Алесь ажно праслязіўся. I ёй было радасна ад яго слёз. Пасля Алесь колькі разоў употай назіраў раніцамі, як Вольга брала кніжкі паэзіі і, не прычзсаная яшчэ, босая, без кофтачкі, чытала вершы, як малітву, — варушыла губамі, потым загортвала кніжку і, узняўшы галаву, шаптала радкі, калі не помніла, заглядвала ў кніжку. А пасля, удзень ці ўвечары, завіхаючыся на кухні, ціха, на свой матыў, спявала асобныя радкі:
Ці, укладваючы малую, спявала на матыў калыханкі, але, безумоўна, не для дачкі — для таго, каб зрабіць яму прыемна, помніла, якія вершы ён чытаў на памяць:
«Зорку Венеру» Вольга спявала ў школьным хоры. Не ведала, аднак, не помніла, што словы напісаў Багдановіч, пра няшчасны лёс якога Алесь доўга і цікава расказваў. Між іншым, толькі такі ўступ прымусіў яе слухаць вершы з кнігі, якую прынесла Лена і якой Алесь узрадаваўся больш, чым яе кнігам. Калі ён дачытаў да «Зоркі…», Вольга быццам сустрэлася з добрай школьнай сяброўкай і тут жа праспявала гэтую песню. Расчуліла хлопца. Здаецца, менавіта тады ён сказаў:
— Вучыцца табе трэба, Вольга. — Быў адзін прыемны вынік таго вечара і яе прызнання: цяпер ён заўсёды казаў ёй «ты», і гэта пэўным чынам збліжала іх пры ўсёй стрыманасці і ўзаемнай ніякаватасці.
— Калі вучыцца? Цяпер!
— Не цяпер, вядома. Пасля вайны. Чаму ты не вучылася да вайны?
Вольга пасуровела, нават узлавалася.
— Лёгка табе гаварыць, у цябе маці настаўніца. А ў мяне — гандлярка камароўская. А пасля вайны… Божа мой, ты і праўда як незямны, як анёл. Няўжо не ведаеш, што будзе пасля вайны?
— А што будзе?
— Голад будзе. Галеча. Не да вучобы тады будзе. Асабліва такім, як я…
— Мы пераможам — не будзе голаду, не будзе галечы!
— Пераможам… Калі тое будзе! Немцы пад Масквой. Вунь крычаць з рэпрадуктараў на ўсіх рынках. што заўтра Маскву возьмуць…
— Усё адно мы пераможам! — шчокі ў хлопца заружавеліся, вочы заблішчалі, голас задрыжаў. — Ты не верыш у перамогу?
Вольга ведала, як пакутліва ён перажывае такія размовы. Паліцаі неяк былі, пілі ў зале, крычалі, што хутка Гітлер зробіць Сталіну капут, дык пасля іх яго, нябогу, усю ноч паліла, ён ажно трызніў, яна, Вольга, спалохалася, што ён зноў цяжка захварэў.
— Веру. Веру.
Увогуле, яна пачала стрымлівацца ад слоў, якія б маглі яго пакрыўдзіць, абразіць, і ўсё яшчэ адчувала сваю віну за тое, што крыкнула яму так: «Зараза!»
Запэўніванню, што яна верыць у перамогу, Алесь не надта паверыў, пачаў горача даводзіць, што без веры нельга жыць, што каб ён страціў веру, то не жыў бы ніводнага дня, не чапляўся б за жыццё, бо які сэнс у ім, калі брудны салдацкі бот фашыста растопча, спаганіць усё дарагое, дзеля чаго варта жыць.
Вольгу ўсё яшчэ палохалі такія яго словы, уласна кажучы, не столькі самі словы, колькі тое, як ён іх гаворыць, з якім запалам. Але цяпер яна не запярэчыла. Нават не адважылася папрасіць, каб нікому іншаму пра гэта ён не гаварыў. Моц яго духу скарыла яе. Вольга адчувала, што ўлада, якую яна мела над ім, хворым, канчаецца, адбываецца нешта такое, што можа прывесці да таго, што ўладаром — не, не маёмасці, не, гэтага яна не баялася — думак, пачуццяў яе зробіцца ён, гэтага яна баялася, аднак — дзіўна — усё слабей супраціўлялася. Вершы заваражылі, закалыхалі, ці што? Недарэмна яна падумала, што тая першая, прынесеная Ленай Бароўскай кніга ў самаробнай вокладцы — магія.
Часам яна прыбягала з рынку, задаволеная ўдалай купляй-продажам, поўная маладой энергіі, здароўя, бачыла парадак у доме — стаўшы на ногі, Алесь зрабіўся нядрэннай гаспадыняй, ва ўсякім разе, за малой глядзеў лепш, чым цётка Марыля, — і ў яе з’яўлялася жаданне зрабіць яму прыемнае. Калі Светка была цяплей адзета, хапала яе, кружылася з ёй, прытанцоўвала, спявала:
Спачатку Алесь насцярожыўся: ці не здзекуецца яна з радасці таго жыцця, якое дало натхненне вялікаму песняру, а яму, маладому паэту і воіну, дало сілы не сагнуцца пад навальнічным ветрам ваеннай нягоды? Але Вольга паўтарыла песню раз, другі… без іроніі, шчыра, з яўным намерам парадаваць яго. I ён сапраўды парадаваўся ад таго, што ў яе з’явіліся жаданне і смеласць спяваць гэтую песню. Урэшце, пераканаць, пераламаць самую сябе — гэта таксама не мала, баец пачынаецца з песні, ад таго, што ён спявае, залежыць яго баявы дух. Так гаварыў рэдактар іх армейскай газеты стары батальённы камісар Гаўрон. Ён застрэліўся, каб не трапіць у палон, калі немцы акружылі рэдакцыю. Алесь бачыў яго смерць і лічыў яе праяўленнем высокай мужнасці, якой не хапіла ў яго, ад чаго ён душэўна пакутаваў і ў лагеры, і тут, у Вольгі, калі ляжаў хворы. Цяпер так не балела, бо ён пачаў думаць інакш: каму была б карысць, каб ён згніў у зямлі? Немцам. А так ён можа яшчэ паваяваць. Нават калі заб’е толькі аднаго фашыста, то і дзеля гэтага варта было перанесці ўсе пакуты, жыць да апошняга ўздыху.