— Абуйце што, — і крыкнуў ім: — Айн мамент! — бо яны ўжо грукалі ботамі ці прыкладамі так, што брынчалі шыбы.
Алесь адкінуў завалу, і яны так піхнулі дзверы, што тыя моцна ўдарылі яго па нагах, па каленях, ад болю ён траха не страціў прытомнасць. Іх уварвалася трое. Але яго не схапілі — адразу кінуліся ў дом. На нейкі момант ён застаўся адзін у калідоры. Перад ганкам нікога не было відаць, за плотам мірна гурчаў матор аўтамашыны. Падумаў, што яму можна выйсці, кінуцца на агарод, пералезці ў чужы двор… Не, не мог ён і гэтага зрабіць — пакінуць яе адну, каб яны здзекаваліся, гвалцілі, пакаралі яе і дзіця за тое, што ён уцёк.
Ён увайшоў следам за імі ў асветленую лямпай залу. Усе трое былі ў чорных скураных паліто з футравымі каўнярамі і высокіх фуражках са свастыкай на кукардзе, высокія ростам, як знарок падабраныя — маладыя, прыгожыя; Алеся яшчэ ў лагеры здзіўляла і абражала, што фашысты бываюць прыгожыя, не стасавалася гэта з іх душэўным воблікам і паводзінамі. Адзін трымаў пісталет, пагражаў ім Вользе і паўтараў адно слова:
— Гольд! Во іст гольд? Гольд!
Знаёмае слова, але як перакласці яго — Алесь ніяк не мог прыгадаць.
Вольга стаяла там жа, у дзвярах, загароджваючы сабой спальню, дзе засталася Света. Захінула паліто абедзвюма рукамі, сашчапіўшы іх на грудзях. Яна так і не паспела абуцца, стаяла босая, і Алесь звярнуў увагу на яе ногі, ненатуральна белыя. Няўжо ад страху бялеюць ногі? Твар не такі белы, толькі пасінелі вусны і варушыліся бязгучна, без слоў. Вольга паціскала плячыма, не разумеючы, што ад яе патрабуюць.
Тым часам двое адчынілі вялікую люстраную шафу і пачалі перабіраць шматгадовы набытак сям’і Ляновічаў — паліто, футры, касцюмы, кофтачкі, бялізну. Пры гэтым вельмі спрактыкавана, як шпікі ці прафесійныя рабаўнікі, абшуквалі кішэні, абмацвалі швы, рэчы кідалі на падлогу. Але той, што стаяў з пісталетам, пачаў найбольш каштоўныя адбіраць і складваць на стол.
«Гольд? Гольд? — успамінаў Алесь. — Здаецца, грошы? Якія грошы? Навошта ім грошы? Лухта нейкая», — са страхам думаў, што ў галаве туман, каша, усё пераблыталася, як у часе страшнага сну, і што калі яго забяруць, то больш яму не вытрымаць катаванняў, бо не адступіла яшчэ хвароба.
Вольга, скінуўшы раптоўна здранцвенне, сарвалася з месца, са свайго паста ля дзвярэй, кінулася да камода, дзе стаяў посуд, з фарфоравай салатніцы дастала пачак дакументаў, пачала паказваць іх гестапаўцу з пісталетам, гучна і смела, як на рынку, тлумачыла, што ўсё ў яе ёсць — даведка на пляменніка, які выпісаўся з бальніцы, на права гандлю і што падатак яна заплаціла; тыцкала пальцам на нямецкія пячаткі на паперах.
— Во, няхай пан паглядзіць! Усё па закону! Па нямецкаму! Я люблю нямецкі парадак! Гут дойчэ!
Больш, чым само з’яўленне фашыстаў, Алеся спалохалі Вользіны словы. Што яна гаворыць? Хіба можна такой цаной ратаваць яго? Гзта ж здрада! Не трэба яму такое ўратаванне! Хацел ася крыкнуць ім у твар іншае: «Гітлер капут! Няхай жыве Сталін!» Але зноў-такі падумаў, што не аднаго яго хоча Вольга ўратаваць: сябе і дзіця, магчыма, у першую чаргу, таму мае права на любыя сродкі, і тут ён мусіў маўчаць.
Гітлеравец глянуў дакумент, трохі як бы здзівіўся:
— Хандаль?
— О так, пан афіцэр! Гандаль! Гандаль! Я іст гандаль!
Але дакументы іх мала цікавілі. Яны шукалі іншае. Паказваючы дакументы, Вольга забылася на сваю напратку, паліто расхінулася, і адкрылася сарочка, праўда, не празрыстая, паркалёвая, але аздобленая зверху, на грудным разрэзе, і знізу, на падоле, карункамі, праз карункі прасвечваліся поўныя грудзі, якія яшчэ нядаўна кармілі дзіця. Адзін з тых, што перабіраў адзенне, спыніў свой занятак і прагнымі вачамі ўтаропіўся на яе грудзі.
Алесь так пільна сачыў за фашыстамі, што адразу ўбачыў гэты позірк, вочы, якія ўміг зрабіліся масляністымі, драпежнымі. Немец кінуў перабіраць і, ступаючы на кучы адзення, пайшоў да Вольгі. За кароткую хвіліну Алесь перажыў, магчыма, найбольшы страх у сваім жыцці і найбольшую рашучасць, адчайнасць, высокі парыў — засланіць сабой, жыццём сваім жанчыну, абараніць яе гонар. Калі дакрануцца да яе, ён кінецца тыграм, ён учэпіцца зубамі! Не, лепш вырваць пісталет у таго, што разглядае дакументы і не звяртае ўвагі на Вользіны грудзі. Але ўратаваць яе можна, захапіўшы пісталет, не інакш! I Алесь таксама ступіў да стала разам з гітлераўцам, крок у крок, разлічваючы кожны свой рух. Але той праз стол паказаў пальцам на грудзі і выгукнуў:
— Золёто!
Чаму, убачыўшы жаночыя грудзі, немец прыгадаў, як па-руску называецца тое, дзеля чаго яны зрабілі налёт?