Выбрать главу

— Я ажно сеў пад плотам, — засмяяўся Косця. — Думаў: спектакль чую. Не, сур’ёзна. «Добра, кажа, прыйду». — «I старога вядзі. Шклянкі прыхапіце, а то ў нас не хопіць на ўсіх».

— Як табе падабаецца? — спытаў Бароўскі ў Вольгі са смяшынкамі ў вачах, але сур’ёзна і дапытліва, зазіраючы ў вочы, можа, праз тое, што Вольгу гэтая прыгода не рассмяшыла так, як усіх іх.

— Дурная баба, — асудзіла незнаёмую Мар’я Паўлаўна.

Стары павярнуўся да яе, запярэчыў:

— Дурная, кажаш? Ой не, маці. Людзі жывуць па сваіх законах. Неасцярожная — то гэта праўда.

Сказаў ён пра неасцярожнасць — і Вольга адразу ж падумала пра Алеся, пра яго неасцярожнасць, і сэрца трывожна сціснулася. Навошта Бароўскія расказваюць ёй, што нейкі Антон збіраецца ў партызаны, ды яшчэ выстаўляюць, як напаказ, сваю весялосць? Не вельмі яна паверыць, што ім так весела з-з гэтага выпадку, такі манюка, як Косця, мог і схлусіць, сам можа выдумаць што хочаш.

Вольга і стары далі хлопцам «дурня». Па ўмове хлопцы павінны былі за першага «дурня» атрымаць пстрычкі па носе. Андрэй спрабаваў аспрэчыць законнасць экзекуцыі: гуляла не Лена, а Вольга. Але Косця згадзіўся, што раз яны прынялі такую замену, то мусяць трываць, нічога не зробіш.

Пстрычкі давала Лена. Андрэйку яна пашкадавала і пстрыкнула лёгенька, для выгляду, а Косціку ўляпіла такога «жолуда», што ў таго пырснулі з вачэй слёзы і пачалося чыханне.

— Ну, зараза, і б’еш, не пальцы, а рагатка. А я цябе называю сваёй любімай сястрой.

Стары Бароўскі адваліўся на спінку крэсла, закінуў назад галаву і заліваўся смехам, як дзіця. Цяпер ужо і Вольга паверыла, што смяецца ён шчыра, і ёй таксама зрабілася смешна, хораша, утульна ў гэтай сям’і, яна пашкадавала, што з пачатку вайны амаль ніколі не гасціла ў Бароўскіх вось так, па-суседску; заглядвала разоў колькі на кароткі час. Мар’я Паўлаўна любоўна глядзела, як смяюцца муж, дачка, і дакорліва ківала галавой, як бы кажучы: якія вы ўсе яшчэ дзеці!

Гулялі другую партыю. Косця зрабіўся засяроджаны, маўклівы, не балбатаў больш, толькі свістаў, таму даваў астатнім магчымасць пагаварыць.

Мар’я Паўлаўна спытала:

— Як там твой нябога, акрыяў трохі?

— Гуляе ўжо. У горад хадзіў. Да людзей ірвецца, працу хоча шукаць. А я кажу яму: навошта табе працаваць на немцаў? Памагай мне.

Косця хмыкнуў:

— Адкрый гандлёвую фірму «Вольга Ляновіч і кампанія…».

— Косця, палучыш па губах, — асек хлопца бацька.

Вольга не пакрыўдзілася.

— А што ты думаеш? I адкрыю. Хочаш, у кампанію вазьму?

— Капіталаў не маю.

— Зазывалам будзеш. Крыкуном.

— А што, з’еў, сын? — засмяяўся Пятро Іларыёнавіч.

А маці, пэўна, не падабалася, што Вольга такой думкі пра яе сына — жартаваць жартуй, але ведай меру, таму адплаціла ёй:

— Не баішся, што Адась, калі вернецца, прыраўнуе? Людзі могуць нагаварыць, чаго і не было.

— А ўсё было, цётка, — і сама здзівілася з такога нечаканага прызнання, але была задаволеная сабой, сваёй рашучасцю і пасміхалася, як збянтэжыла Бароўскіх. Дадала: — I будзе.

Лена дык ажно застыла з картамі ў руках, без таго шырокія вочы на худым твары зрабіліся па яблыку. А маці жахнулася: глядзела на яе, як на злачынцу.

«Што, з’ела?» — падумала Вольга словамі Бароўскага.

— Вой, Волечка! — і міргнула, паказваючы на хлопцаў: не трэба пры іх.

Але нават Косця, заняты гульнёй, не дапяў, што да чаго.

— Ды я ўжо нічога не баюся!

Бароўскі паглядзеў на яе без ухмылкі на твары, нават у вачах яго не было ніводнай смяшынкі — толькі цікаўнасць.

— Праўда, такой смелай стала?

— А што мне!

— Смеласць, Вольга, павінна быць разумная.

— А хто ведае, дзе яна разумная, а дзе дурная. Хіба пра яе думаеш загадзя? Яна, як і страх, прыходзіць, калі не думаеш, не чакаеш. Заказаць жа яе няможна, смеласці. Ніхто яе не шые, ніхто не прадзе.

— А ты ўсё хочаш купіць? — не стрываў Косця — шпігануў. — На. Пабі Чэрчыля. Ага, не можаш? Чаму? Саюзнік! Антона праводзім… Ведаеш куды? То-та. Андрэй! Заходзь з левага фланга! Так, малайчына! Вораг акружаны. Ура! Апошні рашаючы ўдар. Хэндэ хох! З’елі? Лезьце пад стол усе трое.

Косця па-дзіцячаму радаваўся перамозе.

А Вольга пагаварыла пра смеласць, пра страх, і ён тут жа з’явіўся, страх, ударыў у сэрца: яна гуляе ў карты, весяліцца, а там, можа, дзіця забралі, такі смех не на дабро. Падхапілася.

— Пабягу. А то яшчэ на патруля наскочу. Света карадзілася, не засынала. Пакінула Сашу калыхаць… Прыдбала сабе няньку, — пасміхнулася, знарок нагадваючы сваё прызнанне.