— У цябе ёсць пісталет? Дзе ты ўзяла?
— Цішэй ты! Зняла з забітага ў пачатку вайны.
Ні тады, калі Вольга выкупіла яго з лагера і яны беглі па полі, каб хутчэй уцячы ад жудаснага месца, ні на кастрычніцкае свята, калі яна прапанавала ўрачысты абед, ні тады, калі Лена Бароўская ўпотай паведаміла, што ў горадзе ёсць камуністы і камсамольцы, якія арганізоўваюцца на барацьбу, ні колькі хвілін назад, калі Вольга так раптоўна прызналася, што кахае яго і нікому не аддасць, — ніколі сэрца яго не білася так моцна, так усхвалявана, трывожна і радасна, як ад звесткі, што ў доме ёсць пісталет.
V
Пасля вобыску Вольга пажвавела, асталела, зніклі начныя страхі — і гандлявала яшчэ з большай актыўнасцю. Толькі пачала гандляваць інакш. Назіраючы жыццё і рынак, яна ўжо даўно пачала думаць, куды ўсё хіліцца, што ў будучым, зімой і вясной, набудзе асаблівую цану — харчы, хлеб, бульба, буракі, не кажучы ўжо пра сала. Розум у яе быў камерцыйны, кан’юнктуру рынку, як кажуць эканамісты, яна не толькі добра ведала, але умела рабіць прагноз. Магчыма, што начны налёт фашыстаў, іх пошукі золата, радасць ад знойдзенай гарэлкі і кансерваў з’явіліся штуршком для перагляду ўласнай гандлёвай палітыкі. Пэўнае значэнне мела і размова з Алесем, яе прызнанне, яно ўмацавала надзею на новае жаночае шчасце. Адным словам, выносіць прадукты на рынак пачала рэдка — абы напомніць пра сябе, «адвесці душу» з ранейшымі сяброўкамі, павыскаляцца перад паліцаямі. Цяпер яна часцей заглядвала на барахолку. Прадавала і купляла сама. Купляла рэчы, невялікія, каштоўныя — сярэбраныя, залатыя, якія лёгка можна было схаваць. I прадукты яна цяпер часцей купляла, чым прадавала. Але не на рынку. Па прадукты хадзіла ў недалёкія вёскі; там у сялян выменьвала на кофтачкі, сарочкі, спадніцы і соль вяндліну, сыры, сала, крупы, абадраныя ў ступах.
Такая шырокая гандлёвая дзейнасць Вользе падабалася. Было ў ёй больш разнастайнасці, азарту, выдумкі, добра трэба было варушыць мазгамі — як, дзе, што найбольш выгадна купіць, прадаць, перапрадаць, схаваць. Падабалася барахолка, якую некалі маці не прызнавала, лічыла, што там таўкуцца толькі дзве чалавечыя пароды — махляры і дурні. Цяпер, пры немцах, нястача, голад вымушалі з’яўляцца туды ўсіх, хто раней не ведаў, дзе знаходзіцца гэтая «абіралаўка». На такім рынку неяк губляешся сярод людзей. Нават з паліцаямі радзей сутыкаешся і радзей плаціш «калым». Бобікі дадому перасталі заглядваць, калі яна знікла са свайго звыклага месца ў харчовым радзе на Камароўцы. На «таўчку» людзі смялей гавораць, больш можна пачуць пра гарадскія навіны, пра нямецкія загады і нават пра сваіх — як яны там ваююць, дзе.
I ў вёскі цікава хадзіць, пагаварыць з сялянамі, хоць тут небяспека большая і паборы большыя: на кантрольных пастах — нямецкія салдаты, з імі бывае нялёгка дамовіцца. Аднойчы Вольга прапанавала ім кавалак сала, а яны забралі ўсю яе торбу І самую груба піхнулі, нахабнікі. Але ў гэтай небяспецы было штосьці новае, прыцягальнае, Вольга як бы брала ўдзел у нечым большым, чым звычайная мена, быццам рабіла нейкі маленькі подзвіг. Ва ўсякім разе, калі пра свае поспехі на барахолцы расказвала Алесю вельмі скупа — дзесятак слоў між іншым: ведала, што яму не падабаецца яе занятак, — то пра паходы ў вёскі расказвала падрабязна, ахвотна.
Аб тым, што яна сказала ў той вечар, пасля вобыску, яны нічым не нагадвалі адно аднаму. Яна, Вольга, больш выяўляла жаночай сарамлівасці, чым раней. Але зрабілася яшчэ больш уважлівай да яго патрэб, асабліва да душэўных. Прыносіла кнігі. Купляла іх, не шкадуючы грошы. Аднойчы прынесла Аляксея Талстога — «Блуканне па пакутах». Алесь здзівіўся і спалохаўся, калі яна сказала, што купіла кнігу. Хто яе мог прадаваць? Чалавек, які не разумеў, што гэта за кніга? Ці патрыёт, што рабіў выклік ворагу? А раптам правакатар, каб асачыць таго, хто купіў кнігу?
Часцей прыносіла паэзію, ведаючы, як ён любіць вершы. I, здаецца, сама палюбіла іх. Часта ўвечары прасіла, каб ён прачытаў Блока, Лермантава, Купалу, Багдановіча. I газы не шкадавала. Дарэчы, Багдановіча прынесла Лена, і Вольгу зноў раўніва кранула, бадай узлавала, што невялічкая кніжачка ўзрадавала Алеся больш, чым некаторыя вялікія, у прыгожых вокладках, якія прыносіла яна, узрадавала гэтак жа, як некалі ўзрадаваў Блок. З кніжак, якія купіла яна, Вольга, ён так радаваўся хіба Лермантаву. Вольга помніла са школы «Смерць паэта», асобныя радкі. Прачытала іх: