Выбрать главу

На другі дзень, грэючыся на рынку каля жароўні, прапанавала сяброўкам-гандляркам: «Хочаце, бабы, раскажу верш? Са школы помню». — «Давай, Волька, павесялі, можа, душа адтане, а то прымерзла да рэбраў». Не зразумелі бабы сур’ёзнасці слоў, якія яна чытала з прыкметным хваляваннем, пасмяяліся, адна сказала, што такое можа прыдумаць толькі той, хто не мае мужчынскай сілы. Вольга стаіла крыўду, бо здалося: словы гандлярак зневажалі яго, Алеся, хворага чалавека. А пасля спалохалася, там жа, на рынку, калі старэйшая з гандлярак, полька Рэгіна, спытала ў яе таямніча, адзін на адзін:

— Гэта ён напісаў такое, твой?

— Не, гэта не ён. Гэта… Блок…

— Які блок? Што ты вярзеш? — і яшчэ больш спалохала, параіўшы: — Нікому, дурная, не расказвай свой верш. А то вылезла сярод рынку. Глядзі, як бы пад вяроўку не падвяла і яго, і сябе. Людзі цяпер горш за сабак. Брахне каторы, а вецер разнясе…

Прыйшла Лена Бароўская, яшчэ больш пахудзелая за тыдзень, як яны не бачыліся, і адзетая ўжо зусім не па-дзявочаму: салдацкія кірзавыя боты, на галаве не хустка, а коўдра нейкая, толькі паліто ўсё тое ж, ветрам падбітае. Сапраўды, не дзяўчына, а бабуля. Пэўна, белую пуховую хустку абмяняла на прадукты. Вядома, калі галадаеш, нічога не пашкадуеш, бо не да ўбораў тады. Але Вольга пераканалася, што пра адзенне і харч цяпер лепш не гаварыць, бо людзі крыўдуюць і злуюць. Лена таксама: была ў іх ужо такая размова. Таму Вольга зрабіла выгляд, што яе зусім не цікавіць, у што Лена абутая і апранутая, які мае выгляд. Але і радасці ад яе з’яўлення не паказала. Павіталіся стрымана. Спачатку ўзгоднена пабедавалі, што такая ранняя зіма. Але потым Лена як бы не пагадзілася, сказала:

— Але затое і фашысты адчуюць, што такое руская зіма. Па вуліцах не ходзяць — бегаюць з падскокам, як ганчакі. Увесь форс страцілі.

Вольга спытала, як адчуваюць сябе старыя Бароўскія. Лена пазмрачнела і адказала бадай з дакорам:

— Прыйшла б, праведала. Маці часта ўспамінае цябе.

Вольга падумала, што не, не пойдзе яна да Бароўскіх, даволі таго, што Лена да яе ходзіць. Увогуле, варта было б неяк адгарадзіцца ад такога сяброўства, дзеля бяспекі сваёй, дзіцяці свайго і яго бяспекі, таго хлапчыны, што цягаецца да гэтай камсамолкі. Пасварыцца з ёй, ці што? Але не тут, добра было б на людзях, на рынку, напрыклад. Хоць Лена павяла яе ў лагер, памагла з даведкай і яшчэ шмат чаго зрабіла, але Вользе не падабалася, што яна наведваецца да Алеся і той радуецца яе прыходу і яны як бы бліжэй адно да аднаго, чым Вольга і ён. За колькі дзён незвычайнае ўздзеянне вершаў, што размякчылі душу, аслабла, і зноў яна зрабілася ранейшай Ляновічыхай, любіла сябе такую, хоць ведала, што многія людзі яе за такі характар называюць вельмі жорстка — ваўчыцай. Але гэта не кранала асабліва. Яна верыла, што толькі такой, няхай сабе і ваўчыцай, можна пражыць, не вельмі бядуючы.

Алесевы словы пра свята і пра тое дарагое, за што не трэба шкадаваць жыцця, толькі на міг узвысілі яе над бруднай і суровай штодзённасцю. Але словы тыя і спалохалі. Страх чамусьці з’явіўся ў пограбе, куды палезла па прадукты, каб згатаваць абед, і дзе ў яе былі схаваны самыя дарагія рэчы. Вось чаму з’яўленне Лены ў такі дзень не спадабалася. А калі Лена, пагаварыўшы хвіліну для прыстойнасці, пайшла з кухні ў пакой, да яго, безумоўна, пайшла, Вольга проста абурылася, закіпела гневам. Скажы, калі ласка, як гаспадарыць у чужым доме! Які рэвізор з’явіўся! Хаця б дазволу папрасіла ці прыдумала б нешта: як, маўляў, там Светка? Хвіліну Вольга дала сабе астыць, каб і праўда не пасварыцца з Ленай пры ім. А пры ім ёй зусім не хацелася выяўляць горшае ў сваім характары. Пры ім хацелася быць добрай.

Але Лена была ў яго, сядзела там жа, на ложку, у нагах, дзе сядзела яна, Вольга, калі ён чытаў вершы. Такая яе блізкасць да яго адазвалася ў Вользе рэўнасцю: «Бач ты, дзе ўселася! Як свая!» Але ўбачыла, што ў хлопца мокрыя вочы, здзівілася. Мужчына плача? Ад чаго? Што Лена сказала такое? Якія ў іх могуць быць сакрэты?

Накінулася на Лену, нібыта жартам, але словы былі жорсткія і голас халодны, што асенні вецер:

— Прыходзіш — і расстройваеш мне хворага чалавека! Хопіць з нас сваіх бед, няма нам чаго плакаць над тваімі. Плач над імі сама, у падушку, калі хочаш, каб на сэрцы палягчэла. Цяпер слёзы на людзі не выносяць. Холадна. Замерзнуць…

Лена лепш, чым хто іншы, ведала маладую Ляновічыху, са школьных гадоў многа разоў з ёй сварылася, мірылася і прывыкла ўжо не надаваць асаблівага значэння яе словам, бо кідала іх Вольга ўсюды з базарнай лёгкасцю, усім «адважвала» і «давала рэшту». Але гэтыя словы, не такія ўжо і грубыя, збянтэжылі і пакрыўдзілі дзяўчыну, бледны твар яе загарэўся, яна не знаходзіла, што адказаць, які тон выбраць. Не сварыцца ж! Не прыніжацца перад гандляркай! Але ж і маўчаць не варта. Ды выручыў Алесь — з дзіцячай прастатой і шчырасцю прызнаўся: