Выбрать главу

— О-о! — і засунуў пляшкі ў кішэні штаноў і паліто. Узяў банак пяць кансерваў, Алесю загадаў забраць рэшту.

Акрамя гарэлкі і кансерваў, фашысты забралі відэльцы, нажы, падстаканнікі, вышываныя ручнікі, сталовую бялізну — абрусы і сурвэткі — Вользін набытак першых дзён вайны — і ўсе футры, нават старыя: паліто старой Ляновічыхі з рыжага ліса, Вользіну чарнабурку, дзіцячае футра, вымененае нядаўна за прадукты ў нейкай галоднай бежанкі. Усё самае каштоўнае. Вольга паспрабавала прасіць дзіцячае футра, найбольш яго пашкадавала, бо часта любавалася набыткам, прымервала Свеце, яно было яшчэ вялікае, але Вольга ўяўляла, як дачка будзе выглядаць, калі падрасце і надзене такое футра — чорненькае, што вугаль, аздобленае знізу белым па ўзору адзення паўночных людзей, такія футры Вольга бачыла ў кніжках ды ў кіно. Але на яе просьбу старэйшы, што нарэшце схаваў пісталет, пераканаўшыся ў бяспецы, сказаў сярдзітую прамову. Можна было зразумець, пра што ён гаворыць, бо колькі разоў паўтараў «золёто», відаць, пагражаў: за тое, што не аддала золата, яна і муж яе заслугоўваюць кары большай, чым канфіскацыя рэчаў для вялікай арміі фюрэра.

Каб на руках не было дзіцяці, магчыма, Вольга прасіла б больш настойліва, можа, нават загаласіла б у роспачы, ва ўсякім выпадку, слязу пусціла б, са сваімі людзьмі гэта памагала. Але ад яе слоў прачнулася Света, чужыя, нямецкія словы, гучныя, страшныя, не будзілі малую, а матчыны разбудзілі, і Вользе прыйшлося спяваць незвычайную калыханку:

— Спі, маё дзіцятка. Спі, мой коцік. Усе коцікі паснулі. I мышкі спяць. I дзеці спяць… Адны тыгры гуляюць… двухногія. Зэр гут, пан начальнік. Мне нічога не шкада. Каб вы падавіліся. Каб маё дабро вам папярок горла стала. Зэр гут.

— Зэр гут! — ухваліў старэйшы і тыцнуў Алеся кулаком у жывот, праўда, не балюча, паказваючы са смехам Вользе, каб яна лепш карміла мужа: мабыць, той, што лазіў у пограб, сказаў, што рускі не здужаў перакуліць бочку. Ці, можа, сказаў, што ў доме многа капусты, і немец раіў карміць капустай. Ім хацелася пад канец пажартаваць. Ім хацелася быць добрымі. Яны верылі, што яны добрыя. Самыя добрыя. I самыя разумныя. Старэйшы і самы «добры» нават пагладзіў дзіцячую галоўку, шаўковыя беленькія Свеціны валасы. Жэст яго, калі ён раптам працягнуў руку, спалохаў і Вольгу, і Алеся. Але ён сапраўды-такі пагладзіў ласкава і сказаў нешта наконт немцаў і беларусаў, наконт арыйцаў. Ці не даказваў, што беларусы належаць да арыйскай расы? Набіваўся ў сваякі. Немец быў палітык. А палітычныя, газетныя словы Алесь разумеў лепш, чым бытавыя. На развітанне гэты «палітык» зноў сказаў прамову, у якой многа разоў ужыў знаёмае «данке»; безумоўна, не ім дзякаваў, не тая інтанацыя, — відаць, раіў, каб яны падзякавалі за тое, што іх так хораша, мірна абрабавалі.

I Вольга сапраўды-такі паўтарыла:

— Данке, данке, пан начальнік. Няхай спажывуць твае дзеткі, каб на іх кароста напала.

Калі немцы нарэшце выйшлі і машына ад’ехала хутчэй, чым пад’ехала, з большым грукатам па прамерзлай зямлі, Вольга і Алесь доўга маўчалі. Стаялі і не глядзелі адно на аднаго, быццам нехта з іх быў вінаваты ў тым, што здарылася. Але цяпер, калі яго не кранулі, Алесь не адчуваў сваёй віны, вось каб, учыніўшы разгром, яго павезлі ў той машыне, то ў такім разе ён лічыў бы сябе вінаватым: думаў бы, што прынёс гора жанчыне, якая аднойчы ўратавала яго.

Не, Вольга не маўчала — вельмі ціха, з асаблівай пяшчотай яна закалыхвала дзіця, але калыханка была без слоў — адвечны, знаёмы ўсім маткам свету матыў, музыка сэрца.

Ніхто з іх не пайшоў зачыняць браму, дзверы. Навошта? Іншыя рабаўнікі не прыйдуць.

Малая заснула, і Вольга аднесла яе ў спальню, паспявала калыханку там, звыкла запішчала драўляная качалка-ложак.

Выйшаўшы са спальні, Вольга спытала ў яго не шэптам — бадай на поўны голас, паказваючы вачамі на параскіданыя па ўсёй зале рэчы:

— Што ж гэта такое?

Ён адказаў гнеўна:

— Фашызм! Фашызм гэта! А вы… вы хацелі з ім жыць… гандляваць! Цяпер вы бачыце… бачыце? Але гэта што!.. Кветачкі! Дробны грабеж! Вы пабачылі б, што яны робяць там!.. Не! Біць, біць іх трэба! Каб зямля пад імі гарэла! Як Сталін сказаў…

Апошнія словы ён амаль выкрыкнуў. I Вольга раптам сарвалася з месца, кінулася да яго, схапіла за галаву, закрыла рот далонямі і зашаптала гэтак жа гнеўна:

— Сціхні! Сціхні! Зараза! Бальшавіцкі вырадак! — і з сілай адштурхнула ад сябе.