Прабіраючыся па засыпанай снегам (другі дзень мяла завіруха) вуліцы Пушкінскага пасёлка, Алесь, думаючы аб галоўным — аб уступленні ў арганізацыю, не мог не думаць пра свае складаныя адносіны з Вольгай, пра свае не менш складаныя пачуцці. Пасля ўсяго, што адбылося з ім, мімаволі пачаў задумвацца над тым, што людзі называюць лёсам, у які ён раней не верыў, лічыў папоўскай выдумкай, упэўнены, што чалавек сам гаспадар свайго жыцця. Сапраўды, з Ленай у іх адны ідэалы, адны погляды. А няўмольныя абставіны, якія, выходзіць, мацней за яго волю, за ўсе ідэалы, звязалі яго з Вольгай. I гэта не якая-небудзь пошлая сувязь. Няма сумнення, што жанчына кахае яго. Дзеля яго перамагае страх, інакш даўно магла б выгнаць такога кватаранта. Хіба ж можна застацца абыякавым да яе пачуцця? Але ў імя вялікай справы ён павінен разарваць адносіны з ёй. Пайсці ад яе. I цяпер для яго гэта, можа, самае цяжкае выпрабаванне. Самы цяжкі экзамен. Аднак калі там скажуць, што так трэба, ён, напэўна, ужо не вернецца больш у цёплы, утульны дом на Камароўцы.
Ад думак такіх было не весела, рабілася холадна, стыла спіна пад густой воўнай старога кажуха нябожчыка Ляновіча. Спрабаваў настроіць сябе супроць Вольгі. Як можна яму, камсамольцу, кахаць такую жанчыну, якой многае з таго, што для яго з’яўляецца святым, — чужое і далёкае? Але тут жа думаў, што не так усё проста, што Вольга, разважаючы апалітычна, у той жа час зрабіла нямала карыснага, не скажаш, што яна — не савецкі чалавек. Не з варожага асяроддзя, дачка рабочага. Дык ці мае ён права кідаць яе на раздарожжы? Ці не абразіць яго ўчынак яе пачуцці? Ці не перакінецца яе абурэнне супроць яго на тое, за што яны змагаюцца? За кім тады яна можа пайсці? За паліцаем Друцькам? Думаць так было балюча, пакутліва разрывалася душа на часткі. Добра было б пра ўсё расказаць кіраўніку, на сустрэчу з якім ідзе. Не сумняваўся, што гэта адзін з партыйных работнікаў, сталы і мудры чалавек. Але адчуваў, што юнацкая цнатлівасць не дазволіць яму расказаць праўду пра свае адносіны з Вольгай. Што падумае пра яго кіраўнік? Спакусіў жонку байца Чырвонай Арміі, франтавіка… Вось і залічвай такога ў падпольную групу, даручай яму адказныя баявыя заданні…
Недаверу да сябе ён баяўся больш за ўсё. А яшчэ баяўся, каб не прыцягнуць за сабой на явачную кватэру «хвост». Доўга блукаў па вуліцах, азіраючыся на вуглах, ці не ідзе хто за ім. Насцярожвала бязлюднасць. На асобных вуліцах пратаптаныя раней сцежкі так замяло снегам, што яму прыйшлося першаму пракладваць след. Гэты ўласны след палохаў: след аднаго чалавека заўсёды прыцягвае ўвагу. Пасля ён пераканаўся, што блукаў дарэмна, думаючы, што явачная кватэра павінна быць на глухой вуліцы.
На вуліцы, якую ён шукаў, пратоптана была не толькі сцежка, але і дарога — прайшлі машыны. I нямала хадзіла людзей, прысутнасць якіх неяк адразу супакоіла, быццам яны, гэтыя людзі, засланілі яго ад варожых вачэй. Нават нямецкія салдаты не спалохалі, наадварот, узбадзёрылі: ворагі былі побач і самі затоптвалі яго след. Тут не было на каго азірацца. Усё вельмі проста. Месца выбіралі вопытныя людзі.
Кватэра знаходзілася ў двухпавярховым драўляным доме. Па рыпучай лесвіцы Алесь падняўся на другі паверх. У дзвярах быў механічны званок, аднак Алесь чамусьці не адважыўся круцянуць яго — пастукаў у філёнку костачкамі застылых пальцаў. Яму адчыніла жанчына няпэўнага ўзросту, перавязаная па грудзях цёплай хусткай.
— Я — ад Лены, — сказаў ён, бо так сказала яму Лена, трохі расчараваўшы: яму, рамантыку, хацелася адмысловага пароля, і раптам — так проста.
У жанчыны таксама не было парольных слоў, звычайныя, ветлівыя:
— Праходзьце, калі ласка.
Але ў цесны калідорчык выглянула з дзвярэй пакоя сама Лена Бароўская, нязвыкла адзетая па-святочнаму — у ярка-зялёнай кофтачцы. Яна ветліва ўсміхнулася, прымаючы з яго рук шапку.
— Распранайся, Саша. Сёння тут цёпла.
Пакой, у які ён увайшоў за Ленай, здзівіў урачыстасцю, хоць нічога асаблівага ў ім не было. Урачыстасць пакою надавала снежнае святло, што лілося праз шырокае акно, небагатая, але чыстая гардзіна, вясёлыя — з васількамі на залацістым фоне — шпалеры. Магчыма, уражанне святочнасці і ўрачысгасці было яшчэ ад таго, што ў пакоі не было нічога лішняга, не тое што ў Вользіным доме, дзе ўсяго нагрувашчана. Акуратна засланы нікеляваны ложак, невялікі буфет, кніжная паліца, з якой большасць кніг прыбрана, што выдавалі шпалеры, не выцвілыя там, дзе стаялі кнігі. На сцяне вісела рэпрадукцыя карціны Шышкіна «Раніца ў сасновым лесе», другая карціна была знята, і цвік вырваны, але здрадлівыя шпалеры пра ўсё расказвалі. Алесь падумаў, што тут мог вісець партрэт Леніна. Якраз жа такі па памеры партрэт вісеў у іх доме. I ўвогуле ўсё тут нагадвала пакой яго маці, дзе заўсёды быў вось такі настаўніцкі парадак. Ад гэтага балюча сціснулася сэрца.