Выбрать главу

— Каму… каму патрэбны? Лене?

— Не адной ёй… Не музыку слухаць.

Усмешка ўрэшце як бы прабілася праз цяжкую маску, але нядобрая, злосная, Вольга зашыпела:

— Хутка ж вы знюхаліся! Два разы выйшаў пагуляць — і сустрэліся, дамовіліся… Ці яна бегае да цябе, калі мяне няма? Застану — ногі пераб’ю, — гэта ўжо быў крык, яна сарвалася, закрычала на поўны голас, паказала фігу ў цёмнае акно з большай злосцю, чым паказвала яе немцам. — А во ёй, а не прыёмнік! Паламлю! Спалю! Закапаю!.. А ёй не дам! Скруціць яна галаву і без майго прыёмніка! Бач ты, змагарка! Цяпер я ведаю, за каго яна змагаецца!

Алесь падскочыў да яе, схапіў за плячо, тармаснуў:

— Сціхні! Зараз жа сціхні! На каго ты крычыш? Чаму ты крычыш? Людзі жыцця не шкадуюць… Людзі хочуць ведаць праўду, каб народу расказаць. Людзі хочуць памагчы Чырвонай Арміі. У цябе там муж, брат. А ты… ты пра што думаеш? Пра багацце? Пра вантробу сваю? Мяшчанка!

Сказаў гэта і… сумеўся, зразумеў, што перабраў, змоўк, чакаючы, што ў адказ Вольга зараз такое сыпане… Але яна маўчала. Глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачамі, і свяцілася ў іх не злосць, не абурэнне, а, бадай, здзіўленне. А яму зрабілася цяжка дыхаць. Успышка спаліла сілу, якой ён яшчэ не многа накапіў. Панурыўся, ціха сказаў:

— Не трэба нам твой прыёмнік, без яго абыдземся.

I пайшоў з кухні ў свой цёмны пакой. Сеў на ложак. Пачуў, як моцна б’ецца сэрца. Кружылася галава. Зноў, як і тады, пасля вобыску, калі яна крыкнула: «Зараза!» — падумаў, што, калі ў яго ёсць хоць кропля гонару, ён павінен тут жа пакінуць гэты дом. Але зноў быў вечар, хоць і не такі позні, як тады, аднак патрулі паказваюць сваю пільнасць. Без пропуска не пойдзеш… Ды і адзенне… Ён вымушаны будзе прасіць у яе… Каб перабегчы да Бароўскіх, бадай, не трэба ні пропуска, ні цёплай вопраткі. Але дзе іх дом? Недзе ў суседнім завулку, аднак ні назвы завулка, ні нумара дома ён не ведае, у Лены не паспеў спытаць, у Вольгі — не адважыўся… Безумоўна, не ўсе людзі ходзяць з прапускамі. Але ў такім разе трэба ведаць горад і мець пэўную мэту, пэўны адрас — куды ісці. Ён жа горада не ведае і, акрамя Лены Бароўскай, не мае ніводнага знаёмага, які мог бы даць прытулак у зімовую ноч. «Прытулак» могуць даць гестапа ці паліцыя.

Пакутаваў не толькі ад безвыходнасці свайго становішча, ад ганебнай рабскай залежнасці, але і ад таго, што сказаў Вользе крыўднае слова. Нягледзячы ні на што, ён не можа не быць удзячным ёй. Марыў зусім не так развітацца. Марыў нізка пакланіцца ёй, пацалаваць рукі і словы сказаць асаблівыя. А сказаў вунь як!

Аб тым, што жорсткія і гнеўныя словы яго не пакрыўдзілі Вольгу, не мог і падумаць.

А між тым гэта было так. Прывыкшы ў сваім базарным асяроддзі і не да такіх слоў, Вольга зусім не пакрыўдзілася за мяшчанку і за ўсе папрокі, якія ён кінуў. Пра вантробу думае? А хто не думае? Колькі іх, такіх, як ён, святых? Кароткае ў іх жыццё ў такі жорсткі час. Як у матылёў. Толькі пад крылом яе мяшчанскім ён можа пражыць даўжэй. Пра гэта яна думала ўвесь час. А ўспышка яго нават узрадавала. Як ён схапіў яе за плячо, як трасянуў, як зашыпеў. Можа, упершыню яна пачула ў ім мужчыну.

Але, успомніўшы, як пасля вобыску ён сказаў, што раніцой пойдзе, яна спалохалася. Зразумела раптам: не ён абразіў, а яна абразіла пачуцці яго высокія, імкненні. I ён можа пайсці. Гэтага яна баялася. Ад думкі такой халадзела не адну ноч. Страшна застацца адной. Каб зноў нахабна прыставалі паліцаі… Але нават не з-за гэтага. Можа, галоўнае ў тым, што з ім яна пачула сябе ж бы багацейшай і… чысцейшай. Душэўна чысцейшай. Раней ніколі не думала, што, акрамя таго багацця, якое можна купіць і прадаць. ёсць яшчэ такое, душэўнае, якое не купляецца ні за якія грошы, але з якім лягчэй жыць, калі маеш яго — усё жыццё набывае іншы сэнс. Цяпер нават да гандлю свайго, да прадуктаў, дарагіх рэчаў яна ставілася інакш, пачала думаць, што ўсё гэта можа спатрэбіцца не ёй адной, не толькі дзеля таго, каб забяспечыць шчасце дачкі, як некалі думала і старалася старая Ляновічыха. Каму і навошта гэта можа спатрэбіцца — пакуль што выразна не ўсведамляла, але думкі такія таксама як бы ачышчалі і ўзбагачалі. I ўсё гэта — ад яго, ад гэтага хворага хлапчыны. Ад вершаў яго. Ад высокіх слоў пра Радзіму. Ад парыванняў, над якімі спачатку хацелася смяяцца: маўляў, хоць і дваццаць гадоў маеш, а думкі ў цябе дзіцячыя… начытаўся кніжак, а жыцця не ведаеш, а яно, жыццё, зусім іншае, чым у кніжках. Але цяпер выходзіць, што і яе нечым захапіла гэтае кніжнае, выдуманае, як яна лічыла, жыццё. Дык, можа, не такое яно і выдуманае? Можа, праўда, трэба жыць інакш? Не, аб тым, каб змяніць сваё жыццё цяпер, у вайну, Вольга, безумоўна, не думала. Няма ёй чаго галадаць, як Бароўскім, і дзіця голадам марыць. Але аб тым, каб спалучыць адно з другім, свае рыначныя справы з незвычайнасцю, прыгажосцю вячэрняга адпачынку, — аб гэтым думала неаднойчы. Каб ён ціхім, але дрыготкім ад хвалявання голасам чытаў вось такое: