— Сваіх бед Лена не прынесла. Радасць прынесла. Са святам павіншавала, перамогі пажадала. Таму і расчуліўся. Не звяртайце ўвагі на мае слёзы. Я — сентыментальны.
Пра самае галоўнае, што давяло яго да радасных слёз, не сказаў: Лена паведаміла, што ўчора ў Маскве адбылося ўрачыстае пасяджэнне і выступаў Сталін.
Словы яго прымірылі жанчын. Лена ўзрадавалася, што ён не сказаў пра тое, галоўнае, што яна паведаміла яму тайна, шэптам, і гэтым ён як бы пацвярджаў сваю згоду змагацца і выяўляў патрэбныя якасці падпольшчыка. А Вольгу ўзрадавалі яго сапраўды дзіцячая непасрэднасць і шчырасць. Помнячы, як ён гаварыў пра свята, яна паверыла, што само віншаванне магло хлопца так крануць, і такая яго чысціня, як вершы, як яго словы пра рэвалюцыю, пра Радзіму, зноў неяк хораша ачысцілі яе самую — пасвятлела ў душы, быццам загарэлася там урачыстая святочная свечка. Праўда, кусанула і рэўнасць: яна нават забылася на гэтае іх свята (так і падумала — іх, усё яшчэ адлучаючы сябе), а вось Ленка, гэтая змарнелая, у якой адна скура ды косці засталіся, здагадалася, не забылася, безумоўна, знарок прыйшла, каб павіншаваць; вось што, выходзіць, іх звязвае, прыцягвае. Але гэта і супакоіла — што іх прыцягвае адно да аднаго не што іншае. Дзіўныя. Дзеці. Небяспечна гэта цяпер. Але ж дзеці часта цягнуцца да небяспечнага. А хіба яна не рызыкавала, калі брала яго з лагера, пасяляла ў сябе? Яшчэ як рызыкавала! Ачышчаная ад нядобрых, гандлярскіх і бабскіх, пачуццяў і думак, Вольга неяк адразу павесялела, і ёй захацелася таксама зрабіць нешта незвычайнае, добрае. Яна прапанавала:
— А ведаеце што? Давайце адзначым яго, свята, як да вайны. Абед царскі згатуем. I вып’ем добра! Сказаць вам, што я маю?
— «Маскоўскую», — узрадаваны яе парывам, яе салідарнасцю, трохі нервова засмяяўся Алесь.
Вольга пагразіла яму пальцам.
— Ша! Балбатун! «Маскоўская» — само сабой, — і паведаміла таямнічым шэптам: — «Савецкае шампанскае».
— О Божа! Чаго ты не маеш! — пракаўтнула галодную спазму Лена.
— А я ўсё маю. Не была б я Ляновічыха, — гарэзліва, на адной назе крутнулася Вольга. Сказала Лене: — Хадзем, паможаш мне. А ты ляжы, не паднімайся, пакуль не паклічам, — загадала Алесю.
IV
Алеся здзіўлялі і Вользіна шчодрасць, заўсёды нечаканая, і яе ашчаднасць, больш пастаянная, але не менш незразумелая. Мела газу, запаслася ў пачатку вайны, усім запаслася, што ў вайну набыло асаблівую цану, але паліць лішне не давала, нават яму, госцю, якому так хацелася пачытаць увечары. Кнігі па яго просьбе знаходзіла і прыносіла, але газу не палі, камандавала, як строгі старшына: «Спаць!»
Электраэнергію акупанты давалі толькі ў цэнтры горада, ва ўстановы, на вакзал, у дамы, дзе размяшчаліся немцы. Ускраіны жылі ў цемры, з газнічкамі і лучынай. А вечары лістападаўскія доўгія. I сон не прыходзіць так рана. У гэты час мозг узбуджаны, як ніколі, галава напоўненая ўражаннямі дня, успамінамі і думкамі, бясконцай плынню думак. У цемры незвычайна абвастраецца слых, і Алесю здавалася, што ён чуе ўвесь горад — не толькі свіст далёкіх паравозаў, грукат начнога грузавіка ці танка, стрэлы, крыкі, тупат ног, але і тое, што чуюць нямногія, — крык болю, стогн, плач, рыданні, перадсмяротны ўздых, страшны смех, пракляцці і п’яны вэрхал забойцаў. Паэт чуў усё сэрцам. Аднак балела б яму не менш, каб ён бачыў усё і чуў.
За дашчанай перагародкай, у суседнім пакоі, не спала Вольга, варочалася, уздыхала, часцей, чым трэба, папраўляла коўдру, якой накрыта дачка. I гэта яго таксама хвалявала і трывожыла — яе ўздыханні. Ён усё яшчэ ніяк не мог зразумець гэтую жанчыну. Навошта ўзяла яго? Чаму так клапатліва выхаджвае? Калі і якую плату запатрабуе за ўсё, што зрабіла для яго?
Малады рамантык, пазбаўлены страху пасля ўсяго, што перажыў, не думаў і не ўяўляў, што ў доўгія бяссонныя вечары і ночы над усімі Вользінымі пачуццямі панавала адно — гэты самы страх; ён заглушаў усе іншыя чалавечыя жаданні і думкі, як бы замыкаў іх у цёмную і цесную камеру, дзе яны трапяталіся, біліся, як злоўленыя птушкі, і не маглі знайсці выйсця. Раней яго не было, ён з’явіўся, бадай, пасля святкавання Кастрычніка. I прыходзіў тады, калі жанчына клалася ў ложак, і яна пакутавала многія гадзіны, ажно пакуль, змарнелую, не адольваў неспакойны сон. А наступаў дзень — і ўсе начныя страхі здаваліся калі не смешнымі, то, ва ўсякім разе, моцна перабольшанымі. Удзень Вольга жыла звыклым жыццём, дзейсным, актыўньм. Такое жыццё здавалася ёй адзіным ратункам. Пра багацце яна думала цяпер менш, але галадаць, як Бароўскія, не хацела, ды і ўпэўненая была, што бяспека залежыць і ад дабрабыту: аднаму гаду дасі ў лапу, другога падпоіш. Ёй вельмі хацелася ў такія вечары даўжэй пасядзець з Алесем, паслухаць, як ён чытае вершы, тлумачыць іх, як гаворыць… Але… па-першае, сапраўды шкада было газы… Не, маніла яна сабе і яму, прыкрывалася ашчаднасцю. Прычына была іншая. Баяцца яна пачала таго, як ён гаворыць аб Радзіме, аб народзе, аб іх бессмяротнасці, аб перамозе, якой не можа не быць, рана ці позна… Баялася таму, што не магла ўжо не слухаць яго, не магла загадаць змоўкнуць — не распускаць «бальшавіцкай заразы» — ці хаця б недаверліва пасміхацца: няхай пацешыцца хлопчык, бо іншых радасцей у яго няма. Не, ён прымушаў яе слухаць сур’ёзна, з хваляваннем, і яна спалохалася, цьмяна ўсведамляючы, што гэта можа разбурыць яе звыклае жыццё, парушыць душэўную раўнавагу. А потым пачала прымаць страх як боскую кару за сваё няправеднае жыццё, за неразумныя ўчынкі і грэшныя думкі. I звыклася з гэтым пачуццём, яно здавалася зусім натуральным у яе становішчы. Каб страх раптам знік у адзін з вечароў, Вольга, напэўна, спалохалася б яшчэ больш.