусіў і паважна сказаў: “Называйце мяне проста — Владыко!”
P. S. Гісторыю даводзілася чуць ад розных людзей, якія траплялі за адзін стол зь Філарэтам.
Славутыя землякі-4. Зянон і зброя для беларускае дэмакратыі
Litara.net, напiсаў Заякот:
“Было гэта ў 1999 годзе ў Польшчы на адной міжнароднай канфэрэнцыі. Удзельнічалі: тузін вядомых беларускіх палітыкаў (сярод іх і Зянон Пазьняк), палітыкі з Польшчы, Нямеччыны, іншых краінаў, лідэры і актывісты моладзевых арганізацыяў. Карацей, вельмі прадстаўнічы атрымаўся форум. Журналістаў — процьма, перакладчыкі ў кабінках, просты этэр па TV-каналах, усё як мае быць.
Далі слова Зянону. Сёе, тое, традыцыйнае: дыктатура, акупацыя, ФСБ… І раптам:
— Я вось што скажу. Ураду Злучаных Штатаў, вы перадайце: для перамогі дэмакратыі ў Беларусі нам патрэбны адзін “стынгер”!
І паўза.
Зашчоўкалі камэры, у залі пайшоў перашэпт… Ня дзіва! Гэта ж сэнсацыя! Ідэйны лідэр апазыцыі прапаноўвае сілавы варыянт разьвязаньня галоўнае беларускае праблемы ды яшчэ якім выкшталцоным спосабам! Ён, пэўна, мае на ўвазе, каб падбіць ракетай прэзыдэнцкі самалёт ці гелікоптэр! А тады якраз ішла апэрацыя НАТО на Балканах, глеба для такой навіны ўрадлівая. Хтосьці з журналістаў, парушаючы рэглямэнт, ужо пасунуўся бліжэй да Зянона, каб перапытаць падрабязьней. А Зянон вытрымаў паўзу і працягвае:
— У Югаславіі штодзень запускаюцца дзясяткі гэтых ракетаў. Кожная каштуе каля мільёна даляраў. Я ведаю, каму даць і як скарыстаць адзін мільён даляраў гэтак, каб незваротна паслабіць рэжым Лукашэнкі: гэта будзе перадусім ІНФАРМАЦЫЙНАЯ кампанія…
І зноўку паўза.
Заля ўздыхнула, а сэкундаў празь дзесяць сёй-той з прысутных, дацяміўшы, як таленавіты прамоўца Пазьняк зманіпуляваў увагай стомленай і інэртнай аўдыторыі, пачаў сьмяяцца. Паступова засьмяяліся ўсе…
Славутыя землякі-5. Севярынец і звычайны заказ
Знаёмы актывіст дэмруху распавёў, як Павал Севярынец заказваў аркестар, каб сустрэць чарговага важнага сядзельца з Акрэсьціна. Дзе ўзяць аркестар? Самы просты шлях — затэлефанаваць у пахавальнае бюро. Павал затэлефанаваў у некалькі. І паўсюль навёў жах на супрацоўнікаў:
— Добры дзень, я б хацеў заказаць аркестар.
— Калі ласка, на калі?
— Празь дзесяць дзён у 15.30.
— Як, вы ЎЖО ведаеце час?!!
Славутыя землякі-6. Ракіцкі й адшуканая Атлянтыда
Таэтразнаўца Вячаслаў Ракіцкі нарадзіўся ў мястэчу Празарокі на Глыбоччыне. Там жа нарадзіўся айцец-заснавальнік сучаснага беларускага тэатру Ігнат Буйніцкі, толькі крыху раней, калі яшчэ не было радыё “Свабода”.
Спадар Ракіцкі ўжо які год запар вядзе на радыё праграму “Беларуская Атлянтыда”: пра малавядомыя ды занядбаныя здабыткі беларускай культуры. Штораз па вяртаньні на сваю малую радзіму Вячаслаў ідзе адведаць помнік свайму вялікаму земляку, безь якога не было б ні белтэатру, ні Ракіцкага ў якасьці белтэатразнаўцы.