а яна сядзела б, падпёршы рукой шчаку, глядзела б на яго бледны твар, на яго сапраўды-такі анёльскае аблічча, і ёй хацелася б плакаць ад чужых жаласлівых слоў, ад свайго замілавання м, ад страху за яго… ад усяго адразу.
Не, няхай яна будзе шчырая сама з сабой: думала яна не толькі пра духоўную блізкасць, але і пра іншую… Не пасаромелася прызнацца, што кахае яго і нікому не аддасць. I каханне яе цяперашняе зусім не падобнае на тое, якое яна мела да Адася і да замужжа, і пасля, калі жылі разам. Яно, гэтае новае каханне, — як у таго Блока, якога яны чыталі разам, а пасля раніцамі яна чытала адна, чамусьці не жадаючы, каб Алесь бачыў гэта, саромеючыся. Толькі рэўнасць яе была ранейшая, такая ж, як і да ўсіх тых жанчын, што часам зазіраліся на яе Адася. Некалі яна набіла кандуктарку трамвая, калі сама ўбачыла, што тая білеты прадаваць забывае, а стаіць ля вадзіцеля і балабоніць яму на вуха. Ды яшчэ і начальству трамвайнага парка заявіла, каб не накіроўвалі такую на лінію з яе Аўсюком, бо яна не хоча, каб муж яе трапіў у турму, каб на яго сумленні было чалавечае жыццё, даволі таго, што бацька яе пад трамваем смерць знайшоў.
Ніякіх іншых адносін паміж маладым мужчынам і маладой жанчынай ці дзяўчынай Вольга прызнаваць не хацела. Таму і паверыць не магла, што Лена мае іншы інтэрас, каб хадзіць да Алеся, сустракацца з ім. Лічыла, што ў любой бабы, якую б пасаду яна ні займала, чым бы ні займалася, у галаве адно — мужчына.
Была ўпэўненая: Лена звязана з тымі, што ўзарвалі афіцэрскае кафэ на Камсамольскай вуліцы, падпалілі склад на таварнай станцыі, пра каго немцы вывешваюць загады — злоўлены, расстраляны, але рэўнасць ад гэтай упэўненасці не змяншалася. Бадай, наадварот: думала, што калі і ён ірвецца туды ж, то такая агульнасць поглядаў і парыванняў абавязкова зблізіць іх.
Вольга доўга сядзела на кухні, зажураная, кляла свой дурны характар і свой сіроцкі лёс.
У зале пастаяла перад зялёнай плюшавай занавескай — дзвярмі ў яго пакой. Хацела, каб Алесь неяк азваўся. Але ён маўчаў, яго не было чуваць — стаіўся. Цяжка ўздыхнула, пайшла да сябе. Заснуць, безумоўна, не магла. Варочалася, уздыхала — няхай чуе. можа, зразумее, што і яна перажывае, ён мяккі, добры — злітуецца, пашкадуе.
Пасля свайго прызнання, якое збянтэжыла хлопца, колькі разоў Вольга парывалася пайсці да яго ў начны час. Але кожны раз стрымлівала сябе. Не з-за сарамлівасці. Не. Ніколі не саромелася ўзяць тое, што, лічыла, належыць ёй. Сароміла іншае. Дала зарок сабе не рабіць першага кроку, не траціць жаночага гонару. Дамагчыся, каб першы прыйшоў ён. Толькі ў такім выпадку, лічыла, шчасце яе будзе поўнае.
Але цяпер, калі ўзнікла пагроза, што раніцой ён можа пайсці назаўсёды — да Лены пайсці! — было не да тонкасцяў, трэба адважыцца на такое, што прывязала б яго назаўсёды. Раней яна самаўпэўнена лічыла, што ніводзін мужчына не здолее ўстаяць перад яе чарамі. Але наконт яго такой упэўненасці не было. Незвычайны ён, апантаны нейкі, апанаваны адной думкай. Ды і нядужы яшчэ, ачуняць ачуняў, а сілы не набраўся.
Апоўначы, пачуўшы ў цішыні ночы, як ён павярнуўся і ўздыхнуў — не спіць, пакутуе, нябога! — Вольга нарэшце адважылася.
Пайшла ў адной сарочцы, босая. А ён ляжаў на неразасланай пасцелі, на коўдры, нераздзеты. Вольга на момант сумелася. Але ў ногі было холадна ад падлогі. Ды і не адступала яна ніколі ад таго, што задумвала. I яна залезла пад край ватнай коўдры, на якой ён ляжаў.
Алесь адсунуўся, але не падняўся і нічога не сказаў. Гэта яе ўзбадзёрыла. Але чакала, каб першы загаварыў ён, няхай скажа адно слова — і ўсё стане зразумелым. Але ён маўчаў, нават не дыхаў. «Спалохаўся», — падумала Вольга, і ёй зрабілася весела, захацелася смяяцца.
— Ты пакрыўдзіўся?
— Не-е. Завошта?
Добра, што ён размаўляе, аднак дрэнна, калі лічыць, што на яе нават не варта крыўдзіцца.
— Я люблю цябе.
Не адказаў. Гэта кранула яе жаночае самалюбства, але яна спытала з іроніяй:
— Скажы мне: ты мужчына ці не мужчына?
— Я ніколі не краў чужое.
Тады яна перавярнулася на бок, прыўзнялася, схілілася над яго тварам, адчула блізкасць яго вуснаў, зашаптала: