Выбрать главу

І вось мы назіраем, як амонаўцы разгублена перагукаюцца праз рацыі і сочаць за імправізаваным канцэртам, які ладзяць суайчыньнікі Ірвіна Ўэлша і спадкаемцы Янкі Купалы акурат побач з “Цэнтральным”. Зусім нядаўна — 25 сакавіка — спадкаемцы з кветкамі, балёнікамі і сьцяжкамі ў руках акуратна выціскаліся і расьсейваліся, затрымліваліся і адпраўляліся ў бліжэйшы пастарунак ці далей — на Акрэсьціна. Зрэшты, калі беларусы проста дазволілі б сабе згуртавацца ды засьпяваць песьню “без дазволу”, атрымалі б усё роўна — за “парушэньне грамадзкага парадку”. І так будзе адразу, як шатляндцы пакінуць Менск.

Я слухаю шатляндзкую дуду і згадваю, як калісьці ў 1990-х цэнтар Менску поўніўся фарбамі жыцьця. Вось белы кот, які ў пераходзе “самастойна” грае на клявішах. Вось малады трансвэстыт па мянушцы Мадонна, які на рагу праспэкту ладзіць комікшоў. Вось вулічны гітарыст, які на замову можа сыграць перадапошнюю песьню з трэцяга альбому “Led Zeppelin”… А вось два байцы “кулька” (Інстытут культуры): адзін з балалайкай, а другі з гармонікам. Сьпяваюць “Воплі Відаплясава” і Сукачова: “Я палюблю тибя, Масква…” Я кідаю хлапцам купюру сярэдніх памераў і кажу: “Яшчэ раз пачую пра Маскву — п@зды дам”. Наступнага разу, як бачаць мяне ў пераходзе, адразу пачынаюць сьпяваць “Песьняроў” ці “N.R.M.”.

Але да 2006-га ў цэнтры Менску сталася стэрыльна чыста. Ані кулькоўцаў, ані панкаў, ані мэталістаў. Скінгэдаў паганялі антыфа, а антыфа паганялі мянты… Але мы з маімі сябрамі шукаем і штораз знаходзім закуткі паралельнай прасторы. Яны зьяўляюцца заўжды. І юнакі з гітарамі, і новыя рок-клюбы, і паўпадпольныя спэктаклі, кватэрныя канцэрты, прэзэнтацыі на лясных палянах і проста ў электрычках…

У 2006 годзе я глядзеў на шатляндцаў у цэнтры Менску і спрабаваў зразумець, што робіцца ў галовах амонаўцаў, якія кожнага беларуса забралі б за дзясятую частку той добрай, непрымусовай і п’янаватай весялосьці, якая панавала ў “гасьцей сталіцы”. А пасьля мне зрабілася проста добра, бо я зразумеў, што “нашы ў горадзе”. І я кінуў купюру на піва маладым вулічным музыкам, якія ткі наважыліся сьпяваць па-беларуску ў пераходзе пад пляцам Незалежнасьці.

P. S. І хоць зьнешне дэкарацыі грамадзкага жыцьця не зьмяніліся, я адчуў зьмены ў сабе і людзях, якіх выпадкова сустрэў у рэальнасьці ды by_сеціве. Я зразумеў, што прыйшла новая сытуацыя. І час новых фрашак.

БАЙКІ ЛОКІ

Сяргей Шыдлоўскі пасьляслоўе

* Локі — адзін са скандынаўскіх міталягічных багоў. Спрытны вынаходлівы хітрун. Для яго адсутнічаюць паняткі “ілжывасьць” і “праўдзівасьць”. Локі — адзін з бостваў-трыкстэраў, якія парушаюць парадкі багоў і законы прыроды, але пры тым, зазвычай, неасэнсавана дасягаюць якога-кольвек пазытыўнага эфэкту.

Бажок Локі — скандынаўскі прадстаўнік у інтэрнацыянале трыкстэраў. Гэтаму прыкольнаму чуваку з ф’ёрдаў ад старажытных вараскіх часоў і нашыя землі не чужыя.

Нашыя землі, уласна, — землі яго, царства трыкстэра. Хто такі Дзёмкаселянін, Несьцерка ці дамавікі Адама Глёбуса як не інкарнацыя Локі, — жартаўнікі-правакатары, “інтэлект без адказнасьці”.

Пры тым што Севярын Квяткоўскі выглядае большым Локі, чым сам Локі, на старонках “Фрашак” паўсталі ня дробныя дэманы, а людзі. Нашыя людзі, пра якіх гаворыцца з гумарам, але па-харошаму і нават цёпла. Больш за ўсё аўтар цьвеліць над сабой, што рэдкасьць для генэрацыі 30-гадовых прыпозьненых беларускіх постмадэрністых.

Побач зь іншымі азначэньнямі, кшталту “The Bestseller”, я б надпісаў на вокладцы гэтай кнігі таксама “Friendly”, — у “Фрашках” адсутнічае патас, зьнелюбеласьць, пагарда і разьлік. Квяткоўскі быў у віры моладзевых акцыяў супраціву сярэдзіны 1990-х, але і для міліцыянтаў у кнізе знаходзіцца добрае слова. Няма літасьці адно бэпээсэмаўцам.

Прычына памяркоўнага тону кнігі ў нацыянальнай беларускай талерантнасьці? Мяркую, тут нешта іншае. Магчыма, дух беларушчыны пачатку 1990-х, сьвяточны і карнавальны, калі да нацыяналізму чатырнаццаці-васямнаццацігадовая прыходзілі на ўздыме Руху. Усё Толькі Пачыналася. Гэта былі першыя хвіліны, гадзіны, ночы і дні Незалежнасьці. Так, мы выдумлялі для Беларусі герб, ня ведаючы, што ён існуе, вымалёўвалі абрысы радзімы на контурных школьных мапах — у этнічных межах. Яе грамадзянамі мы зьяўляліся задоўга да таго, як атрымалі пашпарты з Пагоняй. Мяркую, ёсьць заканамерным, што гэты час знайшоў свайго летапісца ў асобе Квяткоўскага. Яму стае пазытыву і прынцыповасьці, каб адэкватна адлюстраваць атмасфэру 1990-х.