— А гэта не чужое… тваё!.. Усё тут тваё! Любы мой, слаўны і дурненькі! Якое ж ты ягня неразумнае. Не бойся. Палюбі мяне — і я ўсё аддам табе! — і заціснула яму рот сваімі вуснамі, каб ён не сказаў, што яму нічога нетрэба. Цалавала горача, прагна…
А потым была бяссонная і вельмі кароткая ноч. Яны гаварылі бясконца. Яны як бы спяшаліся выказаць усё тое, чаго не маглі сказаць адно аднаму больш чым за месяц жыцця пад адным дахам. Безумоўна, Адасёвай сілы ў яго не было. Але было іншае, чаго яна не ведала раней: незвычайная пяшчотнасць і ў словах, і ў пацалунках, і ў трапяткой усхваляванасці, і ў дыханні яго, і ўдарах сэрца, якія яна чула, тулячы яго да сябе.
Алесь прызнаўся, што дагэтуль не ведаў ніводнай жанчыны, што яна першая, і Вольгу кранула гэта і напоўніла яшчэ большай закаханасцю і радасцю; усё, што адбылося паміж імі, здавалася такім чыстым, бязгрэшным, што сумленне ніколькі не трывожыла яе, не адчувала яна віны ні перад Адасём, ні перад дачкой. Віну такую адчуваў ён. Сказаў пра яе. Вольга адказала пацалункамі.
— Не думай пра гэта, не трэба. Не твая віна — мая. Я грэшная… Але я не баюся граху, бо я люблю цябе.
Паспрабавала прасіць, каб ён нікуды не рваўся, ні ў якую барацьбу не ўвязваўся, перажыў вайну ў яе, і яна дасць яму ўсё, што трэба для шчасця. Сказала — і адразу пачула яго маўклівую насцярожанасць і… адчужанасць: адчувала яго блізкасць усімі клеткамі свайго цела, і раптам ён нібы рэзка адхіліўся, хоць у сапраўднасці не варухнуўся, толькі анямеў у нерухомасці. Схамянулася і зараклася: не гаварыць больш пра гэта, няхай ідзе, як ідзе. А каб зноў наблізіць яго, сказала:
— А прыёмнік… праўда, навошта ён нам, калі ўсё роўна паслухаць радыё нельга?.. Няхай Лена забірае… Толькі, калі што, каб не сказала, у каго ўзяла…
— Не скажа. Лена не скажа, — хутка і горача зашаптаў Алесь.
— Ты так гаворыш, быццам знаёмы з ёй з калыскі. Я лепш яе ведаю, — сказала між іншым, без пэўнага адцення, сама задаволеная, што ранейшай рэўнасці няма. Адкуль быць той рэўнасці цяпер, калі хлопец належыць ёй і яна ведае, якое ён сапраўднае ягня?
Але разам з тым гэты рахманы хлопец стаў уладаром яе, і яна аддавала яму ўсё і адкрывала ўсе тайны. Нават прызналася, дзе хавае пісталет. Сама сказала. У старой іконе, што вісіць на кухні. Нябожчыца маці зрабіла ў іконе тайнік яшчэ тады, у тую вайну, калі ў Мінску па два разы на год мянялася ўлада.
Па прыёмнік прыехалі на грузавіку, з камуфляжам, па-нямецку размаляванымі кабінай і бартамі. Машына спалохала Вольгу. Яна толькі што вярнулася з барахолкі, дзе набралася страху: немцы зрабілі першую масавую аблаву. Акружылі ўвесь рынак, выпускалі праз трое «варот», правяраючы дакументы, рэчы, абшуквалі нават кішэні. Вольга не баялася арышту. Завошта яе могуць арыштаваць, вядомую ўсёй паліцыі ды і некаторым нямецкім жандарам гандлярку?! Але спалохалася, што можа страціць дабро. У той дзень камерцыя яе ладзілася выгадна. Яна прадала соль, муку і здор — не за маркі, у акупацыйныя маркі мала верыла, а за пярсцёнкі і наручны гадзіннік, прытым, што важна для душэўнага спакою, не баялася, што яе ашукалі — падсунулі замест золата начышчаную медзь: са старым прафесарам у залатым пенснэ, якому вельмі трэба было падтрымаць хворую жонку, яна дамовілася яшчэ два дні назад. Расчуленая яго непрактычнасцю і бездапаможнасцю, дала старому фунт пшана, хоць магла і не даваць. За дабрату сваю была ўзнагароджана: за рэшту сала і пшана купіла адрэз цудоўнага тонкага сукна. А потым яшчэ больш пашанцавала. На вочы трапіўся той вусаты прыгожы мужчына, што падыходзіў да яе яшчэ ўвосень, у першыя халады, у дабротным, вышытым залатымі ніткамі кажушку і набіваўся ў прымакі. Праўда, цяпер ён мала быў падобны на жаніха: схуднеў, вусы адраслі і абвіслі, як у старога, парыжэлі, быццам падпаленыя, апрануты ён быў у зашмальцаваную ватоўку, на галаве аблезлая заечая шапка. Але на руцэ ў яго вісеў той жа кажушок, вабячы на гэты раз не золатам вышыўкі, а густой воўнай. Мабыць, мужчына запрошваў добрую цану, бо пакупнікі адразу «адвальваліся». У Вольгі ажно ёкнула сэрца: во яно, гандлёвае шчасце, увесь дзень не здраджвае; два месяцы назад прывабіў яе гэты кажушок, «загарэўся зуб» купіць яго — і вось ён сам просіцца ў рукі. Можа, цяпер кажушок і не так ужо пасаваў да яе камерцыйных разлікаў, але ўжо тое, што рэч, якая некалі падабалася, зноў трапіла на вочы, вымушала абавязкова купіць яе. Трэба паказаць гэтаму ганарыстаму пану, хто тут пануе, у гэтым людскім віры, — ён, палінялы, ці яна, па-ранейшаму чырванашчокая. Так і падумала з вясёлай гарэзлівасцю: «Зараз ты ўбачыш, хто тут шчупак, а хто карась».
— Прадаеш?
Ён таксама пазнаў яе, засмяяўся: