Выбрать главу

Што можна знайсьці ля помніка Буйніцкаму? Пэўна, можна знайсьці адказ на якое-небудзь важнае пытаньне. Напрыклад, пра лёс бацькаўшчыны, пра вытокі беларускай культуры… І Вячаслаў такі знайшоў — сапраўдную Беларускую Атлянтыду. Вячаслаў стаяў над магілай і рагатаў. То паглядаючы на недабудаваны музэй Ігнату Буйніцкаму, то на пустую пляшку зпад чарнілаў “Атлянтыда” вырабу КУУП “Полоцкий винзавод”.

А неўзабаве Віцебская пракуратура паведаміла, што ў “Атлянтыдзе” знойдзеныя “іншародныя целы ў выглядзе ворсу, плёнкі і казюрак”…

Неба нам шле сыгналы.

Славутыя землякі-7. Алесь Камоцкі і танцы

У сярэдзіне 1980-х пасьля затрыманьня групы моладзі, якая ладзіла пад Менскам Купальле, афіцэр КДБ запытаўся ў барда Алеся Камоцкага пра Касю Камоцкую: “Вы ведаеце, што ваша жонка сьпявае нацыяналістычныя песьні?” “Так, — адказаў Камоцкі. — А яшчэ яна танчыць нацыяналістычныя танцы”.

Славутыя землякі-8. Слава Корань і няп’юшчае купэ

Вяртаемся з канцэрту ў цягніку Гомель — Менск: “Новае Неба”, “Ulis”ія— адміністратар. Занялі два купэ, адно для п’юшчых, другое — для няп’юшчых, там едзе “Ulis”. Празь некалькі хвілінаў у няп’юшчым застаецца адзін Слава Корань.

Адкаркоўваем чарговую бутэльку і бачым, як Слава пачынае гойдацца-хістацца ў калідоры, то да нашага купэ падыдзе, то да свайго…

— Слава, вып’еш з намі? Адмоўна круціць галавой. Дапіваем пляшку, адкаркоўваем наступную, а Слава ўсё боўтаецца ў калідоры: то да нас зазірне, то ў пустое няп’юшчае: кантралюе, ці ня ўперлі гітару. Сёмы раз прапаноўваем:

— Слава, вып’еш? Даўгая паўза.

Твар зморшчваецца, нібы Слава падымае штангу:

— Ладна… толькі гэта… ну… налівайце… Паўза.

— …Але павольна-павольна.

Славутыя землякі-9. Сыс і сапраўдная смага

Сыс быў чалавек жарсны. І ў паэзіі, і ў звычайным жыцьці. Як для кожнага вялікага чалавека, для Сыса не было “вышэйшага” й “ніжэйшага”. Усё-ўсё — кожная драбностка рэчаіснасьці — важнае й споўненае глыбокага сэнсу. Распавядаюць, як аднойчы пасьля сур’ёзнага party ў Сысовай кватэры прачнуўся літаратар Мікола. Мікола прыўзьняў цяжкую галаву і прагна пацягнуўся да вады. Раптам кватэру здрыгануў поўны драматызму крык гаспадара:

— Стой! Што ты робіш!

— ???

— ПАБЕРАЖЫ СМАГУ ДЛЯ ПІВА!

Землякі-дзеці

Гісторыя ад Валодзі С. прыгадалася, калі аднойчы супалі міжнародныя Дзень дзіцёнка і Дзень барацьбы з паленьнем.

Ідзе Валодзя ўвечары праз свой двор, паліць цыгарэтку. Раптам зь цемры з боку лаваў голас: “Дзядзька, закурыць ня будзе?”

Глядзіць, сядзяць хлопцы гадоў дзесяці-адзінаццаці:

— Ай-яй-яй!.. Нельга дзецям паліць!.. Кароткая паўза. Адказ:

— А мы ня дзеці.

— ?!

— МЫ КАРЛІКІ.

КВЕТКІ

Пра сябе

Рэгіструю сына Дамініка ў ЗАГСе Ленінскага раёну Менску. Падрыхтаваўся да пытаньняў, маўляў, што за імя такое? Супрацоўніца да калегі: “Пісьмовую заяву браць будзем?” “Не. Сёлета ўжо быў адзін Дамінік. Нават Адам-Дамінік”. Я цікаўлюся: “А якое самае рэдкае імя вы сустракалі ў сваёй практыцы?” “Вашае”.

Пра імёны-1. Бартосік і мінэралка

Пытаюся ў Зьмітра Бартосіка:

— Як назавеце сына?

Кажа, жонка ўжо кліча Данікам, а вось наконт поўнай формы ёсьць пытаньні.

— Я ніякіх Данілаў-Даніілаў не хачу.

— А ў каталіцкай традыцыі як?

— ДАНІЕЛЬ, — расьпеўна, з драматычным пафасам адказвае Бартосік і сьмяецца.

А мне было надта цікава, як залатвіцца канфлікт Захаду — Усходу. Бо Даніла надта па-ўсходнему, а Даніель надта па-заходнему.

Залез у слоўнік пана Ластоўскага, дзе знайшоў форму Данут. (Цікава, што ў палякаў мужчыны Даніелі, а жанчыны Дануты.) Даведаўся пра вырашэньне праблемы. Варыянт аказаўся блізкім да Ластоўскага, але які штуршок да разьвязаньня!

Бартос кажа, еду ў мэтро, бачу на рэклямным плякаце выяву немаўляці на фоне мінэральнай вады, якая завецца “Данат”.

Кажа, выходжду з мэтро, шукаю краму, знаходжу там мінэралку “Данат” і дома стаўлю на стол перад жонкай — ёсьць ТАКОЕ імя.

Пра імёны-2. Хадановіч і жывы клясык

Сустрэў Андрэя Хадановіча, у якога два месяцы як дзіцё нарадзілася. Пытаюся, як дачку назвалі? Кажа, Аленай. Кажа, спачатку хацелі ў гонар Арлова назваць.