Гэта праўда: бывае і так. Недарма бабы казалі: слабы любіць больш верна. Ды балюча яму, што слабы ён, нядужы.
Скончыў ён не шэптам, бадай на ўсю моц, але голас яго як бы слабеў з кожным запытаннем:
Можа, яму хацелася плакаць, таму ён заплюшчыў вочы. I кніга ўпала на грудзі, прыкрытыя адной белай сарочкай. Часта-часта білася яго сэрца. Як часта яно білася, Вольга бачыла па пульсе на яго худзенькай, з трысціначку, шыі.
Вольга асцярожна ўзяла кнігу, але кніга загарнулася, і жанчына, разгарнуўшы яе, не магла знайсці таго верша, а гартаць хутка, шумна не адважылася, цішыню парушаць не адважвалася, бо з’явілася ў ёй, у цішыні, нешта таемнае, загадкавае, незразумелае, але жаданае. У цішыні яны і раней часта сядзелі, калі хворы быў зусім яшчэ слабы і яму цяжка было гаварыць, але тады, калі ён не спаў, Вольга не ахоўвала гэтай цішыні — імкліва рухалася. Грымела, бразгала, гаварыла пра хваробу, пра надвор’е, пра навіны, пачутыя на рынку, лічыла, што хвораму на карысць такая жыццядзейнасць яе. А тут сэрцам адчула, што яму патрэбна цяпер не цішыня адзіноцтва, а яе маўклівая прысутнасць. Ды і ў самое з’явілася патрэба памаўчаць пасля тых слоў, якія пачула. А што гэта за словы? Яна так лёгка запамінала ўсё, а тут не можа прыгадаць ніводнага радка гэтай дзівоснай песні ці малітвы, помніла толькі сэнс простых слоў ды адчувала складаную музыку іх, музыка тая ўсё яшчэ як бы гучала ў галаве, у сэрцы.
Азірнулася: чаму не чуваць Светкі? Вельмі здзівілася: дачка спала ў зале, на ватнай коўдры, там жа, дзе гуляла з драўлянымі кубікамі. Ды здзівіла не тое, што дачка спіць, дзіця ёсць дзіця — яго то не ўкладзеш, то засынае нечакана. Здзівіла, што заснула ў дзіўнай паставе, па сутнасці, седзячы, паклаўшы галоўку на вялікага, палінялага ўжо плюшавага мішку; Вольга прынесла яго ў першыя дні вайны з чужой кватэры і чамусьці не любіла яго, а Светка любіла. Амаль з прымхлівым страхам падумала: няўжо і малую ён закалыхаў гэтай малітвай? Наслухалася камароўскіх баек пра кнігі-магіі, кожнае слова якіх мае цудадзейную сілу — заварожвае, прыварожвае, лечыць і гоіць раны. Таму падумала: ці не такая і гэтая кніга? Ён ажыў за нейкія тры дні, калі атрымаў кнігу. А яе заваражыў за паўгадзіны.
Трэба пакласці Свету ў каляску. Прыкаціла каляску да яго ложка, каб пакалыхаў, калі малая будзе прачынацца. I трэба бегчы на рынак — па мяшкі і кашы… Але не магла паварушыцца, бо Алесь ляжаў з заплюшчанымі вачамі, знясілены магічным чытаннем. I яе як закалыхаў.
Потым празрыстая рука яго пачала шукаць на грудзях кнігу, значыцца, не чуў, як Вольга брала яе. Не знайшоў — здзівіўся, расплюшчыў вочы, паглядзеў на Вольгу вінавата і збянтэжана.
Яна сказала, як малому:
— Спі.
— Не, я не засну.
— Пакалышаш Свету. А то вунь дзе заснула, — і пайшла да дачкі.
Рэшту таго дня, увесь доўгі асенні вечар і ўначы Вольга думала пра верш, нават сасніла нешта такое, што ніколі раней не з’яўлялася ў сне: светлыя харомы, палац ці храм, мносгва людзей, усе трымалі такія ж кнігі, як малітоўнікі, і ўсе шапталі прыгожыя словы, адна яна без кнігі, пакрыўджаная нейкім невядомым, хто раздаваў кнігі, не даў ёй, пакутавала ад крыўды, прагна лавіла знаёмыя словы, але — новая пакута! — не магла паўтарыць іх, бо не запамінала ніводнага, а ёй так хацелася паўтараць гэтыя словы. Хадзіла сярод людзей з кнігамі і шукала Яго, бо ведала: калі знойдзе, то адразу ўспомніць усе словы, без якіх ёй немагчыма далей жыць; на момант Ён з’яўляўся сярод людзей, але тут жа знікаў, не хаваўся, а як бы раставаў ці закрываўся белым туманам. А потым яе схапіў у абдымкі паліцэйскі Друцька і пачаў дамагацца саромнага, перад людзьмі пагражаў, што калі яна не ляжа з ім, то ён данясе немцам, каго яна хавае ў сябе, і іх абаіх павесяць на Камароўскім рынку.
Прачнулася, аблітая халодным потам. Моцна калацілася сэрца. Але ўспомніла, што сніла, і павесялела, паказала Друцьку дулю, раптам упэўніўшыся, што цяпер любыя дамаганні ўсіх друцькаў будуць марныя, не, не толькі таму, што ў доме жыве ён, але і таму, што ў самое яе з’явілася новая, невядомая дагэтуль сіла.
Раніцой, калі Алесь яшчэ спаў, Вольга ціхенька ўзяла кнігу, знайшла верш «Ангел-хранитель». Прачытала раз, другі, трэці… Загарнула кнігу і вельмі ўзрадавалася, што амаль усё запомніла, яшчэ разы два заглянула ў кнігу і вывучыла на памяць, так хутка і ў школе не вывучвала. Сапраўды, радавалася, як дзіця, што ў яе добрая памяць, што не спраўдзіўся страшны сон і што ніякай магіі няма — звычайная кніга.