Выбрать главу

Пра віды і формы кандыдацтва

2006 год напярэдадні “трэціх выбараў першага прэзыдэнта РБ”. Мы з жонкай глядзім навіны ОНТ у сваім пакоі. У дзесяцігадовай Ксюшы ў дзіцячым пакоі таксама ёсьць тэлевізар.

ОНТ спачатку паказала ППРБ, пасьля прадстаўніка Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, які сказаў, што “празь дзьве гадзіны будзем ведаць, хто з прэтэндэнтаў на прэзыдэнта будзе зарэгістраваны”, а пасьля двух калдыроў з аднаго з гомельскіх заводаў. Карэспандэнтка паведаміла, што калдыры — “лучшыя работнікі заводу і змагаюцца за права ўдзельнічаць ва ўсебеларускім сходзе” на пачатку сакавіка. Пасьля карэспандэнтка назвала імя калдыра, які перамог “у няраўнай барбе”. Раптам зь дзіцячага пакою:

— Яшчэ аднаго кандыдата ў прэзыдэнты выбралі!

Пра віды і формы лідэрства

Пасьля наступнай гісторыі мы з жонкай беспрытульных сабак інакш як “лідэрамі” не называем.

Хто ня бачыў сабачага сэксу? Часам групавуху назірае цэлы аўтобусны прыпынак. Стаяць чалавек сорак, а перад імі бегае зграйка кабялькоў самых неверагодных масьцей і ростам ад кішэннай шаўкі да сярэдніх памераў бычка. Кабялькі бегаюць за сучачкай: ну, як у сабак — там нюхнуць, там нюхнуць… Адзін спрабуе ззаду прыладзіцца, другі адштурхоўвае… Сучачка, радасна трасучы вушамі, рушыць наперад, зграйка за ёю…

Дзесяцігадовая Ксюша, паказваючы пальцам на сучачку, бліснула веданьнем новага слова:

— Я знаю, хто гэта. Гэта лідэр!

ФРАШКІ-2

2006 год.

Варшава. На Замкавым пляцы ў Старым горадзе ідзе канцэрт: польскія і беларускія гурты граюць у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі перад “трэцімі выбарамі першага прэзыдэнта”. Гісторыя, якую мне распавяла Кася Камоцкая, не магла здарыцца ні сто, ні пяцьдзясят, ні дваццаць пяць, ні нават дзесяць гадоў перад тым. Сымбалічная гісторыя. Канцэрт быў бясплатны, але сама пляцоўка перад сцэнай была агароджаная. На ўваходзе ахвочыя маглі атрымаць ад арганізатараў бел-чырвона-белыя сьцягі, каб карыстацца імі падчас імпрэзы. “Уяўляеш, — распавядае Кася, — пасьля канцэрту гляджу, як два палякі ўчапіліся за дрэўка і змагаюцца за адзін бел-чырвона-белы сьцяг. Адзін кажа: “Трэба вярнуць”. Другі: “Гэта мой!” “Разумееце, сьцягі выдаваліся не назаўсёды, толькі на час канцэрту”. — “Але гэта мой, я яго САМ зрабіў!”

Празь месяц зь лішкам беларусы зь беларусамі таксама змагаліся за бел-чырвона-белы сьцяг…

За пільную Беларусь!

З сайту Litara.net, напісаў ціхар Пеця:

“Учора проста ў двары мянты заграблі пэнсіянэра Івана Палікарпавіча. Адбылося гэта так раптоўна, што небарака толькі лыпаў вачыма і мармытаў: “Я ж галасаваў за Лукашэнку…” Галасаваў то галасаваў, але навошта казаць, што гэтая ўлада ўжо накралася, а новая толькі рвецца да кармушкі? Штрафануць дзеда за абразу Лукі, як піць даць”.

Tut.by, май фрэнд!

З форумаў tut.by:

“Я 15 марта по работе общался с человеком, и он, разговаривая с коллегами, сказал, что 19го будет вместе с сыном на площади. На площади я его не встречал, но 26 опять по работе с ним встречался. Он разговаривал с соседями по поселку:

— А мы хотели на помощь твоему сыну подъехать… а 24го он был на площади?

— Да, всю ночь!

— Били кого?

— Да! Крепко вломили! Всех забрали…

Я собрался посочувствовать человеку, дать совет как передачу собрать…

— За…ли эти оппозиционеры! Сын всю неделю в усилении сидит, не видит ни семьи, ни детей!..”

Пра дасканаласьць-до

arshanski.livejournal.com:

“У ЦУМе каля прылаўка дзядок павучае маладую прадавачку:

— Я ў Японіі доўга працаваў: там да па

купкі пакецік выдаюць бясплатна. Прадавачка, ніякавата пасьміхаючыся:

— У нас пакуль што ўсё платна. Дзед:

— Вядома! Японія чатыры тысячы гадоў ішла да дасканаласьці, а мы толькі пятнаццаць…

Бабка, якая стаіць за ім у чарзе:

— Дзесяць!”

Самая мілая фрашка пра Плошчу

glupstva.livejournal.com:

“Здаецца, стаіш ты на майдане. Сэрца калоціцца. Змаганьне ідзе. А сэксу ўсё роўна хочацца”.

Дуда над Горадам М

Мы п’ем з прыяцелем Андрэем партвэйн і слухаем шатляндзкую дуду — валынку. Менск2006. Сьнег сышоў. У цэнтры Менску, асабліва на праспэкце, цудоўны сьвяточны бардак. Мужыкі-фанаты ствараюць уражаньне, нібыта “ў нашае мястэчка” прыехаў цырк шапіто: свабодныя, адвязныя, добразычлівыя.

Калі хто ня ведае, дык Менск — гэта ўзорна чысты правільны горад. Напрыклад, стомленыя ад гораў бруду ўкраінцы і расейцы радуюцца чысьціні Менску. Але некаторыя злобныя ўкраінцы і расейцы мне казалі, што жаданьне менчука кінуць недапалак у сьметніцу — гэта адзнака падпарадкаваньня сьвядомасьці грамадзянаў аўтарытарнаму рэжыму :-). Зразумела, чыста ў Менску было і перад аўтарытарным рэжымам. Але што праўда, за часам ППРБ Менск ператварыўся ня проста ў чысты, але ў стэрыльны горад — у простым і пераносным сэнсе.