— Куды ты сабралася? — яму хацелася гаварыць гучна, спакойна, але міжволі атрымаўся шэпт, ад якога самому зрабілася брыдка.
— Пайду да брата.
— Цяпер? Не трэба, Воля, — папрасіў ласкава. — Падумай, што ты робіш? Цябе затрымаюць, пачнуць дапытваць… Ды і брат… што ты скажаш там?..
— А што рабіць? Што? Скажы мне, разумнік! — зашыпела яна, падступаючы да яго з лямпай у руцэ. — Прывёў у дом бяду, а цяпер скуголіш: не трэ-э-ба, Во-о-ля, — яна злосна перадражніла.
Адступаючы ад яе, Алесь прытуліўся плячамі да гарачай грубкі, цеплыня скаланула, як токам ударыла, але тут жа разлілася па целе дзівосным бальзамам, які расслабіў да поўнага знясілення: хлопец раптам адчуў, як страшэнна стаміўся, як моцна змерзла спіна, і грубка здалася адзіным ратункам ад любой навалы, ад любой хваробы. Гэтак вось хораша, утульна, у бяспецы ён адчуў сябе тады, калі яна, гэтая жанчына, прывяла яго ў свой дом, па сутнасці, напаўжывога ўжо, напаіла, накарміла і палажыла на гарачым лежаку, каб выграўся пасля лагера. Дзякуючы ёй ён уведаў не параўнальную ні з чым радасць першай помсты. Але цяпер ён не мае ніякага права ставіць пад удар сваю ўратавальніцу і асабліва дзіця.
— Прасцей пайсці мне, — сказаў ён і, памаўчаўшы, паабяцаў: — Я зараз пайду, не бойся. Лічы, што я не вяртаўся, як пайшоў удзень…
Але адарвацца ад грубкі не здолеў.
Пасля лагера, пасля хваробы нават у цёпла апранутага ў яго вось так застывала спіна, і ён баяўся холаду.
Вольга адразу сцішылася, адступіла, павесіла лямпу, села на канапу побач з дачкой і шырока расплюшчанымі вачамі, у якіх былі і страх, і здзіўленне, і недаўменне, і новае, незразумелае ёй самой пачуццё, глядзела на яго. Скаланула думка, што перад ёй зусім іншы чалавек, не той слабы хлапчына, які так доўга, як кажуць, дыхаў на ладан, якога яна ледзь вылечыла. Яна не заўважыла яго стомленасці, з якой пачынаецца абыякавасць. Уразіў яго спакой. Забіў чалавека, няхай сабе і немца, пакалаціўся трохі (гэта яна разумела) і цяпер стаіць, быццам нічога не здарылася, і грэе спіну…
Ніхто яе ніколі не называў баязліўкай, усе лічаць адчайнай — пад бомбы лезла з-за скрынкі макаронаў ці анучкі нейкай. I немцаў не баялася. Як яна з імі размаўляла пры першай жа сустрэчы! Чырвонаармейца не пабаялася ўзяць у дом. Хіба не рызыкавала? Да ўсіх жахаў вайны, здаецца, прывыкла, і хоць сэрца неаднойчы ледзянела ў бяссонныя ночы ад страшных думак, яна ніколі не траціла розуму, развагі. А тут, калі пачула, што Алесь забіў афіцэра, у галаву зацямненне найшло, і страціла яна ўсю сваю разважлівасць, практычнасць, хітрасць. Асабліва запанікавала, калі ён пайшоў хаваць пісталет. Кідалася па доме, апранулася сама, захутала дачку, хоць зусім не падумала, куды яна можа пайсці. Пра брата сказала проста так, абы нешта сказаць: ісці да Казіміра не думала і, безумоўна, не пайшла б. Апошнім часам адносіны іх яшчэ больш сапсаваліся — калі Казімір праявіў «клопат» пра яе: даведаўшыся, што сястра ўзяла палоннага, прыйшоў і груба патрабаваў, карыстаючыся правам старэйшага, каб яна выкінула чырвонаармейца, завезла ў бальніцу — ён, Алесь, у той час ляжаў у гарачцы. Вольга пасварылася з братам, выгнала яго з дому, бо нікому не дазваляла камандаваць сабой, і з таго часу яны не сустракаліся, хоць васьмігадовы пляменнік разы два наведваўся: безумоўна, бацькі прысылалі ў разведку.
Вольгу сапраўды ашаламіла і бадай абурыла, што Алесь гэтак спакойна грэецца ля грубкі. Але разам з тым яго спакой утаймаваў яе паніку, цяпер яна ўжо, напэўна, ведала, што нікуды не пойдзе са свайго дома. Аднак за ўсё, што перажыла, што паказала перад ім свой страх, захацела адплаціць яму хоць як-небудзь. Сказала амаль зларадна:
— Што вы зробіце, такія, як ты? Смерць сабе знойдзеце? Немцы ў Маскву ўступілі.
— Няпраўда! Хлусня гэта! — ён амаль закрычаў, адступіўшы ад грубкі. — Не слухай фашысцкай брахні! Колькі разоў яны абвяшчалі!..
— Не, праўда! — упарта даводзша Вольга і прыдумала ў доказ тое, чаго не чула ні з нямецкіх рэпрадуктараў, ні ад шаптуноў базарных: — Маскоўскае радыё змоўкла.
Алесь на міг спалохана асекся, як бы захлынуўся. Але занадта цвёрдая была яго вера, і ён зноў запярэчыў:
— Фашысцкая хлусня! Ад каго ты чула? Ты сама слухала яго, радыё? Станцыю маглі разбамбіць. Але Масквы… Масквы ім не ўзяць! Зразумей ты! У Маскве — Сталін! — для яго ў той час гэта быў самы пераканаўчы аргумент, іншыя, больш мнагаслоўныя, ён даводзіў ёй неаднойчы.
— Сабою твой Сталін заслоніць Маскву…
— Не смей! За Сталіным — народ! Уся краіна.