— А ты, прыгажуня, паўсюдная. Дзе ж твае дранікі?
— Дроў няма, каб пячы, — засмяялася Вольга.
— Шкада. Як бы я з’еў сёння гарачы дранік, — мужчына пракаўтнуў сліну і пастукаў намёрзлымі ботамі адзін аб адзін.
Тым часам Вольга разгарнула кажушок і па-хлапецку свіснула: чырвоная і залатая краса моцна замурзана якраз жа наперадзе, дзе вышыўка, быццам у кажуху грузілі дровы ці поўзалі па зямлі.
— Збіў пан цану свайму тавару.
— Я дам рэцэпт, як пачысціць.
— Сам пачысціў бы.
— Бракуе часу.
— Які заняты пан!
— Ды ўжо ж.
Вольга вярнула кажушок, каб даць зразумець, што ў такім выглядзе тавар мала цікавіць яе. Паспачувала, як добраму знаёмаму, без насмешкі:
— Дарэмна не прадаў тады. Я добра заплаціла б.
Але яму яўна не хацелася гаварыць з прывабнай гандляркай сур’ёзна, ён блазнаваў:
— Каб згадзілася ўзяць прыдачу…
Вольга ўспомніла Алеся, незвычайнасць яго пяшчот і не меншую незвычайнасць сваіх пачуццяў і засмяялася, гледзячы на рыжыя вусы:
— Каб у пана не было такіх вусоў. Я баюся вусатых.
— Для такой жанчыны галавы не шкадуюць — не толькі вусоў.
— Цяпер позна ўжо.
— Хіба? Вось жа пашэнціла некаму! А мне вусы, выходзіць, пашкодзілі. А я на іх так спадзяваўся!
Вольга падумала, што кажушок і ў такім выглядзе дарэчы — для Алеся. Пасля запалення яму трэба цёплая напратка. А што замурзаны, то гэта добра — няма чаго хадзіць у такім выглядзе, каб звярталі ўвагу. Такому, як ён, лепей быць непрыкметным. Зноў узяла кажушок, памацала воўну.
— Што просіш?
— А што даеш?
— Сала. Самагонку.
— Маркі. Мне трэба маркі. Фабрыку хачу купіць.
— А пан вясёлы.
— Бачу, пані таксама не сумуе.
Вясёлы-вясёлы, а за цану стаяў упарта, не хацеў уступіць і дзесятку. Вольга незадаволена падумала: «Бач ты яго, таргуецца лепш за нас, базарных баб».
Але зноў жа тое, што заплаціла маркамі, выйшла ёй на шчасце. Пляшка самагонкі засталася некранутай і памагла ёй выскачыць з аблавы. Аддала пляшку знаёмаму паліцаю, і той вывеў яе з акружэння праз тайны, вядомы толькі ім, паліцаям, лаз у дашчаным паркане. Кожны нешта выгадваў у гэтым вэрхале, немцы — сабе, паліцаі — сабе, за кошт такіх, як яна, — хто меў чым адкупіцца. Вядома, яе не арыштавалі б, тых, хто меў аўсвайс, адпускалі, але торбы многіх і нават кішэні пусцелі. У мностве загадаў і пастаноў пісалі, чым можна гандляваць, а чым нельга. Пастановы часта супярэчылі адна адной. Гэтым карысталася калі не само СД, то тыя, хто памагаў яму, — салдаты аховы тылу, паліцыя. У часе аблаў бессаромна рабавалі і падазроных, і не падазроных. I ніхто не скардзіўся. Каму паскардзішся? На каго? Лепей далей ад ліха.
Дадому Вольга вярнулася задаволеная — камерцыю зрабіла большую, чым думала, і з аблавы выскачыла без асаблівых страт. Расказвала Алесю пра кажух, пра яго былога гаспадара і пра аблаву весела, са смехам. А потым, як бы схамянуўшыся, спытала ціха, з трывогай:
— Не прыязджалі?
— Не.
Ёй не спадабалася, калі Лена сказала, што па прыёмнік прыедуць на машыне ў нядзелю; здавалася, было б прасцей, каб Лена яго перанесла да сябе як-небудзь увечары: на камароўскіх вуліцах патрулі ходзяць рэдка.
Больш, чым нямецкі грузавік, Вольгу спалохала, калі яна ўбачыла праз акно, што з кабіны выскачыў і пайшоў да брамкі той, вусаты, у якога яна тры гадзіны назад купіла кажух. Увайшоў ён смела, з грукатам, як вандроўны кравец, толькі, адчыніўшы дзверы, па-інтэлігенцку спытаў дазволу:
— Можна?
Убачыў Вольгу — здзівіўся, зрабіў вялікія вочы, смешна натапырыў вусы, коратка рагатнуў:
— Ай да стрэча! Шанцуе мне.
Але застылы Вользін твар — не вясёлая гандлярка, а сурова заклапочаная і ўстрывожаная гаспадыня стаяла перад ім — прымусіў яго вінавата панурыцца і ціха сказаць пароль:
— Прывет ад Фаіны. Яна прасіла забраць яе чамадан.
— Як там пляменнік расце?
— Пецька? Пачаў хадзіць.
Алесю, які з раманаў ведаў паролі адмысловыя, з глыбокім сэнсам, такі бытавы пароль-дыялог здаўся наіўным, няўмелым, і гэта яго трывожыла пасля таго, як Лена паведаміла пароль. Цяпер не спадабалася, як вусаты рагатнуў, адразу выдаўшы, што ён Вользін знаёмы. Але сам чалавек спадабаўся. Своеасаблівым чуццём салдата Алесь адчуў у ім камандзіра, валявога, вопытнага, і падумаў, што гэта не хто іншы, як сам кіраўнік падпольнай групы, бадай жа такім яго ўяўляў.
Алесь ступіў наперад, працягнуў руку.
— Дзень добры, таварыш, — голас яго дрыжаў ад хвалявання.
— Добры дзень, — сказаў вусаты не як прывітанне, а як пахвалу дню і сціснуў кволую, немужчынскую Алесеву руку так, што той ледзь не войкнуў ад болю; весела бліснуўшы вачыма, госць растлумачыў, чаму ён добры, дзень: — Я выгадна прадаў кажушок адной пані.