Выбрать главу

Аддалі. Праз паўгадзіны тлумач вывеў хлопца з таго ж барака і піхнуў у спіну так, што гаротны ўпаў у гразь, ёй пад ногі. Ці то вартаўнік узлаваўся, што ахвяра вырываецца на волю, ці то яму мала што перападала з платы за яго.

Вольга апусцілася перад палонным на калені, выцерла яму твар рогам хусткі і пацалавала ў гарачыя вусны. Хлопец сапраўды быў хворы, яго паліла. Ён прытуліўся тварам да яе пляча і заплакаў, глуха, сутаргава.

— Не трэба, родненькі мой, не трэба, — зашаптала яму Вольга. — Хутчэй хадзем адсюль. Хутчэй!

Яму самому хацелася хутчэй адысці ад гэтага жудаснага лагера, дзе — ён гэта ведаў, адчуваў — смерць чакала яго, знясіленага, хворага, у адну з бліжэйшых марозных начэй, можа, нават у самую блізкую. Таму ён падхапіўся з зямлі са спрытам здаровага чалавека. Але асцярожная і хітрая Вольга не дала яму пабегчы. Яна ўзяла яго пад руку і павяла па гразкай, разбітай грузавікамі дарозе. Аднак, калі адышліся так, што баракі і калючы дрот схаваліся за ўзгоркам, не вытрымалі абое — звярнулі з дарогі, па якой маглі ісці… не людзі — немцы, фашысты, — і пабеглі па грузкім полі, па нізіне, не разумеючы, што рызыкавалі значна больш: па іх мог ударыць кулямёт з вышкі. Ды ў той міг разважлівая Вольга забылася пра ўсё, у тым ліку і пра тое, што ўсё адно прыйдзецца выходзіць на дарогу, ісці праз пасты і на мінскіх вуліцах сустракаць іх, немцаў, безліч. Але тых, у горадзе, яна так не баялася, на рынку, напрыклад, яна ўвогуле не баялася немцаў, больш абіралі паліцаі, з немцамі яна навучылася дамаўляцца, законы іх ахоўвалі яе, камерсантку; слова гэтае, пачутае ад немца, які размаўляў па-руску і наладжваў парадак на рынку, ёй падабалася больш, чым грубае — гандлярка, якое зневажала.

Сілы ў хлопца хапіла ненадоўга, ён спатыкнуўся. Калі Вольга кінулася дапамагчы, папрасіў вінавата, вельмі ж неяк па-інтэлігенцку:

— Прабачце. Дазвольце пасядзець, — і так глядзеў сваімі шырокімі блакітнымі вачамі, што ў Вольгі сэрца аблілося крывёю. «Як ён просіць: „Дазвольце!“ Любы ты мой, хто табе можа дазволіць ці не дазволіць, калі і праўда ты не маеш сілы!»

— Вунь там грудок, салома ляжала, — сказала Вольга і памагла яму ўстаць на ногі, абняўшы за плечы, прывяла да зацярушанага снегам паддона. Сядаючы на мокрую салому, ён зноў-такі вінавата растлумачыў:

— Дыхаць цяжка, ведаеце. Не хапае паветра. — I сумна ўсміхнуўся. — У такім прасторы чалавеку не хапае паветра. Парадокс.

Апошняга слова Вольга не зразумела — вучонае нейкае слова. Увогуле, яе дзіўна збянтэжыла яго інтэлігентнасць, бо ў жыцці яна не надта любіла інтэлігентаў. Цяпер думала, як звяртацца да гэтага хлапчыны — на «вы» ці на «ты»? Хацелася неяк адразу паразумецца; каб спрашчаць адносіны з людзьмі, у яе быў правераны сродак — грубы жарт. Але як, з чаго можна пажартаваць тут?

Снег зноў перайшоў у дождж, дробны, густы. Хлопец сядзеў на снезе, снег раставаў пад ім, і ён нібы не адчуваў макрэчы. У звычайных умовах можна было пажартаваць з гэтага. Але падумала, што, прамоклы да касцей, у гарачцы, ён сапраўды ўжо не адчувае ні макрэчы, ні холаду, нічога. Ад гэтага самой зрабілася нясцерпна холадна, хоць перад тым і нагрэлася, пакуль бегла, але цяпер яе пачало аж ліхаманіць.

Знясілены юнак заплюшчыў вочы, здаецца, засынаў, бо хістаўся. Вольга спалохалася, што ён можа памерці тут, у полі, толькі што вырваўшыся з пекла.

— Даўно ты ў іх?

— А-а? — Ён здрыгануўся, няўцямна, спалохана, але ўміг прыйшоў да памяці. — Не, тут нядоўга, чацвёрты дзень. Хоць вам немагчыма ўявіць, што такое гэтыя дні. Мяне ўзялі ў палон тры тыдні назад… Пад Вязьмай. Усю нашу рэдакцыю. Мы трапілі ў акружэнне. Васіль Пятровіч застрэліўся. А мы… я не здолеў, ведаеце, не хапіла духу… баязлівец. Ненавіджу сябе за гэта. Хацелася жыць… малады. Я… я не меў права так жыць. Вы неўяўляеце, што я перажыў за гэтыя тыдні… Гэта немагчыма расказаць.

Слова «рэдакцыя» яшчэ больш збянтэжыла Вольгу, але тое, што расказвае ён складна, не трызніць, парадавала — не, не памрэ, толькі б дабрацца дадому, а там яна яго адагрэе і адкорміць.

— Яктваё імя?

— Маё? — Яго нібы спалохала такое пытанне, ён задумаўся, як бы ўспамінаючы сваё імя, гэта таксама насцярожыла Вольгу: ці не блага ў яго з галавой? — Алесь… Саша. Мама называла Сашам, а ў школе — Шура. Але вы называйце Алесем. А прозвішча — Шпак, — па незразумелай самому прычыне ён не ска-заў свайго сапраўднага прозвішча — Гапанюк, можа, таму, што не любіў яго, сказаў паэтычны псеўданім.