Выбрать главу

— Драпаюць начальнічкі, — зларадна сказаў нейкі мужчына, што стаяў побач з Вольгай у пад’ездзе шасціпавярховага Дома Камуны, і падкрэслена здзекліва праспяваў: «Чужой земли мы не хотим ни пяди, но и своей вершка не отдадим…»

Вольга засмяялася на яго словы і па-хлапецку, чаго не рабіла са школьных гадоў, па-разбойніцку, свіснула ўслед легкавушкам. Але калі гэты лысаваты, хоць і не стары яшчэ, тып, акуратаа паголены, паадэкалонены, у чыстай, вышытай васількамі кашулі, адчуўшы, пэўна, у ёй аднадумца, паспрабаваў даверліва загаварыць, Вольга адказала яму так, што ў таго паблеклыя вочы на лоб палезлі.

Яна глядзела на бежанцаў, некаторыя — па выгляду іх відаць было — здалёк ішлі, і злосць яе на тых, што ўцякаюць на машынах, мацнела. Дзіўная і страшная злосць. Разам з ёй, злосцю гэтай, расло шалёнае жаданне, якога ніколі не было, абуджалася нейкая дзікая сіла — ламаць, крышыць, разбіваць, паліць усё, што называлася народнай уласнасцю. Праўда, сіле гэтай Вольга не дала вырвацца, скіравала яе на іншае, на сваё, больш выгаднае — на перакананне, што раз тыя, якія мелі ўладу, уцякаюць, а яна нікуды ўцякаць не збіраецца, бо няма ёй куды ўцякаць, то гаспадыня тут яна і ўсё дабро належыць цяпер ёй і такім, як яна. Упэўненая, што не адна яна такая разумная, іншыя таксама не дурні, кінулася шукаць, дзе чым можна пажывіцца. I хутка знайшла. На вуліцы Куйбышава рабавалі гастраном, праўда, нясмела яшчэ: вырвалі краты і выставілі акно з двара; маладыя мужчыны, сярод якіх яна пазнала аднаго свайго, камароўскага, падавалі адзін аднаму скрынкі з гарэлкай і віном. Жанчын, відаць, жыхарак дома, не падпускалі, тыя кралі па пляшцы з вынесеных скрынак. Вольгу таксама не пусцілі залезці ў магазін праз гэтае акно. Замахнуўся адзін п’яны дурань на яе. Тады яна схапіла ржавы кавалак водаправоднай трубы, што валяўся ў двары, выбегла на вуліцу і пляснула па вітрыне. Дзынкнула, пасыпалася тоўстае шкло. Абразаючы ногі, яна ўскочыла ў магазін, іншыя жанчыны не адразу адважыліся палезці следам за ёй. Нават рабаўнікі, што гаспадарылі ўжо ўсярэдзіне, разгубіліся ад такой смеласці бабы, хоць і глынулі з пляшак. Ажно пакуль камароўскі не крыкнуў ім:

— Гэта ж Ляновічыха!

Імя гэтае як бы ўсё ім растлумачыла, і яе не толькі тут жа прынялі ў шайку, але, бадай, ужо лічылі завадатаркай; каб іх арыштавала ў той час міліцыя, то, безумоўна, усе тыя смельчакі паказалі б на яе: гэта яна першая! Вольга адчувала гэта, разумела і ні ў якой шайцы-лейцы быць не жадала і ненавідзела п’яныя морды, пагарджала імі, бо лічыла іх бандзюгамі, якім абы гарэлкі нажлукціцца. А сябе апраўдвала тым, што бярэ сваё, народнае, і не дзеля п’янства бярэ, не дзеля забавы — карміць дзіця, карміцца самой, бо хто цяпер пра яе паклапоціцца, калі муж ваюе, брат ваюе. Аднак камерцыйны вопыт падказваў, што ў будучым, бадай, самым каштоўным прадуктам стане гэтая агідная гара, якую многія жанчыны пракліналі. Таму, як і мужчыны, яна перш за ўсё схапіла скрынку гарэлкі, ускінула на плячо. А ў магазін праз выбітую вітрыну ўжо лезлі жанчыны, дзеці, і Вольга зразумела, што, пакуль яна занясе дадому гарэлку і вернецца назад, у гастраноме нічога не застанецца. А тут жа такое багацце! Што ж узяць яшчэ? Паспрабавала на другое плячо ўзваліць скрынку рыбных кансерваў, ды адчула, што дзве скрынкі не данясе. Трапіў на вочы няпоўны мяшок макаронаў — зручней несці. Не, мала. За пазуху, у кішэні можна накласці цукерак, шакаладак. Напхала цукерак усюды, адкуль яны не маглі высыпацца, нават у рукавы. Сем патоў выліла, пакуль данесла ўсё дадому па чэрвеньскай спякоце. I адразу ж кінулася назад.

У гастраноме былі ўжо выбітыя дзверы, але жанчыны разыходзіліся з пустымі рукамі. Вольга ўскочыла ў магазін, не вельмі задумаўшыся, чаму людзі так паводзяць сябе, і здзівілася, калі ўбачыла міліцыянераў, разгубілася і спалохалася. Іх было двое, міліцыянераў. Старшына стаяў перад кампаніяй з пяці п’яных рабаўнікоў і, трымаючы ў апушчанай руцэ пісталет, спакойна, стомлена прасіў:

— Граждане! Прошу разойтись. Буду стрелять. Ей-богу, буду стрелять…

Мужчыны хоць і п’яныя, але рэвальвера спалохаліся, збіліся ў кучу, як цяляты, мацюкаліся, трушчылі ботамі вітрыннае шкло і хоць не выходзілі, пэўна, баючыся паварочвацца спінамі да зброі, аднак і не наступалі агрэсіўна на міліцыю. Але менавіта няўпэўненасць ахоўнікаў парадку зноў страшна абурыла Вольгу: рушыцца, значыцца, улада, да якой яна мела павагу, дык чаму ж гэтыя два дурні разводзяць тут анцімонію! І яна кінулася наперад, загарадзіла сабой рабаўнікоў, ірванула кофтачку на кнопках — каб зручна было карміць дзіця, — і кофтачка расшпілілася.