Выбрать главу

Яны ляжалі ў сумежных пакоях, кожны са сваімі думкамі, і, безумоўна, машыну пачулі адначасова, як толькі яна ўехала ў іх завулак, куды на машынах нават удзень заглядвалі рэдка. Машына была не цяжкая, ішла павольна. у адным месцы, пэўна па замерзлай лужыне, забуксавала, і матор завыў са звонам, пабудзіўшы ўсіх, хто спаў у гэты позні час.

Вольга, самлелая ад страху, малілася, каб іх пранесла міма. Няхай спыняюцца ля Кудлача, не, Кудлача, здаецца, праехалі ўжо… каля Кацманаў… Кацманаў яшчэ ў верасні загналі ў гета… Каля каго хочуць няхай спыняюцца, толькі не каля іх дома.

Снапы святла ўдарылі па вокнах залы. Машына спынілася каля самай брамы.

Вольга ўсхапілася з ложка з адзінай думкай: схаваць Светку! Але куды схаваеш? Лепш дзіця не чапаць. Разгублена спынілася ў дзвярах спальні ў адной сарочцы, напружана прыслухоўваючыся, што яны будуць рабіць, з чаго пачнуць. Не чутно, каб скакалі на зямлю салдаты, грукалі ў браму. Ды адкуль скакаць? Чутно ж было, што легкавушка. Але ад таго, што падышла легкавая машына, афіцэрская, зрабілася яшчэ страшней. Што ім патрэбна? Хто патрэбны? Гэты хворы нябога, што ледзь выкараскаўся ад смерці?

Алесь з восені саракавога служыў у кадравым войску, у артылерыі, толькі ў пачатку вайны перайшоў у газету, у якой раней друкаваў вершы. У часе вучэбных трывог ён умеў першы апранацца і першы выбягаў на лінейку. Першы ён выскачыў з зямлянкі і тады, калі рэдакцыю акружылі немцы. Прывычка армейская засталася і тут, у Вользіным доме: як толькі ачуняў, складаў сваё цывільнае адзенне каля ложка так, што мог у цемры адзецца за нейкія секунды. Пра тое, навошта гэта, не думаў, ведаў, што ўцячы ці схавацца бадай немагчыма. Проста хацеў небяспеку і нават смерць сустрэць у належнай форме — каб нішто не прыніжала чалавечую годнасць.

Яны не паспелі яшчэ пастукаць у браму, а ён быў ужо на нагах у поўнай форме. Не сумняваўся, што прыехалі па яго. Не спалохаўся. Але да слёз зрабілася крыўдна, што так і не паспеў нічога зрабіць. Хаця б аднаго фашыста забіў! О, каб у яго былі граната ці пісталет! Не, нічога не зрабіў бы ні гранатай, ні пісталетам, ні аўтаматам — у доме жанчына і дзіця… Дзіця! Пра гэта нельга забывацца! У яго засталося адно: падбадзёрыць яе і падзякаваць, няхай убачыць і расказвае пасля, як мужна ідуць на смерць савецкія воіны! Ва ўсякім разе, слабасці не паказваць ні ёй, ні ворагам!

Ступіў у залу, убачыў у дзвярах белую постаць жанчыны. Нельга, каб яны ўбачылі яе ў такім выглядзе!

— Адзеньцеся, Вольга Міхайлаўна.

Пакуль ён запальваў лямпу, яна апранула на сарочку старое паліто і зноў стала там жа, у дзвярах, босая, ускудлачаная. Ён здагадаўся, што яна загароджвае дзіця. Як птушка. Гэта кранула. Калі яны зачэпяць дзіця, ён кінецца на іх і будзе грызці зубамі. Пашкадаваў, што не паклаў блізка сякеру. Вольга раней клала яе на крэсла каля акна — ад рабаўнікоў; ён сказаў: цяпер адны рабаўнікі — з аўтаматамі, сякерай ад іх не абаронішся.

— Дзякуй, Вольга Міхайлаўна, — вось гэта трэба было сказаць абавязкова, без гэтага ён не мог пакінуць дом. — Дайце мне што-небудзь апрануць, самае старое, непатрэбнае.

Яна ўсхліпнула. У дзверы загрукалі, брамку Вольга не магла не зачыніць, значыцца, нехта з іх пераскочыў цераз плот. Яна памкнулася была адчыніць, ды Алесь спыніў яе, паклапаціўся пра яе ногі: