Выбрать главу

— Вольга Міхайлаўна! Калі ласка, не трэба. Прашу вас… Недарэчна гэта ўсё. Не, я дзякую, канечне, вам. Але лепш зоймемся справай — навядзём парадак у доме…

Мабыць, ёй таксама зрабілася сорамна за свой нечаканы парыў. Адступіла ад яго. Не глядзела ў вочы. Цяжка ўздыхнула. Села на разрэзаны матрац канапы, хутаючыся ў паліто, быццам ёй зрабілася холадна. А ён стаяў насупраць і ўпершыню разглядаў яе вельмі пільна, раней так не адважваўся — баяўся, каб яна не падумала чаго нядобрага. Хацелася нарэшце зразумець гэтую жанчыну, загадкавую з таго моманту, калі позіркі іх сустрэліся праз калючы лагерны дрот, надзіва супярэчлівую, такой супярэчлівасці ў чалавечым характары ён не сустракаў за свае дваццаць гадоў, а гэта ўзрост, калі чалавеку здаецца, што ён спазнаў усе таямніцы свету. Што ж яна такое? Хто яна, Гандлярка? Мяшчанка? Ці Чалавек і Маці? Яму, узнёсламу рамантыку, два словы гэтыя хацелася заўсёды пісаць з вялікай літары. I вымаўляць іх гэтак жа высока.

Безумоўна, гледзячы на яе, Алесь ніводнай загадкі не адгадаў, толькі з новым, незнаёмым хваляваннем падумаў, што Вольга сапраўды-такі прыгожая (гэта ён заўважаў і раней, але не так пэўна і не ў такім спалучэнні думак і перажыванняў) і што ў такую жанчыну можна закахацца. Але тут жа нагадаў сабе, што такая раскоша і такая легкадумнасць яму не дазволены, бо так можна апынуцца ў абывацельскім балоце, а трэба ваяваць, помсціць ворагу, у яго адзін лёс — згарэць у барацьбе, іншага быць не можа.

Вольга, якая сядзела панурыўшыся, паглядзела ў шафу і засмяялася: убачыла сябе ў люстры.

— Паглядзі, якая я! Як агароднае пужала. Не помню, калі надзела гэтае паліто. I каўнер паставіла… I ў такім выглядзе прызнаюся…

Асеклася — не сказала, у чым прызнаецца. Але тут жа збянтэжыла Алеся іншым. Раптам падхапілася, скінула паліто, праўда, стоячы да яго спіной, і тут жа нацягнула лепшую зялёную сукенку, з тых, што падняла раней і паклала на стол.

Алесь не глядзеў на яе, пакуль яна пераадзявалася. Калі глянуў, то Вольга стаяла ўжо ў сукенцы і ў чаравіках на высокіх абцасах; падняўшы рукі, закручвала ў вузел косы. Быццам дагэтуль нічога не здарылася і яна збіралася ў госці. Гэтае яе пераадзяванне і ўвогуле нейкае дзіўнае пераўтварэнне, што адбілася на твары, у руках, яшчэ больш спалохала нябогу.

— Думаеш, мне шкада дабра, таму я плакала? Не такая я дурная, як думалі яны і думаеш ты. Усё лепшае я закапала так, што ці знайду сама пасля. I серабро, і золата. I лепшыя футры. Во ім, гадам, — яна склала дулю і паказала ў акно. — Усяго не стала хаваць, бо не паверылі б. Суседзі, як сабакі, усё жыццё вынюхвалі, што Ляновічы купляюць. I ёсць такія, што поўны спіс немцам, відаць, перадалі. Таму ўсяго і не схавала. Трэба ж нечым адкупіцца. Няхай яны падавяцца старымі футрамі, крыхаборы няшчасныя! А яшчэ крычаць — культурныя немцы! Зладзеі! Грабіцелі! — але сказала яна без той злосці, якую хацелася пачуць Алесю, а вось так, мнагаслоўна, па-базарнаму, але без нянавісці, якая кіпела ў ім, яна лаяла фашыстаў і раней, паліцаяў амаль гэтак жа лаяла пры іх — што яны п’янюгі, скуралупы, бабнікі, і тыя толькі смяяліся, нязлосна пагражалі пасадзіць яе ў турму за абразу ўлады, але, маўляў, не робяць гэтага толькі таму, што шкадуюць дзіця. Таму Алесь змаўчаў на яе словы.

Маўчанне яго закранула Вольгу.

— Што ты стаіш, як святы Макар? Ходзь, пасядзім разам. паплачам ці пасмяёмся, як нам захочацца, — яна зноў села на канапу і, убачыўшы яго нерашучасць, засмяялася. — Ходзь сюды. Сядай. Не бойся. Не ўкушу.

Не прыняць яе запрашэнне было б недарэчна, і Алесь рашуча сеў побач.

Тады яна загаварыла зусім інакш — без гуллівасці, сур’ёзна, даверліва, панізіўшы голас да шэпту:

— Я ад страху плакала. Каб ты ведаў, як я перадрыжала. Душа ўвесь час, пакуль яны шукалі, не тут была, а тут, — яна дакранулася да абцаса чаравіка. — Пакуль я зразумела, што гэта не тыя, не з гестапа. Гэтыя — з лагера, ад таго тоўстага кныра, што ўзяў золата за цябе, ён адрас мой запісаў… Бач, на гарэлку як накінуліся, зладзюганы. Каб яны напрактыкаваныя былі на вобысках, то, ведаеш, што маглі б знайсці? Усім бы нам труба! — Вольга нахілілася і дыхнула Алесю ў вуха: — Радыёпрыёмнік… I пісталет.