Выбрать главу

Праўда, на другі дзень вайны, калі суседкі праводзілі ў ваенкамат мужоў і сыноў, Вольга зусім шчыра пагаласіла разам з імі: Адась яе і брат Павел, лейтэнант, у арміі і, можа, ужо на фронце.

Моцна спалохалася, калі Мінск пачалі бамбіць, — за дачку спалохалася: куды хавацца з ёй? Але, паназіраўшы, дзе падаюць бомбы — бамбяць чыгунку ў першую чаргу, штаб акругі, цэнтр горада, дзе вышэйшыя ўстановы, — разважыла, што і бомбы не такія ўжо страшныя: у двары меўся добры цэментаваны склеп, дзе на зіму хавалі бульбу, бочкі з квашанымі гуркамі, капустай — для сябе і на продаж, у склепе можна прасядзець бамбёжку, не будзе ж вайна цягнуцца паўгода, калі захаладае.

А праз дзень-два яна траха не лезла сама пад бомбы з-за сквапнасці сваёй. Пачалося з таго, што хлапчукі крыкнулі на ўсю вуліцу:

— На Камароўцы лаўкі грабяць! — і пабеглі туды, на рынак, за імі сыпанулі дарослыя.

Безумоўна, пасля такога паведамлення Вольга не магла ўседзець дома. Занесла малую да суседкі, кульгавай цёткі Марылі, і кінулася туды ж, на рыначную плошчу, якую абкружылі розныя крамкі, ларкі, латкі — «торговые точки», як іх называлі. Але да таго, як яна прыбегла, усё ўжо разрабавалі, давяршаўся разгром крамы жалезных тавараў. Чырванатвары, з брыдкім аблупленым носам мужчына, з якім Вольга не была знаёмая, але неаднойчы бачыла на рынку п’янага, выцягнуў цэлую гару чыгункоў, каструляў, штук дзесяць сякер, пілы, клямкі, лапаты, завесы — і вартаваў гэтае дабро, некага чакаючы, хто, пэўна, памог бы занесці. У самой краме можна было падабраць хіба якую драбязу, недабітыя лямпы ды талеркі. Угневаная на сябе, што спазнілася, прамаргала больш каштоўны здабытак, і на ўсіх, хто цягнуў адгэтуль — зладзюганы, грабіцелі! — Вольга кінулася да мужчыны, які вывалак паўкрамы. Урэшце, у гэтым яна знаходзіла і пэўнае маральнае апраўданне сабе, бо выхаваная была так, што ніколі чужога не брала: маўляў, не сама крала дзяржаўную маёмасць, а забрала ў рабаўніка.

— Ану, морда, падзяліся з людзьмі, — сказала яна мужчыну і тут жа пачала адкладваць убок сваю частку.

— Пайшла ты!.. Не чапай!

Але яна паслала яго яшчэ далей.

— Ты са мной, морда, не заядайся. Ты мяне ведаеш. У мяне тут уся міліцыя — свая, а цябе бачыла, як міліцыя пад ручкі вадзіла…

— Скончылася твая міліцыя. Пяткі падмазала. Даганяй пад Масквой.

Ашаламіла гэта Вольгу і спалохала больш, чым бомбы. На нейкі момант яна сумелася і на рэчы забылася, гатовая ўжо адступіцца. Але тут жа падумала: раз сапраўды і міліцыі ўжо няма, улады, то ў дурнях яна застанецца, калі ў той час, як другія нажываюцца, яна з-за нейкай сваёй сумленнасці будзе варон лавіць. Са школьнай парты ёй паўтаралі, што ўсё дабро — народнае. А калі народнае, разважала яна, то, значыцца, і яе. Хіба яна не народ? Хіба мала папрацавалі на дзяржаву бацька яе, муж, браты, ды і сама яна не паняй па Мінску хадзіла! Не аддаваць жа вось такому гультаю і п’янюгу, як гэты чырванаморды. Алкаш той, мабыць, такі добра ведаў маладую Ляновічыху, бо хоць і мацюкаўся страшэнна і пагражаў перабіць ёй ногі, але мусіў уступіць пэўную частку свайго набытку, урэшце дзесяць лапат ці тузін чыгункоў і сапраўды да д’ябла яму.

Вольга занесла гэты жалезны скарб дадому і тут жа, папрасіўшы суседку пагуляць з дзіцем яшчэ, кінулася ў раздабыткі. Трэба лавіць момант! Яна і так, здаецца, шмат ужо што ўпусціла, хаваючыся ад бомбаў у склепе.

Выскачыла на Савецкую вуліцу, бо толькі там, на цэнтральнай магістралі, можна даведацца, што адбываецца ў горадзе. У цэнтры і каля вакзала шугалі пажары ад ранішняй бамбёжкі. Міліцыі сапраўды не відаць. Прайшла вайсковая часць, полк нейкі, салдаты стомленыя, запыленыя, некаторыя з акрываўленымі павязкамі на галовах, на руках. Няўжо пакідаюць горад? Чуткі аб наступленні немцаў хадзілі самыя неверагодныя і супярэчлівыя: адны гаварылі, што немцы ўжо пад Мінскам, другія — што абышлі Мінск, занялі Барысаў, а Вользіна школьная сяброўка, работніца друкарні імя Сталіна Лена Бароўская, горача даказвала, што ўсе плёткі аб разгроме Чырвонай Арміі пад Гродна і Баранавічамі распускаюць фашысцкія шпіёны. Але што нашы адступаюць, то гэта, бадай, з перадач радыё можна зразумець: ні разу не перадалі, што нашы наступаюць, — усё вядуць упорныя баі. Бою за Мінск не чуваць, адны бамбёжкі бязлітасныя, ды мінулай ноччу стралялі з пісталетаў і вінтовак недзе на Балотнай станцыі.

Чырвонаармейцаў Вольга пашкадавала. I жанчын, што цягнуліся з дзецьмі, з клункамі, такіх, як яе пакупніцы, якіх не любіла, таксама пашкадавала. А калі міма прамчаліся тры легкавыя машыны, то да тых, што сядзелі ў машынах, яна адчула злосць.