— Армейская спецыяльнасць якая?
Павел Восіпавіч выдаў сябе: так спытаць мог толькі вайсковец, камандзір, а не просты чыгуначнік.
— Быў наводчыкам у артылерыі, пасля — у дывізійнай газеце. Нас акружылі…
Хацеў расказаць, пры якіх абставінах трапіў у палон, каб кіраўнік падполля нічога кепскага пра яго не падумаў. Але Павел Восіпавіч перапыніў:
— Пішаш?
— Пісаў.
— Што пісаў?
— Ён вершы друкаваў, — сказала Лена.
— Вунь як! — Павел Восіпавіч шчыра здзівіўся і пачаў разглядаць хлопца з большай цікавасцю, потым павярнуўся да Андрэя: — Легалізаваць можам?
— Навошта?
— За паэта яны схапіліся б. Такія кадры ім патрэбныя. Уладзіць бы яго ў камісарыят, у іх аддзел прапаганды.
— Мы яго залічваем у дыверсійную групу. У знішчальнікі, — сказаў Андрэй. — Гатовы тэрарыст.
— Дыверсантаў хопіць. Усе рвуцца страляць. Трэба думаць пра тое, каб заслаць нашых людзей ва ўсе акупацыйныя органы, куды толькі магчыма. Наперад трэба думаць. Далёка наперад.
— Планаваць вайну на пяць гадоў? — іранічна ўсміхнуўся Андрэй.
— На пяць не трэба. Але не думай, што пераможам праз месяц-два. Многа крыві пральецца, хлопцы, ой, многа, — уздыхнуў Павел Восіпавіч. — Давайце больш не будзем закідваць немца шапкамі. Дорага мы за гэта заплацілі.
— Праз месяц Мінск будзе наш! — шэптам, але з вялікай упэўненасцю абвясціў Андрэй.
— Авантурысты вы. хлопцы, яшчэ раз кажу вам. Ты бачыш, колькі іх напхана? — кінуў Павел Восіпавіч на акно. — Набіты ўсе казармы, усе двары.
— Дзед, ідзеш уразрэз… — мякка, але сур’ёзна, пагражальна, без заўсёднай усмешкі сваёй сказаў Андрэй.
— Уразрэз не пайду, рашэнне выканаю… Але арганізавацца, арганізавацца нам трэба спачатку… Во пра што кажу.
— Таварышы, — далікатна папярэдзіла Яніна Восіпаўна, чамусьці паказаўшы вачамі ўгору, на столь.
Кароткая спрэчка гэтая, сутнасць якой Алесь зразумеў пазней, блытала яго ўяўленне, хто ж тут кіраўнік. Здалося нават, што яго блытаюць знарок, за што не пакрыўдзіўся, лічыў, што гэта для канспірацыі неабходна. Дзіўна было б, каб яму адразу, з першай сустрэчы вылажылі ўсе карты на стол: хто кароль, а хто валет.
Пасля папярэджання Яніны Восіпаўны прыгледзеўся, як паважліва мужчыны звяртаюцца да яе, і падумаў, што не апошнюю ролю іграе ў групе яна, жанчына. Але яму не хацелася быць ні пад яе кіраўніцтвам, ні пад кіраўніцтвам яе брата. Яго цягнула да Андрэя, рашучага, смелага, упэўненага. Ён заўсёды любіў такіх людзей, можа, таму, што сам быў ціхмяны, сарамлівы. Баючыся, што Павел Восіпавіч можа настойваць, каб паслаць яго на працу да акупантаў, Алесь, не дачакаўшыся іх рашэння, сказаў:
— Я маральна не гатовы працаваць у гітлераўцаў. Я ненавіджу іх так!
Павел Восіпавіч уздыхнуў, як бы шкадуючы, што яшчэ адзін чалавек не можа зразумець яго. Сказаў бадай жорстка:
— Я ненавіджу іх не менш. Аднак працую. Лепшым работнікам лічуся. У немцаў да мяне поўны давер. А, між іншым, я таксама з лагера. Во, яны памаглі вызваліцца, — кіўнуў ён адразу на траіх — на Лену, Яніну Восіпаўну, Андрэя.
Пасля такога прызнання чалавек гэты адразу зрабіўся самым блізкім тут — таварыш па пакутах. Алесь ужо быў паспеў падумаць: «Не, не можаш ты ненавідзець, як я, бо не перажыў таго, што перажыў я». Цяпер яму зрабілася ніякавата за сваю думку і за тое, што ён неяк адразу паставіўся да сталага чалавека не вельмі прыхільна, як бы скептычна: маўляў, лёгка табе, дзед, разважаць і планаваць вайну, як сказаў Андрэй, на пяць гадоў. Ажно «дзед» — вунь хто. Ці не яго павінна была выкупіць Вольга?
— Прабачце, — сказаў Алесь.
— Завошта? — здзівіўся Павел Восіпавіч.
Андрэй засмяяўся.
— Ну што, дзед? Падабаецца табе хлопец? Я з яго зраблю лепшага дыверсанта. А ты хочаш яго пасяаць нямецкія пракламацыі пісаць.
— Пракламацыі ён пісаў бы нашы, але з веданнем справы… ворага ведаў бы знутры, гэта важна. Дарэчы, пакуль Андрэй дасць табе заданне, напішы вершы пра разгром немцаў пад Масквой. Добра было б сатыру, а не — дык такія, каб людзям спяваць іх хацелася. Мы іх лістоўкай надрукуем. Друкары свае, — ласкава паглядзеў «дзед» на Лену, а пасля — да Андрэя, як бы даводзячы таму думку з даўняй спрэчкі: — Трэба спалучаць, хлопцы, усе формы барацьбы.
Андрэй, безумоўна, згадзіўся з гэтым, бо змаўчаў. Алесь адзначыў, што пра вершы сказана чалавекам адукаваным, інтэлігентным, нават яго сябры-студэнты некалі гаварылі па-руску не «напиши стихи», а «напиши стих», і зноў падумаў, што гэты просты чыгуначнік у зашмальцаванай вопратцы, непаголены, да вайны займаў немалы пост, ды і ў падполлі, безумоўна, не радавы, адно незразумела — яго адносіны з Андрэем. Хто каму падначальваецца? Учарашні армеец Алесь не адразу мог прыняць своеасаблівую партызанскую дэмакратыю.