Выбрать главу

Тады і той, што стаяў з пісталетам, таксама як бы ўзрадаваўся:

— О, о, золёто! Во іст золёто?

— Ах, золата! Вам патрэбна золата? — узрадавалася Вольга, што нарэшце зразумела немцаў, ажно шырэй расхінула крысо паліто, але, успомніўшы, што пад паліто адна сарочка, хуценька закрылася, зашпілілася на гузікі і каўнер падняла. — То так бы адразу і сказалі. А то хто вас ведае, што вам трэба!

Яна нахілілася, адчыніла ніжнюю шуфлядку камода, выхапіла адтуль кардонную каробку, паставіла на стол і пачала выкладваць з яе сярэбраныя лыжкі, відэльцы, пазалочаныя лыжачкі, пярсцёнкі, брошкі, іншую дробязь. Усе трое немцаў схіліліся над сталом, узважвалі кожную рэч у руках, глядзелі на святло, прыкідвалі яе каштоўнасць і аб нечым горача спрачаліся.

Алесь знясілена апусціў рукі: пагроза ад самое Вольгі, здаецца, адступіла. З гаворкі іх, са сваімі школьнымі ведамі мовы, лавіў толькі асобныя словы, ды і не вельмі ўжо напружваўся, каб зразумець. Усё і так вельмі зразумела! Урэшце, гэта будзе рэдкі і, бадай, шчаслівы выпадак — для яго і Вольгі шчаслівы! — калі гітлераўцы абмяжуюцца звычайным рабаўніцтвам.

Не, ненажэрнасці іх, сквапнасці няма мяжы. Вользе яны, безумоўна, не паверылі, што выкладзена ўсё. Зноў патрабавалі, паўтараючы па-руску ўжо, у два галасы, трэці маўчаў, ён больш дзейнічаў:

— Золёто. Во іст золёто?

— Ніц нема, пан. Вшыстка, — чамусьці па-польску тлумачыла Вольга, паказваючы рукі, маўляў, калі на пальцах няма нават пярсцёнка, значыцца, няма больш нічога.

Яны шукалі. Вывернулі ўсё з шафы, з камода, распаролі канапу. Палезлі ў спальню. Вольга паспрабавала раней за іх кінуцца, каб узяць сонную Свету, — ёй загарадзілі дарогу.

— Дзіця! Дзіця там! — у трывозе тлумачыла яна.

— Кіндэр! — сказаў Алесь.

Яны паглядзелі на яго з неўразуменнем ці, бадай, здзівіўшыся, што ён сказаў слова па-нямецку. Але зразумелі. Нешта чалавечае яшчэ засталося: дазволілі ўзяць з калыскі дзіця. Малая прачнулася і заплакала. Вольга прытуліла яе галоўку да пляча, старалася, каб яна не бачыла гэтых страшных людзей, што пераварочваюць пасцель і рэчы. Выйшла са Светай у залу, хацела ісці далей ад гармідару — на кухню, але яе не пусцілі, закамандавалі знаёмае: «Хальт!»

На шчасце, малая зноў заснула. Адчуваючы дзіцячае цяпло, чуючы роднае дыханне, Вольга заспакоілася: зноў набыла ўпэўненасць, што неяк абыдзецца. Пры ўсёй гандлярскай сквапнасці здараліся ў яе і раней моманты, калі яна нічога не шкадавала, ніякага дабра. Але ў такія хвіліны і сябе не шкадавала. А тут было інакш: на бязлітасны, горшы за пажар, разгром у доме глядзела зусім спакойна, але малілася Богу, каб яны не зачапілі ні яго, Алеся, ні яе, ні дачкі. Упершыню, не розумам яшчэ — сэрцам, яна аб’яднала ўсіх траіх у адно, непадзельнае, з родным бацькам дзіцяці свайго яна ніколі так душэўна не аб’ядноўвалася; праўда, тады, у мірным жыцці, ніколі не пагражала ім такая небяспека.

Калі абшуквалі кухню, ужо спяшаліся, той, што трымаў пісталет, пазіраў на гадзіннік, спяшаліся, пэўна, таму, што прасігналіла машына — іх клікаў нехта старэйшы. Але калі знайшлі лаз у пограб, што выкапаны пад кухняй, зацахлявалі, што ганчакі, пачуўшы блізкую здабычу, загергеталі, відаць, вырашаючы, каму лезці ў падзямелле. Фашыст з драпежнымі вачамі паглядзеў на Вольгу, яўна намерваючыся загадаць, каб яна лезла, а ён, магчыма, палез бы следам за ёй. У іх былі кішанёвыя ліхтарыкі, асвятляючы імі, шукалі ў спальні, але, ідучы на кухню, успомнілі пра лямпу і загадалі Алесю захапіць яе з залы. Пакуль яны шнырылі па шафках, заглядвалі ў пліту, Алесь трымаў лямпу і, між іншым, адчуваў сябе ад гэтага ямчэй — усё-такі нейкая зброя ў руцэ.

Ён паставіў лямпу на пліту і, не чакаючы загаду, палез у пограб. Калі зверху асвятлілі ліхтарыкам, здзівіўся прасторы падзямелля і колькасці дубовых бочак — іх стаяла штук восем, шматвядзёрных, смачна пахла квашанай капустай, кропам, дубовым лісцем, але пахла і склепам, прэласцю і яшчэ нечым едкім, як аміяк, ад чаго слязіліся вочы.

Маўклівы гітлеравец, што спусціўся спедам, загадаў яму нахіліць бочку. Ды Алесь не здужаў зрушыць яе з месца. Немец зняважліва паглядзеў, як ён натужваецца, і гэтак жа зняважліва груба аддіхнуў хлопца, так што той балюча выцяўся галавой аб бетонную сцяну пограба. Лёгка, адной рукой, немец перакуліў бочку з гуркамі, расол абліў Алесю ногі, гуркі рассыпаліся па бетоннай падлозе, захрусталі пад ботамі ў фашыста, ён давіў іх знарок, з асалодай.

Алесь стаяў, прытуліўшыся да сцяны, спацелы ад болю і слабасці, і ў бяссільным гневе сціскаў кулакі.

Другую бочку немец нахіліў, але не перакуліў, відаць, таму, што яму нешта сказалі з кухні, магчыма, паспяшалі, ці таму, што ліхтар яго раптам асвятліў у кутку за бочкамі пляшкі з гарэлкай, тры пляшкі «Маскоўскай» і кансервы. Магчыма, упершыню за вобыск ён задаволена выгукнуў: