Лена накінула на плечы клятчастую хустку-плед і выйшла яе праводзіць. На вуліцы, пераканаўшыся, што навокал ні душы, спытала:
— Ты нешта хацела сказаць, Волька, па вачах тваіх бачыла?
— Я? Усё, што хацела, сказала.
— I спытаць нічога не маеш? — ужо зусім таямніча зашаптала Лена.
— А што?
— Ёсць такая навіна!
— У цябе? — усумнілася Вольга.
— Гітлеру далі па мордзе.
— Хто?
— Нашы. Пад Масквой. Гоняць яго, гада, назад.
Вольга засмяялася голасна, на ўсю вуліцу, Лену ажно спалохаў яе смех: вельмі радасная навіна, але каб так смяяцца, пачуўшы яе…
— Патруля наклічаш.
— А я падумала — папраўдзе хтось пляснуў па яго брыдкіх вусах, — закрыўшы рот хусткай, смяялася Вольга, сама разумеючы, што гэта нервовы смех ад душэўнага напружання. Раптам усё, што адбылося за дзень, звязалася ў адзін вузел: нямецкія гучнагаварыцелі на рынку, Алесеў стрэл, незвычайная для такога часу весялосць Бароўскіх. Цяпер зразумела, чаму яны такія вясёлыя!
— Дурная, гэта ў тысячу разоў важней. Армію яго пагналі, — гарачым шэптам даводзіла Лена. — Заўтра прынясу паведамленне Саўінфармбюро, хлопцы прынялі тваім прыёмнікам.
Вольга абняла Лену, упершыню з пачатку вайны прымаючы яе як найлепшую сяброўку: ад замілавання і пяшчоты хацелася заплакаць, спазмы сціснулі горла. I захацелася з такой жа шчырасцю пра ўсё расказаць ёй. Але стрымалася. Пацалавала Лену тройчы, горача, шчыра, потым жартаўліва адпіхнула і пабегла са спрытам падлетка. Бегае як апантаная, палохаючы людзей за зачыненымі аканіцамі грукатам ботаў па ўтаптаным снезе, па абледзянелым дашчаным тратуары, які галасіў і страляў. Бегла са страхам — ці не здарылася чаго дома? — і з радасцю, што нясе яму, Алесю, любаму вар’яту, такую радасць у такі дзень. Хацела верыць, што ўдачы, як і няшчасці, ходзяць разам.
VII
Алесь так не хваляваўся, калі на гітлераўца паляваў, як хваляваўся, ідучы на явачную кватэру. Там быў проста экзамен. Ён трымаў яго перад самім сабой. А тут павінен з’явіцца перад найвышэйшай камісіяй, якой належала вырашыць, ці вытрымаў ён той і ўсе іншыя экзамены. Быць ці не быць? Прымуць ці не?
Мог бы думаць: ужо сам факт, што яго паклікалі на явачную кватэру, дзе, безумоўна, будуць кіраўнікі падполля, сведчыць аб тым, што яго прызналі, яму вераць. Але так думаць ён не мог, не той характар, усё жыццё ён сумняваўся ў сваёй сіле, у сваіх ведах, здольнасці, таленце і лічыў, што мала калі яму шанцавала, рэдка калі ўсё рабілася адразу так, як ён хацеў, як марыў.
Адно ён умеў — пераўвасобіцца. I ён паставіў сябе на месца кіраўніка падпольнай групы. Патрабаванні да тых, каго ён браў бы ў сваю групу, у яго былі вельмі высокія. Нават наконт самога сябе ён сур’ёзна задумаўся б — ці падыходзіць? Адна якасць у яго бясспрэчная — жаданне змагацца, помсціць ворагу. Але гэтае жаданне трэба даказаць, любыя словы, запэўніванні і клятвы пры рашэнні такога пытання, як залічэнне ў падпольную групу, нічога не значаць, словам у такі час і ў такіх умовах нельга верыць. Патрэбны справы, толькі справы. А колькі ў яго спраў? Прыёмнік. Забойства фашыста. Перадача прыёмніка — невялікая яго заслуга, хутчэй за ўсё, што Вользе самой хацелася пазбавіцца ад такой рэчы, якую нельга прадаць і за якую акупанты маглі пакараць. Але заданне гэтае ён атрымаў ад Лены і, можна лічыць, выканаў. А фашыст… Усё адбылося так, што цяпер, праз колькі дзён, яму самому здаецца малаверагодным такі ўчынак, і, будучы кіраўніком, ён асабіста наўрад ці паверыў бы ў такое забойства. Паверылі жанчыны. Вольга — ад страху, убачыўшы, як яго калоціць нервовая ліхаманка. Лена… Чаму адразу паверыла Лена? З-за сваёй душэўнай дабраты і жаночай даверлівасці? Лена адна бачыла, з якога пекла яны яго выхапілі, яна і Вольга. Лена верыць і яго словам, і яго гневу, яго нянавісці і яго радасці… Пазаўчора яны разам плакалі, калі Лена прынесла паведамленне Саўінфармбюро аб разгроме немцаў пад Масквой. Ён, мужчына, не саромеўся такіх слёз. I ў парыве ўдзячнасці расказаў Лене пра свой маленькі подзвіг.
Вольга, калі вярнулася ад Бароўскіх, сказала пра разгром немцаў не адразу і як бы між іншым, словамі Лены з дадаткам няпэўнасці: «Кажуць, Гітлеру далі па мордзе пад Масквой». I таму ў той вечар ён не мог парадавацца па-сапраўднаму. Вольга больш падрабязна расказвала пра Бароўскіх — як галодная сям’я весела гуляе ў карты. Асудзіла іх па-свойму, па-гандлярску: «Галадранцы заўсёды вясёлыя. Што ім траціць?»
Алесь не помніў, што адказаў на гэта — нешта нейтральнае, прымірэнчае, бо ні Бароўскія і ні перамога пад Масквой, пра якую так няпэўна сказала Вольга, не завалодалі яго думкамі. Можа, іх увогуле не было, думак, у той час, бо была страшэнная, проста-такі смяртэльная стомленасць. Ён спаў, закалыхаўшы малую, прачнуўся, калі вярнулася Вольга, і слухаў яе няўцямна. Вось такі ён герой. Цяпер пра той вечар, пра ліхаманку сваю і санлівасць непрыемна было ўспамінаць.