Выбрать главу

Ён адчуваў сябе зусім здаровым і дужым і з кожным днём пакутаваў усё больш ад таго, што сядзіць у цеплыні, на сытных харчах, пад крылом у добрай кабеты ў той час, калі ідзе вайна, калі мільёны яго равеснікаў штодня ідуць у бой. Яшчэ нядаўна, нават тады, калі адступілі ажно пад Вязьму, ён часам марыў пра ўласны подзвіг — такі, які праславіў бы яго імя, няхай і пасмяротна, і… зрабіў бы паварот у ходзе вайны. Цяпер, пасля ўсяго перажытага, ён не забіваў галаву такімі пустымі дзіцячымі марамі. Зведаўшы ўсе жахі вайны і сілу ворага, ён добра разумеў, што ніводзін самы выключны подзвіг любога звышгероя не зменіць ход вайны. Для гэтага трэба адно: як найболей забіць фашыстаў. Любым чынам. Любымі сродкамі. Ён пакутаваў ад таго, што не паспеў забіць ніводнага. Нават не стрэліў ні разу так, каб была хоць якая ўпэўненасць, што куля яго не пайшла ў белы свет, у неба, а знайшла ворага.

Першы выхад з цішыні і бязлюднасці камароўскіх завулкаў у горад — на рыначную плошчу, на Савецкую вуліцу — ашаламіў Алеся. Колькі іх, ворагаў! Салдаты, афіцэры, паліцэйскія, грузавікі, легкавыя машыны… На кожным кроку. Не, ашаламіла не колькасць. Страх мноства і страх тэхнікі, які прычыніў столькі бяды ў першыя дні вайны, ён, бадай, перасіліў яшчэ на фронце, пад Смаленскам, разам з байцамі палка, які адбіў за день пяць ці шэсць атак нямецкіх танкаў. Ён прыехаў у полк ад рэдакцыі і ўпершыню бачыў немцаў так блізка, танкі іх. Сам не страляў — смешна страляць па танках з нагана, але памагаў санітарам выносіць раненых. Рэдактар быў незадаволены тым, што ён напісаў, вярнуўшыся з перадавой. А ён радаваўся, што не адчуваў страху, не думаў пра смерць і не сядзеў у тыле. Паспрабаваў напісаць, што калі такі пералом адбудзецца ў душы кожнага байца… Але рэдактар бязлітасна выкрасліў усю «філасофію», рэдактар патрабаваў фактаў гераізму, а іх было мала, бо ён не паспеў запісаць прозвішчы людзей, прыйшлося рэдактару браць прозвішчы з палітданясенняў. Ці былі гэта тыя людзі, што загінулі на яго вачах, а з жывых — тыя, якіх ён вынес з поля бою? Але такі метад асвятлення Алеся не абурыў; у той дзень ён не толькі перасіліў уласны страх, але і само разуменне подзвігу на вайне пераасэнсаваў.

Не, не мноства немцаў на вуліцах Мінска яго ўразіла. Іх спакой, упэўненасць, уладкаванасць. I што некаторыя нашы людзі служаць ім. Ён, безумоўна, не думаў, што жыццё павінна спыніцца; каб жыць, людзі мусяць працаваць на акупантаў. Уразіла якраз не тое, што рабілі на заводах, на чыгунцы, а тое, як абслужвалі паноў афіцэраў. Ён дабраўся да вакзала, дзе, як каля ўсялякага вакзала, ды яшчэ ў ваенны час, было асабліва людна. I там убачыў катэгорыю служкаў, пра якіх толькі ў кнігах чытаў, — хлапчукоў-насільшчыкаў і чысцільшчыкаў ботаў. Іх было многа. Некаторыя выконвалі не толькі ролю насільшчыкаў, але возчыкаў, рамізнікаў. На санках-самацяжках, на тачках везлі рэчы афіцэраў і саддат у любы канец горада. Некаторыя даволі ўжо спрытна прапаноўвалі свае паслугі па-нямецку.

Убачыў ён і маладых жанчын, паводзіны якіх, заляцанні да афіцэраў гаварылі пра іх занятак. Вось гэта страшэнна ўразіла і прычыніла боль не менш, чым здрада некаторых былых чырвонаармейцаў у лагеры ваеннапалонных, уразілі гэтыя хлапчукі, учарашнія савецкія школьнікі, і дзяўчаты, пра якіх яшчэ нядаўна ён сачыняў узнёсла-рамантычныя вершы. Яго юнацтва, студэнцтва прыпалі на гады пільнасці і падазронасці, ён верыў, што навокал нямала ворагаў, агентаў буржуазіі і нямецкага фашызму. Але ніколі не паверыў бы ў тыя гады, што прыслужнікам фашыстаў стане хто-небудзь з яго школьных ці інстытуцкіх сяброў. Якія ў яго былі мары! I ва ўсіх яго сяброў! Любы з іх памёр бы, каб яго прымусілі раптам везці рэчы чужога афіцэра, ворага, акупанта. Адкуль жа ўзяліся гэтыя? Не пад прымусам жа іх прыгналі сюды? Ён спрабаваў пагаварыць з хлапчукамі. Але, зацікаўленыя напачатку ўвагай да іх, пачуўшы яго пытанні, яны варожа насцярожваліся і адыходзілі. Разважыўшы, дзецям ён літасціва дараваў віну, нават пашкадаваў іх, з болем падумаў, што хутка іх ператвораць у рыкшаў і яны будуць вазіць не толькі рэчы. Але жанчынам апраўдання не было. Жанчын караў самай высокай, суровай карай.

На другі дзень ён стаяў на пляцы Волі перад паліцэйскай управай. Яму хацелася паглядзець у твары тых, хто пайшоў служыць у акупацыйную ўстанову, у твары адкрытых, яўных здраднікаў. Што на іх тварах? Яны канчалі працу на сконе кароткага зімовага дня, на змярканні. Але дзень быў ясны, марознае неба палала чырванню, і ён бачыў іх твары і пераконваўся, што гэта адпетыя ворагі: на іх тварах не адбіваліся ні страх, ні раскаянне. Яны выходзілі групамі, мужчыны і жанчыны, і весела перагаворваліся, смяяліся. Праўда, разыходзячыся ў розныя бакі, людзі гэтыя спяшаліся, паскаралі крок. Баяліся. Чаго? Цемры? Набліжэння каменданцкага часу? Але ж, напэўна, у кожнага з іх ёсць начны пропуск.