Выбрать главу

Афіцэр выйшаў не адзін, разам з ім былі яшчэ двое, вайсковец у форме СС і цывільны. Алесь спалохаўся: няўжо ўсе трое пойдуць разам? Не, эсэсавец і цывільны развіталіся, пайшлі ў другі бок — на Нямігу. А обер застаўся на ганку і, нацягваючы пальчаткі, хвілін колькі любаваўся, як кружаць сняжынкі, асыпаюць дрэвы ў скверы.

Алесь толькі цяпер прыкмеціў, што дрэвы, зацярушаныя снегам, сапраўды прыгожыя. I яго зноў абразіла, што такой прыгажосцю любуецца фашыст, акупант. Абраза вывела з дзіўнага, нейкага бяздумна-захаладалага спакою. Ён раптам адчуў, што спакой гэты як бы існуе незалежна ад яго, а сам ён, цела яго, мозг, сэрца да крайнасці напружаныя ў чаканні таго, да чаго ён ішоў праз многія пакуты, да чаго рыхтаваўся не толькі апошнія суткі… Але да д’ябла ўсе развагі, усялякае корпанне ў душы! Ад іх пачынаюцца страх, няўпэўненасць, разлад паміж розумам і воляй.

Засталося дзесяць, найбольш пятнаццаць, мінут да рашаючага, самага адказнага выпрабавання. Обер ходзіць хутка, даўганогі, спартсмен, напэўна. Але што гэта? Чаму ён пайшоў не туды? Па Ленінскай пайшоў, на Савецкую. А тут, у цэнтры, у будынках, што ўцалелі ад бамбёжкі і пажару, працуюць магазіны, кафэ, і на вуліцы мнагалюдна, гуляюць, безумоўна, пераважна тыя, хто не баіцца набліжэння каменданцкага часу. Калі обер зойдзе ў афіцэрскае кафэ ці кіно — усё сарвецца.

Алесю немагчыма было прымірыцца з думкай, што можна пражыць яшчэ хоць гадзіну-дзве, а тым больш ноч, не здзейсніўшы свайго плана. У яго ж усё гатова і ўсё разлічана да апошняга кроку. I вораг, канкрэтны вораг, знішчыць якога ён атрымаў загад ад вышэйшага камандавання — свайго сумлення, — вось ён, за некалькі крокаў, ідзе з высока ўзнятай галавой, упэўнены ў сваёй непакаранасці. Нельга, каб кара была адтэрмінавана хоць на суткі. Здавалася, што ад таго, ці атрымае сваю кару менавіта гэты прышэлец, залежыць вельмі многае не толькі ў лёсе яго, сяржанта Гапанюка, але і ў лёсе арміі, народа.

Баючыся, што обер раптам нырне ў нейкія дзверы, куды яго, тубыльца, не пусцяць (ля афіцэрскага кафэ стаіць варта), Алесь паскорыў крок і наблізіўся да асуджанага, ішоў следам за якія два-тры крокі, рызыкуючы, што сваім цяжкім дыханнем прымусіць таго азірнуцца; хоць учарашняя сустрэча адбылася ў прыцемку, але калі ў немца пільнае вока, ён па знешніх абрысах мог запомніць таго, хто ішоў за ім.

Пра адступленне Алесь не думаў, не мог думаць, аднак і новага плана — дзе стрэліць — не меў, калі спадзяваўся на выпадак. У смяротнікі сябе не запісваў, як залічыў некалі ў лагеры. Пра ўласнае выратаванне думаў, бо цяпер, як, можа, ніколі раней, хацелася жыць.

Сціскаў у кішэні рукаятку пісталета так, што ажно пякло далоню. Ды і ўсяго, напэўна, паліла, бо зрабілася горача. Ці такое цёплае Адасёва паліто?

Дзе ён, той выпадак, калі з шанцам на ўласнае выратаванне можна стрэліць у гэтую ненавісную патыліцу, у вузкаватую спіну, што спружыніста гойдаецца перад вачамі?

Людзей у адным месцы было многа — каля магазіна. А далей — менш, але калі лічыць не людзей увогуле, а салдат, то іх на вуліцы больш, чым трэба для таго, каб затрымаць аднаго яшчэ не вельмі дужага пасля хваробы і не надта спрытнага хлопца, фізкультурнікам, напрыклад, ён заўсёды быў пасрэдным — і ў інстытуце, і ў арміі.

Афіцэр мінуў кафэ, і Алесь з палёгкаю ўздыхнуў і трохі адстаў, каб не наклікаць на сябе падазронасць якога-небудзь агента тайнай паліцыі. А калі обер перайшоў Савецкую і звярнуў на Камсамольскую, дзе на цэлы квартал усе дамы спаленыя і разбураныя, а таму і на вуліцы гэтак жа малалюдна, як на Камароўцы, як на пустыры ля опернага тэатра, Алесь зноў паверыў у сваю шчаслівую зорку. Яму яўна шанцавала. Тут такі можна выбраць месца і момант ддя помсты і ёсць дзе схавацца самому — у руінах. Маланкава ўзнік новы план. Але ўжо добра сцямнела, і трэба зноў наблізіцца, каб не прамахнуцца, рука, безумоўна, будзе дрыжаць ад хвалявання, гэта толькі здаецца, што спакойны. I вось гэтае рашаючае збліжэнне аказалася самым цяжкім. Як бы раптам не стала сілы дагнаць афіцэра; з’явілася пачуццё, якога не адчуваў дагэтуль, — нібы пакута сумлення, што трэба стрэліць чалавеку ў спіну, трэба забіць чалавека знянацку, з-за вугла. Прыйшлося зноў пераконваць сябе, што гэта не чалавек — вораг, страшны вораг, бязлітасны, а таму і да яго не павінна быць літасці. Вылаяў сябе, маўляў, мяккацелы інтэлігент, малюска. У гэтым змаганні з самім сабой прапусціў лепшыя руіны. Афіцэр звярнуў на вуліцу Карла Маркса, дзе ўцалелых дамоў было больш, а таму і прахожыя вырысоўваліся ў змроку рэдкай снежнай каламуці. Хто яны? Свае людзі? Немцы?