— Дзякуй, сястра, — і ўскочыў на сядзенне, ляпнуў дзверцамі.
Грузавік ад’ехаў.
У Вольгі памлелі ногі, яна доўга не магла скрануцца з месца, ажно пакуль не адчула, што ззаду, за брамай, стаіць Алесь. Жахнулася, што ён выйшаў так — у адным пінжачку, без шапкі.
— Ты як малое дзіця! Горш за Светку, — моцна ляпнуўшы, зачыніла брамку, пагнала яго ў дом. — Хочаш зноў ляжаць? Вось жа дурань! I малую адну пакінуў. Прачнецца — упадзе.
За дзвярамі ў сенцах Алесь павярнуўся да яе і, быццам сапраўды моцна замёрзлы, дрыжачым голасам сказаў:
— Ты бачыла? Немец!
Яна сцяміла, што немец за рулём машыны спалохаў хлопца не менш, чым яе спачатку. Але, сама рызыкоўная, яна ўжо ўхваліла ў душы такую хітрасць смелага і вясёлага чалавека.
— Не бойся. Ён правільна прыдумаў. Шафёр не стане правяраць, што вязе, а патрулі не спыняць вайсковую машыну.
— Адкуль ты ведаеш яго?
Вольга сілком упіхнула яго ў кухню і там, у цеплыні, амаль радасна засмяялася:
— Божачка мой, ды ты ж раўнуеш!
Ён збянтэжыўся, пачырванеў.
Вольга абняла яго, пацалавала ў вусны, у лоб:
— Як я люблю цябе! Сашачка, родненькі. Нікога на свеце так не любіла! Чым ты мяне прывабіў? А таго, вусатага… Я купіла ў яго кажушок. Як ён таргаваўся! За кожную марку. Во гандляр! А я аддала яму кажушок назад! Гэта ж ён прадаў, каб заплаціць за машыну!
Смех яе паступова заціхаў, цяпер яна гаварыла сур’ёзна, глядзела Алесю ў вочы дзіўна і трымала за плечы так, быццам баялася, што калі адпусціць, то страціць назаўсёды, цалавала нервова, прагна. Потым раптам павярнулася да іконы, у якой хавала пісталет, перахрысцілася.
— О Матка Боска! Як ношку з плячэй скінула. I з душы. Наліха ён мне здаўся, гэты прыёмнік! — і вымавіла як пагрозу невядома каму: — Ну, цяпер усё! Усё! I Ленку гэтую, рызыкантку праклятую, на парог не пушчу. Усё! Усё! I нічога ты мне не кажы! Нічога! Слухаць не магу! — і заціснула вушы далонямі, хоць Алесь не вымавіў ніводнага слова. — У мяне — дзіця! Журавіначка мая! Крывіначка мая! Сіраціначка мая ненаглядная!
Села на кухонны ўслончык, залілася слязьмі.
— Не, не хачу! Не хачу! Усё! Усё! Што вы робіце са мной? Жаласці ў вас няма да людзей.
Такога прыступу ў яе яшчэ не было. Алесь стаяў ля дзвярэй, глядзеў на яе і маўчаў, думаў, што жанчыну гэтую цяжка зразумець, а таму невядома, што сказаць. Можа, абняць, прылашчыць і так супакоіць? Ступіў да яе, але яна спалохана сцялася, зноў закрыла вушы, заківала галавой:
— Не, не! Не хачу! Не магу! Не чапайце мяне! Не чапайце!
I тады ён падумаў, што лепш сапраўды не чапаць яе і не ўцягваць у барацьбу, што не той гэта чалавек, які патрэбны ў вялікай справе, якую робяць Лена, вусаты, у якую ўступіў ён… Заданне з прыёмнікам давала яму права лічыць, што падпольшчыкі прынялі яго ў свае рады. Але разам з тым, як ніколі раней, яму зрабілася балюча, што ён мусіць пакінуць гэты дом і яе, якая зрабіла для яго так многа, блізкасць з якой вярнула яму радасць жыцця, цяпер ён адчувае да яе не простую ўдзячнасць, а, безумоўна, тое, пра што так многа чытаў і пісаў… Ён кахае яе. I яму хораша ад гэтага! Але ці мае ён права цяпер кахаць, звязваць свой лёс з жанчынай, ды яшчэ з такой — замужняй і… з такімі поглядамі?
Алесь не разумеў Вольгу, а Вольга ў той дзень не разумела самую сябе. Паплакаць яна ўмела і нават любіла. Але часцей рабіла гэта з выгадай для сябе. Некалі перад бацькамі. Перад Адасём, перад чужымі людзьмі часам вылівала такія слёзы, што ў самых чэрствых мякчэлі душы. А тут? Чаго яна дамагаецца тут? Каб пакарыць хлопца? Дык пакарыла ж. Ва ўсім. Акрамя аднаго… У адным — у сваім імкненні ваяваць з немцамі — яго мяккая душа вельмі цвёрдая. Дык чаго ж яна дамагаецца? Што ён здзейсніць сваё абяцанне — пойдзе ад яе з удзячнасцю і любоўю, як ён сказаў? Але гэтага яна не хацела, баялася. Дык на-вошта ж пагражаць, што з прыёмнікам усё скончыцца? Думаючы пра гэта, яна пільна сачыла, як паводзіць сябе Алесь. Разумела, што ёй лепш супакоіцца, але слёз стрымаць не магла. За ўсё жыццё плакала так шчыра хіба на пахаванні маці. Прачнулася Светка, пачула матчыны ўсхліпы і, спалоханая, закрычала галасіста, на ўвесь дом.
Алесь першы кінуўся да дзіцяці.
VI
Не, з прыёмніка нічога не пачалося. Дарэмна баялася Вольга. Дарэмна лічыў Алесь, што прыёмнік даў яму пропуск у падпольную арганізацыю. Ніхто яго нікуды не запрашаў. Ніхто не даваў новага задання. Гэта магла б зрабіць Лена, але яна не з’яўлялася. Алесь даведаўся яе адрас і разы са два заходзіў у дом. Страчала старая — Леніна маці — ветліва, але насцярожана, хоць адразу здагадалася, хто ён, спытала: «Вользін брат?» Без іроніі, здаецца, спытала, сур’ёзна, хоць, безумоўна, ведала, адкуль узяла такога «брата» Вольга. Падтрымлівала легенду, якую сведчыў здабыты Ленай дакумент. Калі і другі раз старая спешліва паведаміла: «А Лены няма дома», Алесю зрабілася падазрона, і ён падумаў пра Вольгу, пра яе плач і крык, пра яе пагрозу не пусціць рызыкантку Лену на парог… Няўжо Вольга магла зрабіць такую істэрыку і тут, у Бароўскіх?