Бароўскія ўсёй сям’ёй сядзелі вакол стала і… гулялі ў карты, у дурня. Сам стары, Лена і хлопцы, Косця і дванаццацігадовы Андрэй. Тут жа сядзела іх маці, Мар’я Паўлаўна, і, начапіўшы акуляры, латала нейкую світку.
На стале гарэла газнічка, выгарала даволі смярдзючае масла, нейкі нямецкі сурагат.
Убачыўшы нечаканую госцю, прыкметную трывогу выявілі Лена і маці, Лена ажно паднялася насустрач і ўсім выглядам сваім маўкліва пыталася: што здарылася? Такімі ж шырока расплюшчанымі вачамі глядзела і Мар’я Паўлаўна, рука яе з іголкай застыла ў паветры.
Вольга супакоіла іх:
— Зайшла праведаць: як вы тут? Даўно вас не бачыла. Удзень — няма калі, а ўвечары — баімося вылазіць са сваіх нораў.
— Табе чаго баяцца? — нядобразычліва кіўнуў Косця. — З немцамі ты нюхаешся…
— Ну, ты, брат, гасцей так не страчай, — паблажліва ўпікнуў сына стары Бароўскі.
Вольга адзначыла, што наборшчык яшчэ больш ссутуліўся, схуднеў, палысеў, але жвавасці, весялосці не ўбавілася ні ў руках, ні ў словах, ні ў вачах, быццам па-ранейшаму яму жывецца ў дастатку і шчасліва. Хлопец і стары не спынілі нават картачнай гульні. Косця крычаў на ўвесь дом, з прыціскам, з вялікім размахам б’ючы пацёртай, зашмальцаванай картай:
— А я вашага Гітлера лейтэнантам казырным! Во так! А што, здаўся? Аж чолка аблезла. Будзеш ты біты заўсёды, паразіт!
— Косця, не распускай язык! — строга папярэдзіла маці.
А Пятро Іларыёнавіч смяяўся:
— Лена, давай, што ў цябе там ёсць? А то гэтыя чырвоныя казакі ціснуць мяне. Зноў, глядзі, генеральскага ўкінуць.
— А-а, вы хочаце на нас Герынга спусціць, што сабаку з ланцуга! Тожа мне туз! Чыхаў я на такога туза!
— Косця!
— Маўчу, мама. А што, баішся, што Ляновічыха данясе? Андрэйка, спаліш яе дом, калі мяне пасадзяць. А-а, у вас яшчэ васьмёрачка? Паб’ём і яе.
Вольга ўспыхнула, балюча ёй зрабілася ад такой абразы ў сям’і, у якую яе прывялі самыя добрыя пачуцці. Вельмі захацелася ўляпіць гэтаму шчанюку — словамі, прызнаннем, што калі не сама яна, то з яе дапамогай, яе зброяй зрабілі нешта большае, чым робіць ён, бадзяючыся па горадзе. Але прыкусіла язык, надзьмулася.
Лена абурылася:
— Парасё ты, Косця! Вольга — мая лепшая сяброўка.
— Ды ну? — здаецца, шчыра здзівіўся Косця.
— Нарву вушы, Кастусь, — пагразіла маці і, каб загладзіць неяк няёмкасць, уступіла Вользе свой табурэт. — Сядай, Волечка. Не звяртай увагі на гэтага пустамола. Па ім папруга даўно хадзіла. Як табе жывецца, Волечка?
— Ай, цётка, жывецца, як гароху пры дарозе. Вунь што мне Косця кідае. А я чырвонаармейца ад смерці ратавала. А ты што зрабіў, казёл ты бязрогі? — кінула Вольга Косціку, але той не прыняў выкліку, нават за казла не пакрыўдзіўся, хоць гэта была яго школьная мянушка.
— А я табе, даражэнькая сястрычка, во гэтую бубновую пані яшчэ падсуну. А што? Міма? Андрэй, аддай ім сваю сямёрку. Няхай радуюцца.
— Ну і бандыты ж! — круціў лысай галавой і смяяўся Бароўскі. — Дзе толькі, чэрці, так насабачыліся? Сёмы раз у дурнях пакідаюць.
— Да дзесяці дагонім — палезеце пад стол.
— Так я табе і палезу. Разяўляй рот, — сказала Лена.
— А ўгавор? — закрычаў малы Андрэй. — Як дамаўляліся?
Вольга расшпіліла паліто, скінула з галавы хустку. Нягледзячы на абразу, яе раптам апанавалі весялосць і карцёжны азарт: забыцца ў гульні на ўсё, як, напэўна, забываюцца Бароўскія.
— Ану, дай, Лена, я партыю скіну. Пакажу гэтым хліпкачам, як трэба гуляць.
— Ух ты, якая сіла! — прытворна жахнуўся Косця. — Сам фельдмаршал Бош, каторы вош.
Гуляла Вольга ў падкіднога добра, як, дарэчы, і маці яе: лепшых камароўскіх карцёжнікаў некалі ў дурнях пакідалі.
Першыя ж хады прымусілі Косцю задумацца; ён перастаў балбатаць. засвістаў мелодыю «По долинам и по взгорьям…».
Лена стала за спіной у бацькі і падказвала яму хады. Косця, адчуўшы пагрозу, узлаваўся.
— Андрэй, не паказвай ёй карты. А ты яшчэ раз падкажаш — прышчамлю дзвярамі нос, — пагразіў ён сястры.
Пэўна, каб вярнуць ранейшую весялосць, Пятро Іларыёнавіч нагадаў:
— Ды, кажаш, Косця, прыходзь увечары?..
— Але, — засмяяўся Косця, і следам за ім засмяяліся ўсе Бароўскія, нават маці, якая перасела на канапу і, робячы выгляд, што нашывае латку на рукаў світкі, у сапраўднасці пранікліва разглядала Вольгу, быццам хацела па твары яе, па вачах, па тым, як яна гуляе, як смяецца, разгадаць яе думкі таемныя, яе сутнасць; Вольгу гэтае разглядванне трохі бянтэжыла.
Стары растлумачыў ёй, з чаго яны смяюцца.
— Сёння Косця гуляў па Някрасава і пачуў, як адна цётка цераз вуліцу крычала другой: «Насця, прыходзь увечары да нас, Антона ў партызаны будзем праводзіць!»