Выбрать главу

Ды обер нечакана, не спыніўшыся, не запаволіўшы крок, нырнуў у пад’езд дома.

Алесь кінуўся за ім, ірвануў дзверы, яны грукнулі, як выбух.

У пад’ездзе гарэла цьмяная лямпачка. Афіцэр стаяў на першай лесвічнай пляцоўцы і абіваў пальчаткай снег з каўняра. Не, ён не схаваўся, адчуўшы небяспеку, — ён прыйшоў у госці і не мог нанесці ў кватэру макроцце. Павярнуўшыся на стук дзвярэй, убачыў нацэлены на яго пісталет і, спалоханы, не закрычаў, не паспрабаваў дастаць з кабуры свой пісталет. Выпусціў партфель і падняў рукі, здаючыся, прашаптаў збялелымі вуснамі:

— О, майн гот!

Алесь стрэліў двойчы, пад скляпеннем старой камяніцы стрэлы прагрымелі, як гарматныя, адгукаючыся рэхам недзе ў вышыні. Немец сутаргава схапіўся за парэнчы і паваліўся на бок, ногі яго бяссільна слізганулі па ўсходцах лесвіцы, шукаючы апоры і не знаходзячы яе. Недзе ўгары стукнулі дзверы, і нехта крыкнуў па-нямецку.

Цяжка было не пабегчы, не кінуцца да руін, выскачыўшы на вуліцу, але Алесь прымусіў сябе пайсці спакойна. Прыкінуў, як узнімецца трывога і будзе арганізавана аблава. У доме, безумоўна, жывуць немцы, афіцэры, у іх ёсць тэлефоны, сувязь з СД, з паліцыяй. Так што можна лічыць, што трывога ўжо ўзнята. Цяпер важна вызначыць раён ачаплення і пастарацца выйсці з яго. Была моцная спакуса кінуцца ў руіны і прабірацца праз іх уніз да Свіслачы, далей ад цэнтра. Але тут жа ўспомніў пра сабак-сышчыкаў. Безумоўна, па следзе пусцяць сабак…

Ён не толькі прачытаў усю эпапею пра Шэрлака Холмса, іншыя дэтэктывы, але многія сур’ёзныя кніжкі пра метады падпольнай барацьбы ў розныя часы, у розных умовах — пра нарадавольцаў, бальшавікоў, падпольшчыкаў грамадзянскай вайны, пра гарыбальдзійцаў, балгарскіх змагароў супроць турэцкага рабства, французскіх рэвалюцыянераў і г. д. Як, з якімі хітрасцямі гэтыя мужныя людзі ашуквалі самых вопытных сышчыкаў, арганізоўвалі ўцёкі з самых строгіх турмаў.

Калі мінулай ноччу планаваў сваю акцыю — як заб’е фашыста, як будзе адыходзіць — каб ні двухногія, ні чацвераногія сабакі не пайшлі па следзе, — ён прыгадваў і выкарыстоўваў шмат што з прачытанага. Але змяніліся абставіны, змянілася месца падзеі. I няма часу, каб падумаць. Прыходзіцца спадзявацца на інтуіцыю. Сабакі не пойдуць там, дзе след яго затопчуць чужыя боты, чужыя пахі. Значыцца, самае правільнае — выйсці на Савецкую, цэнтральную, дзе ў гэты час яшчэ нямала прахожых.

Было б добра схаваць пісталет, разумеў, як небяспечна хадзіць з пісталетам. Па нямецкіх загадах за адно захаванне зброі — смяротная кара. Але дзе ты яго схаваеш? Як? А пайсці на тое, каб закінуць у руіны і назаўсёды страціць зброю, ён не мог, бо гэта ўсё адно што страціць зброю ў баі. Урэшце, ён ішоў на большую рызыку, амаль не пакідаў шанцаў на ўратаванне, калі намерваўся стрэліць на вуліцы. Яму пашанцавала — афіцэр пайшоў у дом на ціхай, амаль бязлюднай у вячэрні час вуліцы.

Алесь выйшаў на Савецкую, перайшоў на левы бок, дзе прахожых было больш — гулялі афіцэры, салдаты, жанчыны. Прыкмет трывогі ўсё яшчэ не было. Але больш за ўсё радаваў уласны спакой. Нават не спадзяваўся, што, здзейсніўшы задуму, ён будзе такі спакойны. Было адчуванне чалавека, які выканаў вельмі патрэбную, неадкладную работу, добра выканаў, па-майстэрску, і, задаволены самім сабой, уласным уменнем, выйшаў пагуляць, падыхаць свежым паветрам, палюбавацца снегам. Як прыгожа ён кружыць, снег!

Прайшла легкавая машына з уключанымі фарамі. У іх святле сняжынкі здаваліся срэбнымі матылямі. Але машына гэтая была і першым сігналам трывогі. Вельмі хутка яна прамчала ў той бок, у цэнтр. Ён не стаў азірацца, куды машына паверне — ці не да месца здарэння? Паскорыў крок. Цяпер гэта можна было зрабіць — ішоў спуск да Свіслачы. Тут амаль усе спяшаліся, і не толькі цяпер, перад каменданцкім часам, але нават удзень, ён гэта прыкмеціў яшчэ ў першы свой выхад сюды, у цэнтр. Гэты спуск — што звужанае рэчышча ракі, дзе плынь паскараецца.

Трывогу пачуў на мосце. Завылі не сірэны — грузавікі недзе на пляцы Волі, каля паліцэйскай управы. Там жа ў снежнае неба шуганулі тры чырвоныя ракеты, відаць, умоўны сігнал патрулям. Алесь зларадна падумаў, што не такая ўжо аператыўнасць і наладжанасць у акупантаў, як яны распісваюць гэта, пускаюць легенды для застрашэння людзей. Мінут дзесяць, калі не больш, прайшло ад яго стрэлу да іх трывогі, для такога здарэння, у такім месцы, дзе крыкнулі па-нямецку, — яўна замнога. Адразу за мостам ён збочыў улева ў цёмны бязлюдны завулак.

Вольга карміла на кухні дзіця і сустрэла Алеся не надта ветліва — сказала нібыта жартам, але з яўным папрокам: