Не адразу сцяміў, што найбольшую ўрачыстасць пакою надаваў стол, белы абрус, невялікі бліскучы самавар, фарфоравыя кубкі і ў плеценай хлебніцы — тонка нарэзаныя лусты чорнага хлеба, які выдаваўся па нямецкіх картачках. Цукру не было. I закускі ніякай. Алесь прыгадаў, што раніцой Вольга карміла яго бульбай з салам, і яму зрабілася ніякавата перад гэтымі людзьмі.
За сгалом, спіной да дзвярэй, сядзеў чалавек у чыгуначнай форме і смачна піў чай, ажно прыцмокваў. Ён не азірнуўся, калі Алесь увайшоў, не паказаў цікавасці. Другі — знаёмы, той весяльчак Яўсей, што прыязджаў забраць прыёмнік, — ветліва ўсміхнуўся Алесю, як добраму знаёмаму. Алесь пайшоў да яго і паціснуў працягнутую руку. I ў той жа міг застыў, здзіўлены: на другім баку вуліцы размяшчалася вайсковая часць, стаялі машыны, чысцілі тэхніку і сцежкі салдаты. Усё было відаць як на далоні.
Убачыўшы, як Алесь глядзіць у акно, Яўсей засмяяўся:
— Добрую ахову маем. Праўда? Механізаваны полк.
— Рызыкант, — сказаў чалавек за сталом.
Алесь павярнуўся да яго. Чалавек быў немалады, гадоў пад пяцьдзесят, дні тры не галіўся, ад гэтага выглядаў суровым, панурым, таму неяк не пасаваўся да навакольнай урачыстасці, да стала, да тонкага кубка, які ён заціснуў у далоні вялікіх, прапітаных машынным маслам рук. Было боязна, што ён раструшчыць кубак.
Алеся трохі пакрыўдзіла, што чыгуначнік нават галавой не кіўнуў у знак прывітання, хоць разглядаў яго пранікліва, нахмурыўшы кашлатыя сівыя бровы.
Увайшла, мабыць з кухні, жанчына, якая адчыніла яму. Ветліва запрасіла:
— Сядайце, Саша, піць чай. Самавар гарачы. Маё імя Яніна. Яніна Восіпаўна. А гэта мой брат, — паказала яна на чыгуначніка, — Павел Восіпавіч.
Алесь паглядзеў на іх і падумаў, што не падобныя яны на сястру і брата — па абліччы, па розніцы ў гадах, па характарах. Угледзеўшыся, вызначыў, што гаспадыні не больш чым трыццаць. Яна прыгожа ўсміхалася, залаты зуб, адкрываючыся пры ўсмешцы, бліскаў, што прамень сонца. Яўна — інтэлігентка, а хусткай перавязалася па-сялянску.
Па тым, як Яўсей адзеты — у цеснаваты, чужы лыжны касцюм, як ён ходзіць, мякка, па-кацінаму ступаючы, Алесь зразумеў, што ён таксама не ў гасцях, а жыве тут. Але па нечым, няўлоўным, чаго нельга вызначыць, адчувалася, што поўным гаспадаром Яўсей сябе не адчувае.
Яніна Восіпаўна сказала яму:
— Андрэй Іванавіч, сядай ты, калі ласка. Мала нахадзіўся?
Алесю зрабілася весялей. Ад таго, што Яўсей — неЯўсей. I ад раптоўнага адкрыцця, што Яўсей — Андрэй, бадай, тут на тым жа становішчы, як ён у Вольгі. Значыцца, не адзін ён, але і гэты сталы ўжо чалавек, кіраўнік, вымушаны шукаць такі прытулак. Гэта пэўным чынам радніла іх, ва ўсякім разе, цяпер яму не было сорамна перад гэтымі людзьмі за свае адносіны з Вольгай. Наўрад ці трэба яму адкрываць гэтыя адносіны і, як намерваўся, прасіць у кіраўнікоў дазволу пакінуць сваю цяперашнюю кватэру. Думкі, з якімі ішоў сюды, здаваліся наіўнымі за іх нейкую дзявочую цнатлівасць. Аднак Яніна Восіпаўна — не Вольга. У Андрэя — таварыш па барацьбе. А ў яго?
Яніна Восіпаўна наліла чаю:
— Піце, — і як бы папрасіла прабачэння: — Цукру няма.
— Цукру немцы не даюць, — дадала Лена.
Чай пахнуў бруснічкамі і ліпавай квеценню, такім чаем паіла Вольга, калі ён ляжаў хворы.
Атмасфера застолля падабалася: менавіта так, за чаем, збіраліся рэвалюцыянеры-падпольшчыкі ў царскія часы, пра якіх ён прачытаў бадай усё, што напісана пісьменнікамі і гісторыкамі.
Павел Восіпавіч без усякага ўступу спытаў:
— Ведаў, у каго страляеш?
— У фашыста.
Чыгуначнік стрымана ўсміхнуўся, і ўсмешка адкрыла падобнасць да гаспадыні: але, брат.
— Пацэліў правільна, інструктар следчай групы паліцыі. Вучыў бобікаў, як весці следства па-гітлераўску, — і тут жа ўздыхнуў: — Але за такога гада арыштавалі нашых людзей, хапалі ў той вечар кожнага падазронага.
Алесь зразумеў: усё, што ён расказаў Лене, дэталёва праверана.
— Помсціў за лагер? — а ўсё. За народ.
— Кім да арміі быў?
— Студэнтам. Мяне прызвалі з трэцяга курса. У саракавым.