Яна сама добра не ведала, у што верыць ёй, проста яна да тае хвіліны сур’ёзна не задумвалася над гэтым. А вершы, дзіўныя, малазразумелыя, прымусілі задумацца. Сапраўды, у што ёй верыць? У Бога? У Сталіна? У невядомага трубача, які дасць сігнал і падыме народ?
Мабыць, яна штось сказала ці падумала ўголас, ці, можа, выгляд у яе зрабіўся незвычайны, бо Алесь раптам перастаў чытаць і пільна ўгледзеўся ў яе.
— Чытай, Саша, — паварушыла яна вуснамі, якія раптам засмяглі, нібы іх апаліла гарачка.
— Падабаецца? — радасна спытаў ён.
Тады Вольга схамянулася: вельмі ж нязвыкла і дзіўна паводзіць яна сябе! Вершамі можа захапляцца ён, юнак, інтэлігент, у яго маці — настаўніца, а ёй у яе становішчы смешна так расчуліцца ад вершыкаў. Скажы, калі ласка, як закалыхаў, ажно душа самлела, праўда, трохі да слёз не давёў. А ёй такая мяккацеласць зусім без патрэбы, тут толькі пакажы слабасць, дык цябе адразу з’ядуць, бо навокал ваўкі, каб з імі жыць, трэба па-воўчаму выць, па-воўчаму агрызацца, як яна на паліцаяў, а не пырхаць салавейкам і не залівацца песнямі.
— Ён што… У Бога верыў? — спытала яна ў яго раптам.
— Хто?
— Ды гэты… Блок.
Алесь збянтэжыўся: не чакаў, што з прачытаных вершаў жанчына зробіць такі дзіўны вывад.
— Ды як сказаць… Тады яшчэ многія верылі… Але Блок прыняў рэвалюцыю.
— Вось бачыш: хто ў Бога верыў, той і пісаць добра ўмеў, — павучальна, як маці сыну ці настаўніца вучню, сказала яна.
— Ну, ведаеце, — нясмела запярэчыў Алесь, — гэта не зусім так. Многія вялікія пісьменнікі не толькі нашага стагоддзя, калі вынайшлі радыё і чалавек узляцеў у паветра, але і тыя, што жылі раней… у сярэднія вякі, напрыклад, былі перакананымі атэістамі.
— Кім?
— Няверуючымі. Сервантэс… Бёрнс… Вальтэр.
— Прачытай яшчэ што, — перапыніла яна пералік атэістаў. — Ты хораша чытаеш. У цябе добры голас. Дзявочы.
— Гэта ад слабасці.
— Табе цяжка чытаць?
— Не-не, чытаць не цяжка, — як бы спалохаўся ён і пачаў хутка гартаць кніжку, шукаючы, што яшчэ прачытаць ёй, безумоўна, хацеў знайсці такое, што кранула б яе. Чаму спыніўся на гэтым вершы? Зусім жа не хацеў, каб Вольга пераканалася, што Блок сапраўды быў набожны чалавек. Ці, можа, яму здалося: менавіта гэты верш дасць ёй зразумець, што справа не ў словах, нават не ў сюжэце — вялікія мастакі мінулага пісалі на біблейскія сюжэты, а ў сапраўднасці адлюстроўвалі сваю сучаснасць і людзей, якія жылі з імі побач. Так і ў гэтым вершы: ангел-храніцель — жывы чалавек, жанчына. Ён прачытаў колькі радкоў сабе, варушачы губамі, потым з натугай пракаўтнуў сухую сліну. Вольга паглядзела на яго шыю, яна такая худая і белая, што здавалася, прасвечвалася наскрозь, і здавалася, што відаць не толькі тое, як ён каўтае, але і кожнае вымаўленае ім слова — якія яны, словы, круглыя, вострыя, лёгкія, цяжкія…
Прачытаў і спыніўся як бы ў нерашучасці, ці, можа, спазма сціснула горла.
Першыя радкі Вольга выслухала безуважна, толькі ўсмешкай падбадзёрыла: чытай, маўляў, далей. Нешта, як цяжкая льдзіна, скранулася ў душы, калі ён усё яшчэ шэптам прачытаў:
Але пакуль што гэта толькі нагадала пра тое невядомае, што чакала іх у недалёкай будучыні, пра што яна ўжо думала і трывожылася, хвалявалася, чым скончыцца яе бяздумны ўчынак. Кім гэты хлапчына стане ў яе доме, калі ачуняе?
Яна здрыганулася, калі голас яго раптам як бы вырваўся з-пад падушкі, якой быў заціснуты, зазвінеў рашуча і гнеўна:
«Божа мой! — падумала Вольга. — Дык гэта ж ён пра нас, пра сябе і пра мяне… што мы пра рознае думаем… і па-рознаму пражыць хочам…»
На нейкі момант нават усміхнулася, што ў кнізе так надрукавана. Ці не сам ён прыдумаў усё, пакуль ляжаў тут адзін? Гэта яе чамусьці асабліва ўзрушыла, але і спалохала. Яна азірнулася на акно, на грушу, да галін якой прымерзла пачарнелае, зморшчанае рэдкае лісце. А ён ажно расчырванеўся і нічога ўжо не бачыў вакол сябе, на ўсё забыўся, і голас яго — о не, зусім не дзявочы, не слабы! — мацнеў з кожным словам, і нішто яго не магло спыніць. Толькі ў адным месцы як усхліпнуў, на словах — «люблю я тебя и за слабость мою». За сваю ўласную слабасць таксама любіць…