Выбрать главу

— Як?

— З пісталета.

— З таго?

— З гэтага, — ён дастаў з кішэні пінжака пісталет, высунуў яго з-пад коўдры і другой рукой пяшчотна пагладзіў дула.

Вольга пачула пах пораху ад нядаўняга стрэлу і канчаткова пераканалася, што гэта не сон, не жарт, што гэта праўда.

— Божачка мой! Што ты нарабіў! Што ты нарабіў?! — пачала адступаць ад яго баязліва, як па мінным полі ці па гарачым вуголлі.

А ён раптам скінуў коўдру, засунуў пісталет назад у кішэню, сказаў амаль на поўны голас:

— Зразумей… я не мог інакш… Цяпер я пачуў сябе чалавекам… байцом… Я забіў ворага… А гэта… так, з непрывычкі, — кіўнуў ён на ложак, маючы на ўвазе ліхаманку, якую быццам пакінуў там, пад коўдрай.

Вольга адступіла да дзвярэй, не спускаючы з яго шырока расплюшчаных вачэй, глядзела з жахам і разам з тым са здзіўленнем, бо ніколі раней не верыла, што гэты інтэлігентны, далікатны хлопчык здатны на такое, адно — словы, якія ён гаварыў, да слоў любых яна ставілася з недаверам, зусім іншае — справа, учынак. Яна адступала, уражаная і спалоханая, а Светка прытупала да Алеся, працягнула ручкі, просячы ўзяць яе. Вольга кінулася да дачкі, схапіла на рукі, як бы ратуючы ад яго, прыціснула да сябе так, што малая спалохана заплакала.

— Дзіцятачка маё любенькае! Што ж гэта на нашы галовы валіцца? Якую бяду ён нам кліча? Божачка мой! Што ты за чалавек? Што ты за чалавек?

Яна выйшла ў залу, хадзіла там вакол стала, гушкаючы малую, супакойвала, але трывога, страх, пэўна, перадаліся і дзіцяці — Светка ажно заходзілася ў плачы. У прыцемках Вольга наскочыла на крэсла, яно перакулілася, загрымела.

Алесь вынес у залу лямпу, павесіў над сталом. Ён зусім супакоіўся і амаль радаваўся, што перамог і такога ворага, як нервовы шок, з’явіліся ўпэўненасць, сіла і такая ж рашучасць, якая была колькі гадзін назад, калі, узброены, ён выходзіў з дому.

Відаць, Вольга адчула гэтую яго ўпэўненасць, бо спытала:

— Што ж нам рабіць цяпер?

— Ды не бойся ты. Калі там не схапілі, дык цяпер няма чаго баяцца.

— Дурань ты, дурань! — вылаяла, але не злосна, не груба, цяпер у лаянцы была і пэўная павага. — Што ты разумееш? У іх сабакі, у іх сышчыкі. Ты не ведаеш, як яны шукаюць! Ды яны па следзе пад зямлёй знойдуць.

— Каб яны ішлі па следзе, то схапілі б адразу. Я па Савецкай ішоў, міма кіно, там даўно мой след затапталі.

— Многа ты ведаеш! Нічога ты не ведаеш! Ды сабакі праз тыдзень па следзе ідуць. I ў сышчыкаў нюх, што ў сабак, — і раптам злосна патрабавала: — Дай пісталет, я выкіну яго к чортавай мацеры! Знайшла цацку, дурная баба, ды яшчэ і вар’яту такому сказала… З чым гуляць надумаў! Дай сюды!

— Я сам.

Сцяміў: калі схавае яна, пісталета больш не знайсці, а расстацца са зброяй цяпер, калі зроблены пачатак, ён не мог.

Хутка пайшоў да дзвярэй. Вольга не спыніла, хоць выходзіў ён без паліто, без шапкі.

Ішоў снег. Гэта яшчэ больш супакоіла, хоць след у горадзе — не тое што след у лесе, але няхай будзе засыпаны і гэты ўяўны след.

Пісталет трэба было схаваць не ад гестапа — ад Вольгі, бо найлепшы Шэрлак Холмс яна, гаспадыня. Таму ён доўга таптаўся пад паветкай, на дрывотні, у хлеўчуку, дзе Ляновічы некалі трымалі свіней, прыкідваў, дзе лепей схаваць. Засунуў быў у дровы. Не, ненадзейна, не толькі Вользе, любому старонняму кінецца ў вочы, што даўно, увосень яшчэ, складзеныя дровы парушаны. Закапаць у хляве? Але без святла не замаскіраваць раскапаны гной! Снег! Зноў надзея на снег, ён можа засыпаць і след схованкі.

Загарнуў пісталет у анучу, сунуў у сумёт пад плотам, не саступаючы са сцежкі, успомніўшы, дзе хавала Вольга, паверыў у парадаксальны прынцып: чым бліжэй схавана, тым цяжэй знайсці. Стала холадна ў спіну, і ён падумаў, што захварэць цяпер недарэчна, і паспяшаўся ў дом.

Вольга, апранутая як ісці на рынак — у паліто, цёплай хустцы, у валёнках, з лямпай у руках хадзіла па доме, як бы шукаючы нешта вельмі патрэбнае, без чаго нелыа пайсці на вуліцу ці нават больш — ад чаго залежалі бяспека, жыццё. А на канапе ў куточку сядзела захутаная Светка. Дзіця маўчала і не па-дзіцячаму спалоханымі вачамі сачыла за маці ці, можа, за святлом, бо, калі Вольга зайшла ў яго, Алесеў, пакой, малая неспакойна заварушылася, заплакала.

Алесь не здзівіўся, што Вольга сабралася некуды пайсці, неаднойчы хадзіла ўвечары да суседзяў. Уразіла, што яна хоча ўзяць дзіця. Куды? Навошта?

Вольга выйшла з пакоя, цыкнула на малую:

— Сціхні!

Падняўшы лямпу, агледзела сцены, абвешаныя фотакартачкамі бацькоў, братоў, сваякоў, яе ўласнымі, дзявочымі, школьнымі.

Алесь зразумеў, што нічога яна не шукае — проста развітваецца з домам. I ўсё яшчэ не верыў, што яна можа так лёгка пакінуць нажытае дабро. З-за чаго?