Паварот быў такі неспадзяваны, што ашаламіў Алеся да знямення. Ведаў яе настрой, ведаў, што не лепшая яна савецкая грамадзянка — гандлярка, мяшчанка, хоць у той жа час учынкі яе, такія, як выкуп яго, незвычайныя сястрынскія клопаты пра хворага, святкаванне Кастрычніка, здзіўлялі, былі незразумелыя. Але такое: «Бальшавіцкі вырадак!» — такое не мог чакаць, не ўкладвалася гэта ні ў якія супярэчнасці характару, абражала самае лепшае, чым ён жыў. Каб меў сваю напратку і на дварэ не была ноч, калі далёка не пройдзеш без начнога аўсвайса, ён тут жа пакінуў бы гэты дом.
Вольга таксама адчула, што ўдарыла занадта моцна, і таксама падумала, што, абражаны, ён можа пакінуць дом, а гэтага яна вельмі баялася. Не зважаючы на тое, што босая, яна выбегла і зачыніла браму, зачыніла дзверы адны, другія — з калідора на вуліцу і з кухні ў калідор.
Вярнулася — пачала збіраць рэчы, але рабіла гэта як бы нехаця, мабыць, не ведаючы, якім чынам навесці парадак пасля такога пагрому. А можа, нахілілася дзеля таго, каб не глядзець у вочы Алесю. Ён таксама маўчаў. бо не ведаў, што можна сказаць пасля яе абразлівых слоў. Але калі Вольга раптам села на падлогу, на кучу адзення, і заплакала, закрыўшы твар скамечанай сукенкай, яму зрабілася шкада яе: урэшце, ён не можа не лічыцца з тым, што яна простая, маласвядомая жанчына, і было б неразумна не паспрабаваць развіць тое лепшае, што ёсць у яе характары.
Алесь падышоў і мірна сказаў:
— Не трэба плакаць, Вольга Міхайлаўна. З-за чаго вы гаруеце? Што вы страцілі? Футры? Лыжкі? Хіба такую трагедыю пе— ражываюць мільёны людзей? Яны трацяць сыноў, бацькоў…
Яна адкрыла твар, узняла вочы і сказала, праўда, нязлосна ўжо:
— Не тапчыся па адзенні.
Не думаючы пра ўсе гэтыя раскіданыя па падлозе анучкі, ён незнарок наступіў на нейкую кофтачку. Убачыў сваю прамашку — разгубіўся, амаль спалохаўся і вінавата прагаварыў:
— Прабачце. Вольга ўздыхнула:
— Узяла я цябе на сваё гора.
Новы ўдар, не менш балючы — на яго спробу наблізіцца, даць ёй зразумець, што, нягледзячы на крыўдныя словы, ён па-ранейшаму лічыць яе чалавекам… «Заразу» можна дараваць разгневанай і спалоханай жанчыне. Але спакойныя словы, што на гора яна ўзяла яго, палоннага, — гэта ўжо нават не абраза, гэта далікатная форма бязлітаснага: «Пайшоў прэч з майго дому!»
Што ж, таксама трэба было чакаць. Няхай ён будзе ўдзячны за тое, што яна вырвала яго ад пакутлівай смерці і дала месяц жыцця і цеплыні. Далей ён павінен сам паклапаціцца пра сябе. Уласна кажучы, клопат у яго адзін — хутчэй вярнуцца ў строй, знайсці сваё месца ў вайне з фашызмам. Цяпер, калі ён падужэў і знаходзіцца на волі, гэта, здаецца, не цяжка будзе зрабіць. Як кажуць, свет не без добрых людзей. I ў Мінску іх нямала, добрых людзей. Памогуць.
Саступіўшы асцярожна з адзення, ён сказаў:
— Прабачце. Заўтра раніцой я пайду. Дзякуй вам.
Вольга не адразу адказала на яго словы. Паднялася, зграбла з падлогі кучу адзення, кінула на стол. I раптам павярнулася да яго сухімі, гарачымі вачамі, без ценю разгубленасці — упэўненая, уладарная, такую яе Алесь назіраў цэлы месяц, як толькі апрытомнеў.
— Куды гэта ты пойдзеш? Нікуды ты не пойдзеш! Нікуды я цябе не пушчу!
Не думала яна, не ўяўляла, што наймацней, найбалючай раніць хлопца гэтымі добрымі словамі, найцяжэй абражае. Яму хацелася крыкнуць: «Думаеш, калі ты заплаціла за мяне залатоўкамі, дык я твой вечны раб?» Ды яна спытала ўжо амаль з пагрозай:
— Да Лены Бароўскай сабраўся?
Алесь збянтэжыўся, бо сапраўды перш за ўсё згадаў Лену, думаючы пра людзей, якія могуць памагчы яму.
— Што вы!.. Чаму да Лены? Навошта мне да Лены?..
Тады здарылася зусім неверагоднае, пра што ён, паэт, творца, ні разу не падумаў, хоць і даваў волю сваёй фантазіі ў бяссонныя ночы. Вольга раптам кінулася да яго, абшчапіла рукамі галаву, пачала цалаваць у лоб, у шчокі, у вусны і горача шаптала:
— Нікуды я цябе не пушчу! Нікому не аддам! Я люблю цябе! Люблю, дурненькі ты мой… Мужа так не любіла…
Такое ён сапраўды, відаць, не прыдумаў бы, нават не сабе — свайму герою будучай паэмы, якую марыў напісаць пасля вайны, калі застанецца жывы. Пра сябе, праўда, зрэдку думаў з трывогай: ці не хоча практычная гандлярка прысвоіць яго, як уласнасць? Гэта трошкі хвалявала — усё-такі жанчына яна прывабная, і дзіця ён палюбіў. Але з перспектывы такой ён смяяўся, упэўнены цвёрда, што перад любой падобнай спакусай выстаіць, хопіць у яго сілы і характару, бо не пра гэта цяпер думаць трэба.
Нечаканыя пацалункі Вользіны і прызнанне ў каханні пасяя ўсяго, што здарылася, пасля жорсткіх слоў яе, збянтэжылі Алеся, як сямікласніка, ён не мог вымавіць слова, не ведаў, што сказаць, як быць у такой сітуацыі. Як праявіць сілу і характар, каб не пакрыўдзіць, не абразіць жанчыну? Сказаць, што не кахае яе і ніколі не пакахае? Але ці шчыра гэта? Ці не зманіць ён ёй і самому сабе? Што цяпер не да кахання? Не зразумее. Ды і сам ён упэўнены, што нават вайна не можа заглушыць лепшыя чалавечыя пачуцці, самыя высокія і прыгожыя. Аднак жа і растаць ён не можа — не мае права! — ад жаночых пацалункаў. Трэба заставацца мужчынам!