Лена ўздыхнула:
— Цэлы тыдзень не маем зводак.
Алесь зразумеў, чаму яна ўздыхнула, і нечакана нават для самога сябе сказаў:
— У аднаго чалавека ёсць прыёмнік.
— У Вольгі? — здагадалася Лена, бо пра каго яшчэ мог ведаць гэты хлапчына, які першы ці другі раз выйшаў на вуліцу пасля хваробы. Вочы ў Лены заблішчалі не простай цікаўнасцю. — Вы слухаеце?
— Што ты! Каб Вольга адважылася слухаць…
— О, ад Вольгі можна чакаць самага нечаканага.
— Але не гераізму.
Алесь расказаў, пасля якога здарэння Вольга прызналася, што мае прыёмнік. Пра пісталет змаўчаў.
Кіраўнік групы папярэджваў, што нават з такім палонным трэба мець пэўную асцярожнасць — залішне лёгка яго аддалі з лагера. Але згадзіцца з ім Лена не магла, бо ведала, як хлопец хварэў, чула, як, ледзь апрытомнеўшы, ён слабым голасам вось гэтак жа спытаў: «Як там нашы?» I як узрадаваўся кастрычніцкаму віншаванню і Вользінай прапанове адзначыць свята! Таму без усякай канспіратыўнай хітрасці сказала:
— Трэба забраць у яе прыёмнік.
— Як?
— Падумай. Гэта тваё першае баявое заданне.
Лена ўявіць не магла, як усхвалявалі Алеся словы «баявое заданне», бо шмат што раскрывалі. Ад свайго імя Лена так не гаварыла б. Некалі яна сказала яму, хвораму, што ў горадзе ёсць людзі, камуністы, гатовыя падняцца на барацьбу. Значыцца, цяпер яна гаворыць ад імя тых людзей, яны даюць яму баявое заданне! I ён абавязкова павінен выканаць гэтае заданне! Напачатку яно не здалося складаным: калі добра папрасіць Вольгу… Але Лена папярэдзіла яго, што Вользе не трэба гаварыць, ад каго просьба, ды і пра тое, што яны сустрэліся, лепш змаўчаць; па прыёмнік, калі ён дамовіцца, прыйдзе нехта іншы. Тады ён зразумеў, што не простае ў яго заданне, не лёгкая задача.
З Ленай яму было хораша, проста, па-свойску неяк, як з сястрой. Але яна хутка развіталася.
— Не трэба, каб звярнулі на нас увагу. Камароўскія пляткаркі адразу разнясуць, як сарокі. А Вольга раўнівая. Нікому не дазволіць галіцца на тое, што яна лічыць сваім, — Лена ўсміхнулася не вельмі весела, бадай сур’ёзна, як бы падкрэсліваючы, што не жартуе.
Алесь засаромеўся, як дзяўчына, яму здалося, што Лена ведае пра размову, якая адбылася паміж ім і Вольгай пасля вобыску.
Ён намерваўся пагаварыць з Вольгай у той жа вечар. Але яна вярнулася з нейкага свайго гандлёвага паходу не ў гуморы, злосная. Раней ён пастараўся б узняць яе настрой. Але цяпер адносіны іх яшчэ больш ускладніліся. Пасля той размовы ў яго з’явіліся нейкая асаблівая насцярожанасць і боязь. Але ён баяўся яе сілы і сваёй слабасці, а таму хваляваўся і бянтэжыўся больш, чым тады, калі ляжаў хворы. Як жа сказаць аб прыёмніку? Для такой размовы неабходны нейкі іншы душэўны кантакт. Але які і як яго наладзіць? Толькі ўвечары наступнага дня здалося, што Вольга добрая, трохі як бы засмучаная, але душэўна мяккая, ласкавая. Ды і ён сам пераканаў сябе за дзень, што адкладваць нельга, не для забаўкі патрэбна рэч — для барацьбы, у такой справе не толькі дзень — кожная гадзіна дарагая.
За сталом, калі вячэралі, Вольга ўгледзелася яму ў твар, спытала:
— Чаму ты слаба папраўляешся? Адны вочы блішчаць. Дрэнна я цябе кармлю, ці што? Еш больш.
— Дзякуй. Ем. Больш няма куды.
— Сушаць цябе думкі.
— Сушаць, — згадзіўся ён, адразу сцяміўшы, што ад такой размовы можна перакінуць масток да іншай.
Вольга ўздыхнула, здагадалася, пэўна, якія ў яго думкі. Гэта ўжо амаль масток.
— Думак многа… Але цяпер я ўсё думаю пра твае рэчы…
— Пра якія?
Ён азірнуўся на цёмнае акно, без слоў даючы зразумець, пра якія рэчы пойдзе гаворка.
— Навошта ты іх хаваеш? Наляцяць зноў груганы… перавернуць усё і знойдуць. Ведаеш жа нямецкія пастановы на гэты конт. Літасці не чакай. А ў цябе дзіця… Загубіць сябе з-за сквапнасці…
Пра сквапнасць не варта было гаварыць. Вольга адкінулася на спінку крэсла, глыбока ўдыхнула паветра, і ноздры ў яе драпежна раздзьмуліся. Але спытала пакуль што спакойна:
— Куды ж мне іх дзяваць?
Алесь прадбачыў такое пытанне і меў на яго розныя адказы. Быў варыянт прапанаваць ёй прадаць прыёмнік. Лена прыслала б пакупніка. Але раптам зразумеў, што любая хітрасць тут не да месца. Толькі шчырасць, толькі поўны давер могуць уздзейнічаць на гэтую жанчыну, пакарыць яе. Так яму здалося.
— Ёсць людзі, якім вельмі патрэбны прыёмнік.
Вользін твар зрабіўся непрыгожы ад дзіўнага аскалу — быццам хацела ўсміхнуцца і… не здолела, не выйшла ўсмешка, застыла, змярцвела. Узнялася з крэсла асцярожна, быццам ёй забалела, і спачатку спытала ціха: