Пасля такіх яго слоў ад Вользінага сэрца адхлынуў страх і знікла нязвыклая, не ўласцівая ёй збянтэжанасць, ад якой яна як бы здранцвела; зрабілася лёгка, проста, весела, яна гучна засмяялася і сказала, як даўняму знаёмаму:
— Балабол ты стары. Напалохаў.
— Стары? Пані Ляновічыха, злітуйцеся! Не запісвайце ў старыя. Даведаюцца дзяўчаты…
Алесю хацелася пачуць ад гэтага чалавека асаблівыя, вельмі сур’ёзныя, высокія словы — пра барацьбу. А ён жартаваў, як блазен, скаліў зубы з жанчынай. Хлопца нядобра кранула, што яны страчаліся раней і што Вольга з ім на «ты».
— Таварыш, — памкнуўся Алесь пачаць іншую размову.
— Яўсей. Маё імя Яўсей. Да такога імя не пасуе ні пан, ні таварыш. Проста Яўсей…
Алесь зразумеў, што чалавек, які даверыўся ім, тым часам ухіляецца ад сур’ёзнай размовы. Чаму? Каму з іх не верыць? Вользе? Ці, можа, яму, колішняму палоннаму? Палон усё яшчэ адчуваў, як кляймо, якое балела яму і відаць было людзям.
Вельмі хацелася застацца з вусатым адзін на адзін і сказаць яму шчыра, па-мужчынску, што ён камсамолец, малады паэт і гатовы сёння ж уступіць у падпольную групу і выконваць любое заданне. Вольга паказвала, дзе схаваны прыёмнік: на гарышчы ў кучы старых крэслаў, матрацаў, цэбраў, каструляў, лахманоў. Трэба палезці туды разам з Яўсеем. Толькі трэба апрануцца, інакш Вольга не выпусціць за дзверы. Але Вольга як бы прачытала яго думкі — першая схапіла з цвіка куплены кажушок, накінула на плечы. Сказала вусатаму:
— Палезлі па чамадан.
У Алеся з’явілася тое ж пачуццё, якое нядобра варухнулася ў душы, укалола, калі Вольга сказала чалавеку: «Балабол ты стары…» Цяпер ён здагадаўся, як яно называецца, гэтае пачуццё, і яму зрабілася сорамна, што ў такі час у галаву, у сэрца лезе абывацельская лухта, якая ганьбіць пачуцці яго і думкі.
Пакуль Вольга «адкопвала» прыёмнік, Яўсей агледзеў гарышча, заглянуў у акенца, у адно, у другое, быццам выбіраў назіральны пункт ці вывучаў сектар абстрэлу. З асаблівай увагай, з цікавасцю, амаль дзіцячай, агледзеў блізкія двары, перспектыву крывых вуліц, запомніў, дзе завулак прахадны, а дзе тупік. Вярнуўся да Вольгі, якая загортвала прыёмнік у дзяругу, сказаў усё гэтак жа весела:
— Камандная вышыня ў вас тут. I кастра мяккая.
Вольга не зразумела, што да чаго, як вышыня пасавала да кастры. Тут, на гарышчы, адзін на адзін з таямнічым незнаёмым, робячы справу, за якую можна апынуцца ў турме ці зусім на шыбеніцы, яна зноў страціла сваю бойкасць і гарэзлівасць. Гаварыла прыглушаным шэптам. Цяпер гэта быў не страх, а нешта новае, значнае і незразумелае, як тайна вянчання ці пасвячэння.
— Кволы твой кватарант. Слабенькі. Што дзіця.
— У яго душа моцная.
— О! А яму, праўда, можна пазайздросціць. Атрымаць такую пахвалу! Што ж, пабачым.
Тады яна павярнулася да яго і нечакана для сябе папрасіла:
— Не ўцягвайце вы яго нікуды. Навошта ён вам такі? Праўда, дзіця. Лепш я аддам вам… — хацела сказаць — рэвальвер, але асеклася, можа, таму, што ён не выявіў ні здзіўлення, ні іншага пачуцця, нават не паглядзеў на яе, заняты прыёмнікам — правяраў, ці надзейна загорнуты. Потым лёгка падхапіў цяжкую скрынку, пайшоў да лесвіцы.
Вольга спусцілася следам за ім. Ён чакаў яе ў каморы, пад лесвіцай, зноў прыдзірліва аглядаючы ненадзейную ўпакоўку. Папрасіў мяшок. Засунуў прыёмнік у мяшок, напхаў па баках анучак, каб выглядала, што ў мяшку штосьці мяккае, каб не вытыркалі восгрыя вуглы.
— Суседзям скажы, што ты прадала… Што ты можаш прадаць?
— Бульбу, буракі… Воўну. У мяне ёсць воўна.
Ён як бы пазайздросціў:
— Багата жывеш.
Вольга прыгадала, як ён галодна каўтнуў сліну, сказаўшы пра дранікі. Варта накарміць яго, хоць у той жа час не хацелася, каб ён лішне затрымліваўся ў доме. Атрымаў што трэба і — з Богам, як кажуць людзі. Але прапанавала:
— Дранікаў няма, а бульба ў печы гарачая з салам.
Яўсей засмяяўся:
— Не хопіць кажушка разлічыцца за машыну, — і асцярожна ўзваліў мяшок на плечы.
Вольга выйшла следам за брамку і застыла, ашаломленая: за рулём грузавіка сядзеў нямецкі салдат.
Яўсей палажыў прыёмнік на сядзенне побач з шафёрам. У Вользінай галаве маланкай бліснула самая неверагодная думка. Але і ад верагоднай здагадкі — «не хопіць кажушка разлічыцца…» — жахнулася: якая шалёная рызыка — наймаць немца!
Яна сарвала з плеч кажух, працягнула яму:
— А кажух? Чуць не забыўся кажух.
Ён сумеўся на міг. Але тут жа схапіў кажух, кінуў на прыёмнік, засмяяўся.